Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі канчатковы варыянт закону аб СМІ адрозьніваецца ад пачатковага? Меркаваньні кіраўніка юрыдычнага цэнтру БАЖ прафэсара Міхаіла Пастухова.

Палата прадстаўнікоў ухваліла ў другім чытаньні законапраект аб сродках масавай інфармацыі. Чаму новым законапраектам найбольш занепакоеныя карыстальнікі інтэрнэту? Што небясьпечнага для недзяржаўных мэдыяў па-ранейшаму застаецца ў гэтым дакумэнце?
Глод: Многія дэпутаты казалі журналістам, што, дайшоўшы да другога чытаньня, законапраект стаў значна лепшым. У яго ўвайшлі некаторыя прапановы Беларускай асацыяцыі журналістаў і Бюро прадстаўніка ў пытаньнях свабоды мэдыяў АБСЭ. Ці пагаджаецеся Вы з такой думкай?
Пастухоў: “Я лічу, што гэта той жа самы законапраект, толькі крыху падпраўлены. Тыя дробязі, якія былі ўлічаныя пры дапрацоўцы гэтага закону, нічога не вырашаюць. У ім застаецца галоўнае – тыя нормы, якія накіраваныя на далейшае абмежаваньне СМІ, перадусім інтэрнэт-мэдыяў. Менавіта яны цяпер будуць у поўнай ступені рэгулявацца заканадаўствам. І ня столькі самім законам, колькі ўрадавымі пастановамі.
На мой погляд, гэта паставіць інтэрнэт-выданьні яшчэ ў горшыя ўмовы параўнальна з друкаванымі выданьнямі. Для іх могуць быць усталяваныя новыя перашкоды пры рэгістрацыі, пры распаўсюдзе інфармацыі. Будуць, безумоўна, і нейкія іншыя забароны”.
Глод: “Інтэрнэт стаў самай балючай тэмай. Але старшыня парлямэнцкай камісіі Юры Кулакоўскі супакойваў тым, што казаў наступнае: “Праект закону рэгулюе толькі дзейнасьць інтэрнэт-аналягаў СМІ. Яны павінны адпавядаць друкаваным вэрсіям, за тым выключэньнем, што ім ня трэба праходзіць дзяржрэгістрацыю”. Пракамэнтуйце гэта, калі ласка”.
Пастухоў: “Тут Юры Аляксандравіч не зусім дакладна інтэрпрэтуе падрыхтаваны законапраект. Сапраўды, не патрабуецца рэгістрацыя інтэрнэт-аналягаў друкаваных СМІ. Але ж патрабаваньні рэгістрацыі ў поўнай ступені будуць выстаўленыя да іншых інтэрнэт-вэрсіяў, альбо інтэрнэт-рэсурсаў, альбо інтэрнэт-парталаў, празь якія распаўсюджваецца інфармацыя. Фактычна ён сказаў пра той адзінкавы выпадак, калі не патрабуецца рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ”.
Глод: “Ёсьць яшчэ адна праблема, якая тычыцца і інтэрнэт-выданьняў і друкаваных мэдыяў. Гэта афіцыйныя папярэджаньні. Што прадугледжвае ў гэтым пляне новы законапраект?”
Пастухоў: “У законапраекце зараз прадугледжана, што папярэджаньні могуць выносіцца за любыя парушэньні заканадаўства аб СМІ. Цяпер лёс выданьня ня ставіцца ў залежнасьць ад таго, ці вынесена папярэджаньне па сумнавядомаму артыкулу 5, у якім усталёўваюцца выпадкі злоўжываньня СМІ. Цяпер два любыя папярэджаньні цягам аднаго году могуць стаць падставай для закрыцьця газэты. Ва ўсялякім выпадку, для спыненьня яе дзейнасьці. Фактычна цяпер, з прыняцьцем новага закону, рэпрэсіўная практыка будзе пашыраная. У кантралюючых органаў будуць разьвязаныя рукі”.
Цяпер законапраект перадаецца ў Савет Рэспублікі. Потым яго павінен падпісаць Аляксандар Лукашэнка. Пасьля гэтага закон надрукуюць у галоўных дзяржаўных газэтах. Праз шэсьць месяцаў з дня публікацыі ён пачне дзейнічаць.
XS
SM
MD
LG