Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры гаварылі аб беларускіх выбарах


Belarus - Council of Europe session, 15Apr2008

Belarus - Council of Europe session, 15Apr2008

Падкамітэт па Беларусі ПАРЭ сёньня абмеркаваў сытуацыю ў Беларусі ў кантэксьце выбараў.

Афіцыйную пазыцыю на дэбатах выклаў намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі, альтэрнатыўную – сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька сказаў па тэлефоне са Страсбуру, што гэтым разам прадстаўнікі Расеі не паводзілі сябе адносна беларускай апазыцыі так агрэсіўна, як звычайна:

“Былі камэнтары з боку расейскай і турэцкай дэлегацыяў. Яны віталі дыялёг сам па сабе, казалі, што вельмі важна, каб была апазыцыя ўладзе і каб праз дыялёг усё ж такі знаходзілі нейкі кансэнсус. Але прадстаўніца Вугоршчыны вельмі правільна адзначыла, што надзвычай важна яшчэ й тое, як мы разумеем гэты дыялёг. Бо калі за дыялёгам няма канкрэтнага парадку дня, калі не вырашаюцца канкрэтныя пытаньні, калі ён бязьмежны, дык гэта не прыводзіць да нармалізацыі сытуацыі.

А што да асноўнай тэмы дэбатаў, дык гэта, зразумела, выбарчая кампанія. Усіх цікавіла, што можна яшчэ зьмяніць і ці можна зьмяніць наагул за час, што застаўся да выбараў. Пасыл ад тых, хто ўдзельнічаў у дыскусіі, і ад нас – мяч на палове ўлады. І калі яна хоча адчыніць дзьверы ў Раду Эўропы, трэба ісьці насустрач тым патрабаваньням, якія ёсьць у Эўропы”.

Аляксандар Лукашэнка нядаўна сказаў, што дзеля Эўропы можна і даць некалькіх месцаў у парлямэнце апазыцыі. Дык што, да гэтага ўсё ідзе?

Сустаршыня Аб’яднаных дэмсілаў не пагаджаецца:

“Я сказаў сёньня, што для нас абсалютна выключаны гандаль – калі гандлююць прынцыпамі і каштоўнасьцямі Рады Эўропы за тры-чатыры месцы прадстаўнікоў АДС. Для нас гэта абсалютна непрымальна, і пра гэта размова ня можа весьціся”.

Палітоляг Уладзімер Роўда таксама перасьцерагае ад спакусы трапіць у парлямэнт праз дамоўленасьці з уладай:

“І сапраўды, Лукашэнка і Ярмошына могуць вызначыць два-пяць чалавек, якіх у Палаце можна было б бачыць у выглядзе такой псэўдаапазыцыі. Яны б рабілі скандалы, іх паказвалі б па БТ. І казалі б: “Глядзіце, як апазыцыя сварыцца паміж сабою”. Бо яны будуць змагацца паміж сабою, а не выступаць адзінай групай супраць прэзыдэнта. Такую апазыцыю яны сапраўды маглі б зрабіць, каб і Захад задобрыць, і нейкія крэдыты атрымаць. Але гэта тады для апазыцыі азначае гуляць у іхную гульню. Абсалютна тады страціць розум, маральны аўтарытэт”.

XS
SM
MD
LG