Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 25 чэрвеня 2008 году


У сваіх лістах на “Свабоду” нашы слухачы ў гэтыя чэрвеньскія дні пішуць пра свае штодзённыя клопаты, паведамляюць навіны, дзеляцца назіраньнямі і ўражаньнямі.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Аляксандра Каржа з Гомеля. Слухач распавядае пра жыцьцё і побыт людзей у рабочым інтэрнаце папяровай фабрыкі невялікага беларускага горада Добруша. Ня так даўно на будынку інтэрната зьявіўся плякат з выявай задаволеных падлеткаў і надпісам: “Шчасьлівыя дзеці. Што можа быць лепш?...” Слухач запрашае зазірнуць у інтэрнат і спраўдзіць, наколькі зьмест пляката адпавядае інтэрнацкім рэаліям. Цытую ліст:

“На некалькі дзесяткаў сем’яў, якія жывуць у інтэрнаце, прадугледжаны такія, так бы мовіць, “выгоды”, як агульныя кухні, агульныя прыбіральні, адсутнасьць гарачай вады і немагчымасьць прыняць штодзённы душ. Ня кажучы ўжо пра тэлефон альбо доступ да інтэрнэту. На радасьць “шчасьлівым дзецям” ды іхным бацькам зусім нядаўна пабудавана гарадзкая грамадзкая лазьня — усяго за паўкілямэтра ад інтэрната. З другога ж боку ад гэтага будынка разьмясьціўся Цэнтар дзіцячай творчасьці. Але ад яго тэрыторыі чыноўнікі адрэзалі ладны кавалак зямлі пад індывідуальны службовы дом для галоўнага раённага начальніка. Вось там будуць усе сучасныя ўмовы, усе выгоды.

І цяпер ня могуць простыя бацькі пераканаць сваіх інтэрнацкіх дзетак у тым, што наша дзяржава аднолькава клапоціцца пра дабрабыт кожнага чалавека — кім бы ён ні быў.

Пераканацца ў праўдзівасьці апісаных мной фактаў можа кожны ахвотны, наведаўшы горад над ракой Іпуць. Вось толькі спыніцца там на некалькі дзён не атрымаецца — бо гарадзкі гатэль абрынуўся”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Корж з Гомеля.

Рабочыя інтэрнаты — зьява аднолькава сумная што ў Добрушы, што ў Гомелі, што ў Менску. Калісьці яны задумваліся як часовы прытулак для бескватэрнай і несямейнай моладзі. Але для многіх інтэрнацкае існаваньне расьцягваецца на дзесяцігодзьдзі. Нядаўна праз адну зь менскіх FM-станцый я пачуў, як суседзі па рабочым інтэрнаце віншавалі нейкага Лёніка з пакоя нумар 17 з нараджэньнем унука. Жывучы ў інтэрнаце, Лёнік ажаніўся, нарадзіў, выгадаваў і пажаніў дзяцей, стаў дзядулем — а асобнай кватэры так і не дачакаўся.

Аўтар наступнага ліста — Мікалай Бяскрылаў зь вёскі Падсьвільле Глыбоцкага раёну — разважае пра несправядлівасьць у грамадзтве, пра падзел на багатых і бедных, на магутных і бяспраўных. Слухач піша:

“Ёсьць адно месца, куды мы прыйдзем усе — бяз позваў, без дазвольных штампаў і падпісак аб нявыезьдзе. І ўсе мы там будзем роўныя — як голыя ў лазьні. На льготы ды зьніжкі ня змогуць разьлічваць ні жабрак, ні прэзыдэнт.

Прагныя да багацьця і ўлады рвуць здабычу адзін у аднаго, як галодныя сабакі. Тое ж адбываецца паўсюль, у тым ліку і ў Расеі, і ў Беларусі. Толькі ў Расеі сабакі сапраўды галодныя, яны ад прагавітасьці душацца. А ў Беларусі “Бацька” сваіх добра корміць, дык яны ад багацьця і перакорму шалеюць.

Пакуль мы ўсе разам не навядзем парадку ў сваім доме, дык вельмі хутка адчуем іх зубы на сваёй уласнай скуры”
, — гэтак лічыць Мікалай Бяскрылаў зь вёскі Падсьвільле Глыбоцкага раёну.

Думаю, спадар Бяскрылаў, з вашымі высновамі пра галодных прыслужнікаў у Расеі і сытых у Беларусі шмат хто паспрачаецца. Якраз беларускія чыноўнікі ды іншыя намэнклятурныя начальнікі з зайздрасьцю пазіраюць на Ўсход, дзе многія іхныя калегі ўжо сталі ўладальнікамі нафтавых сьвідравін, радовішчаў газу і вугалю, буйных заводаў і банкаў. Менавіта беларуская кіроўная эліта на гэтым тле лічыць сябе “галоднай” — і з надзеяй пазірае на яшчэ пакуль не да канца падзеленую дзяржаўную ўласнасьць.

Наш слухач Анатоль Жэрдзеў з Гомеля ў сваім новым лісьце на “Свабоду” адгукнуўся на адну зь нядаўніх праграмаў, у якіх абмяркоўвалася праблема палітычнага лідэрства. Асабліва ўразіла спадара Жэрдзева меркаваньне аднаго слухача, які лічыць, што лідэрам можа быць асоба, не маладзейшая за 40 гадоў. Анатоль Жэрдзеў з гэтай нагоды піша:

“Калі б сьвет, выбіраючы лідэраў, кіраваўся толькі крытэрам узросту, то ў ліку гістарычна значных асобаў не было б ні Аляксандра Македонскага, ні Пятра І, ні Напалеона, ні Кацярыны ІІ, ні многіх іншых. А па-другое, незалежна ад узросту, лідэр павінен быць шчырым зь людзьмі, якіх хоча павесьці за сабой. Самая нязначная хлусьня адштурхне ад яго найлепшых.

