Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытаньні законапраект “Аб сродках масавай інфармацыі”. За гэта прагаласавалі 96 дэпутатаў, супраць — 2. Параўнальна зь першым варыянтам у законапраект унесена больш за 10 заўваг, дапаўненьняў і зьмяненьняў.

Старшыня парляманцкай камісіі Юры Кулакоўскі лічыць, што, дайшоўшы да другога чытаньня, законапраект стаў лепшым. У яго ўвайшлі прапановы дэпутатаў, некаторых рэдакцыйных калектываў, Беларускай асацыяцыі журналістаў і Бюро прадстаўніка ў пытаньнях свабоды мэдыяў АБСЭ.

Так, з ініцыятывы дэпутаткі Галіны Мазуркевіч Грамадзка-каардынацыйная рада па сродках масавай інфармацыі будзе фармавацца не пры Міністэрстве інфармацыі (як было ў папярэднім варыянце), а пры Савеце міністраў. Каб новы закон адпавядаў Грамадзянскаму кодэксу, у яго запісана, што “У СМІ забаронены распаўсюд інфармацыі ад імя арганізацыяў, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю альбо перарэгістрацыю”.

У інтэрвію нашаму радыё спадар Кулакоўскі назваў вельмі важным тое, што была прынятая прапанова Бюро прадстаўніка ў пытаньнях свабоды мэдыяў АБСЭ і Беларускай асацыяцыі журналістаў аб пераглядзе патрабаваньняў да перарэгістрацыі СМІ. У сваім выступе перад дэпутатамі ён акцэнтаваў увагу і на гэтым:

“Перагледжаныя патрабаваньні да перарэгістрацыі СМІ — прадмету крытыкі як з боку Бюро АБСЭ, так і БАЖ. Пры зьмяненьні адрасу юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ, згодна з пунктам 3 артыкула 14 прапанаванай рэдакцыі законапраекту будзе дзейнічаць інстытут паведамленьня органа дзяржаўнага кіраваньня ў сфэры масавай інфармацыі.

Пры шасьцімесячным перапынку ў выпуску СМІ перарэгістрацыя таксама не патрабуецца”.

І яшчэ адна зьмена ў законапраекце зьявілася пасьля крытыкі з боку Бюро па мэдыях АБСЭ:

“Улічана прапанова Бюро Прадстаўніка ў пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі АБСЭ. Пункт 1 артыкулу 52 дапоўнены падпунктам 1.5, згодна зь якім суб’екты правадачыненьняў у сфэры масавай інфармацыі не нясуць адказнасьці за распаўсюд зьвестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, калі гэтыя зьвесткі праходзяць у інфармацыйных паведамленьнях і матэрыялах тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ, якія выходзяць у эфір без папярэдняга запісу”.

Старшыня камісіі заканадаўства Аляксандар Архіпаў сказаў ”Свабодзе”, што прыняты закон — гэта “нармальны закон, а ў другім чытаньні ён лепшы за першы варыянт”.

Кіраўнік юрыдычнага цэнтру пры БАЖ прафэсар Міхаіл Пастухоў лічыць унесеныя зьмены ня самымі прынцыповымі:

“На мой погляд, гэтыя зьмены ня носяць прынцыповага характару, за выключэньнем паправак БАЖ, якія тычацца інстытуту перарэгістрацыі мэдыяў і акрэдытацыі журналістаў. Усё астатняе — гэта толькі дробныя папраўкі. Яны не мяняюць сутнасьці самога законапраекту, які застаецца цалкам жорсткім”.

Цяпер законапраект перадаецца ў Савет Рэспублікі. Потым яго павінен падпісаць Аляксандар Лукашэнка. Пасьля гэтага закон надрукуюць у галоўных дзяржаўных газэтах. Праз шэсьць месяцаў з дня публікацыі ён пачне дзейнічаць.

XS
SM
MD
LG