Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Законьнікаў: "Быкаў ня мог не закрануць сэрцы людзей"


Чытаем Быкава. Паэт Сяргей Законьнікаў чытае урывак з апавяданьня Васіля Быкава “На Чорных лядах”, прысьвечанага героям Слуцкага паўстаньня.


У кожнага беларуса ёсьць свой Быкаў. Пісьменьнік агульначалавечага маштабу, перакладзены на дзясяткі моваў сьвету, ня мог не закрануць сэрцы людзей, сярод якіх жыў і ствараў. Ёсьць і мой Быкаў. Ён не апрануты ў шыкоўны парадны гарнітур клясыка, а стаіць перад маімі вачыма вельмі будзёна, у някідкай сьціплай куртцы, бэрэціку, са сваёй такой юнацкай, крыху сарамлівай, непаўторна быкаўскаю ўсьмешкаю. З мудрымі іскрынкамі разуменьня ў позірку. І ўсё напісанае ім вярэдзіць маю душу непрыгладжанымі, вуглаватымі, шурпатымі радкамі, адгукаецца ў ёй таксама не сьвяточна, а толькі роздумна, трывожна і шчымліва.

Васіль Уладзіміравіч падарыў мне шмат цяпла, ласкі, а яшчэ і сваіх кніг з сардэчнымі, непаўторнымі надпісамі. На кнізе публіцыстыкі "На крыжах" ён пазначыў: "Сяргею Законьнікаву, зь якім разам вісець на крыжах. Такая доля. В.Быкаў". Я ўспамінаю гэтыя словы старэйшага сябра, словы трагічныя. Аднак яны гучаць як найвышэйшая ўзнагарода ад яго, як знак непарыўнай еднасьці нашых душ.

Я прачытаю заключныя радкі апавяданьня Васіля Быкава “На Чорных лядах”, прысьвечанага героям Слуцкага паўстаньня – змаганьня за незалежную Беларусь. Загнаныя, сьціснутыя чырвонаармейскай аблогай, яны вырашылі забіць сябе. Атрымлівалася не па-чалавечы, і не па-боску, але іншага выйсьця не было. Жыць застаўся толькі юны паўстанец, 15-гадовы Валодзька Сулашчык, якому камандзір загадаў закапаць брацкую магілу, каб і сьледу не засталося, каб над імі мёртвымі ніхто ня зьдзекаваўся.



Чытаем Быкава. Увесь чэрвень, кожны дзень, на хвалях Свабоды будуць гучаць быкаўскія радкі. Іх будуць чытаць розныя людзі – і блізкія сябры пісьменьніка.

XS
SM
MD
LG