Па-трэцяе, якім бы геніяльным ні быў лідэр, усё ж ён не застрахаваны ад памылак. А значыць, ён павінен быць уважлівы да тых, хто яго крытыкуе, а не станавіцца ў позу пакрыўджанага. Наадварот, трэба апасацца тых, хто заўсёды пагаджаецца.

...І яшчэ адна думка, якая прыгнятае больш за іншыя: ужо хутка 20 год незалежнасьці Беларусі, а дагэтуль ніхто не заклапочаны нізкім узроўнем сьпеласьці беларусаў, якіх улада лёгка падманвае. Нават у дэмруху ўзровень такі нізкі, што народ гэта бачыць, і падчас выбарчай кампаніі часта можна пачуць: “А чым апазыцыя лепшая за тых, якія цяпер кіруюць?”


Напрыканцы ліста Анатоль Жэрдзеў адгукаецца на нядаўняе паведамленьне пра тое, што кіраўніцтва Партыі БНФ выключыла са сваіх шэрагаў аднаго з партыйных лідэраў, Алеся Міхалевіча. Слухач з гэтай нагоды заўважае:

“З аднаго боку, можна і пацешыцца з таго, што ёсьць хоць адна жывая арганізацыя, дзе існуе абмен думкамі. А з другога боку: жаданьне спаліць на кастры іншадумца ня ёсьць прыкметай дэмакратыі і ня сьведчыць пра высокі інтэлект тых, хто так “разрульвае” праблемы.

Бедная, няшчасная наша Беларусь!”
— такімі словамі заканчвае свой ліст на “Свабоду” Анатоль Жэрдзеў з Гомеля.

Партыяй, выключэньне зь якой параўнальнае для выключанага са спальваньнем на кастры, была хіба толькі КПСС. Былы камуніст пазбаўляўся пасады, статусу, грошай і кар’еры, на ім на ўсё жыцьцё заставалася незмывальная пляма. Ня думаю, спадар Жэрдзеў, што выключэньне зь сёньняшняй беларускай апазыцыйнай партыі варта ацэньваць гэтак жа драматычна. Дыскусіі, канфлікты, ідэалягічныя рознагалосьсі і супярэчнасьці — нармальны працэс у партыі, якая лічыць сябе дэмакратычнай.

Што да ўзросту палітычнага лідэра. Вядома, можна быць геніяльным арганізатарам ды кіраўніком і ў 20 год. Але наўрад ці выпадкова ў большасьці дэмакратычных краін сьвету ўзроставая плянка для асобаў, якія прэтэндуюць на галоўную пасаду ў краіне, узьнятая значна вышэй. Нагадаю, калі б у 1994 годзе ў беларускай Канстытуцыі была замацавана норма, паводле якой стаць прэзыдэнтам можна не раней, чым у 40-гадовым узросьце (а гэта прапаноўвалі многія дэпутаты) — сёньня ў Беларусі быў бы зусім іншы прэзыдэнт і, верагодна, іншы грамадзкі і палітычны лад.

На заканчэньне — ліст ад нашага слухача Антона Мелюха зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну. Спадар Мелюх — інвалід другой групы зь дзяцінства. Жыве адзін, у нястачы і крыўдзе. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Як жыць далей — ня ведаю. З кожным днём усё даражэе. Крамы для такіх, як я, ператвараюцца ў музэі: паглядзець можна, а купіць — не. У маёй асабістай гаспадарцы нічога няма. Я апынуўся ў вельмі складаным становішчы. Майму жыцьцю не пазайздросьціць ніводзін сабака.

У мяне і жытло абы-якое. Парожніх хат у нас шмат — паўвёскі, але ў мяне няма грошай.

Прыяжджала па маіх сыгналах шмат камісіяў. Кажуць: “Вам няма дзе жыць? Але і ў нас няма на гэта сродкаў".

Куды зьвяртацца — ня ведаю.


Вось вы па радыё ўсё абвінавачваеце Лукашэнку. А ён, можа, нічога і ня ведае пра тое, як мы жывем. Усім прэзыдэнт не дапаможа.

Я вось тут зьвярнуўся ў нямецкі Чырвоны крыж — каб падарылі мне 9 тысяч эўра. Каб хапіла купіць дом, мэблю, паліва, прадукты, лекі — словам, усё. Мінула ўжо тры гады — ні адказу, ні прывітаньня. Можа, чаго-небудзь вы даб’яцеся ад іх у гэтай справе?”
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Антон Мелюх зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну.

Пра сваіх сацыяльна неабароненых грамадзянаў найперш павінна дбаць беларуская дзяржава, а не нямецкі Чырвоны крыж. Вы ж, спадар Мелюх, ходзіце на выбары галасаваць не за дэпутатаў Бундэстагу і не за нямецкага прэзыдэнта.

Так, кіраўнік дзяржавы можа ня ведаць пра бядотны стан канкрэтнага чалавека. Але ж тыя раённыя начальнікі, якія прыяжджалі па вашых скаргах і якіх прызначыў на пасады прэзыдэнт, напэўна ж, ведаюць вашу сытуацыю. Дапамагаць такім, як вы — іх непасрэдны службовы абавязак.

Дарэчы, знайсьці ў вёсцы кінутую хату, выкупіць яе за сымбалічную плату (а то і ўвогуле забраць бясплатна) для раённай “вэртыкалі” ня ёсьць надта вялікай праблемай. Прынамсі, 9 тысяч эўра на гэта не запатрабуецца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG