Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачваньне просіць пакараць арганізатараў "жывога шчыта" двума гадамі ўмоўна.

Пракурор папрасіў суд пакараць міліцыянтаў, якія стварылі “жывы шчыт”, умоўна, тым часам як адвакат пацярпелых настойвае на рэальным пакараньні.

Судзьдзя Ірына Майко пайшла пісаць прысуд у справе “жывога шчыта”, разгляд якой сёньня скончыўся ў Менскім раённым судзе. Прысуд будзе абвешчаны заўтра, 25 чэрвеня. Як прайшлі судовыя спрэчкі?

Іх пачаў пракурор Мікалай Дубянок. Пракурор палічыў віну супрацоўнікаў ДАІ Генадзя Дарагакупца і Аляксея Ліхтаровіча цалкам даказанай. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, міліцыянты яўна перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, калі насуперак інструкцыі выставілі прыватныя аўтамабілі ўпоперак дарогі. Спыняць гэткім чынам парушальніка на дарозе можна толькі з дапамогай грузавых аўтамабіляў, у якіх няма людзей, нагадаў пракурор. Таксама Мікалай Дубянок паставіў у віну міліцыянтам падрыў аўтарытэту дзяржавы. Падтрымаў абвінаваўца і матэрыяльныя прэтэнзіі пацярпелых, якія агулам вымяраюцца сумай 25 мільёнаў рублёў. Вось якім мае быць пакараньне паводле Мікалая Дубянка:

“Па 1 частцы артыкула 426 прызначыць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 2 гады ўмоўна, з выпрабавальным тэрмінам на 3 гады і пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады на 3 гады”.

Адвакатка Вера Страмкоўская заявіла пра значны грамадкі рэзананс гэтай справы. Паводле Веры Страмкоўскай, прысуд павінен паказаць усяму сьвету, што ў Беларусі “заканчваецца дзікунства” ў выглядзе “жывых шчытоў”. Вера Страмкоўская мяркуе, што пакараньне абвінавачаным можа быць ніжэйшае за максымальныя 3 гады, але яно павінна быць рэальным. “Каб усе бачылі, што ў нас чалавечае жыцьцё — галоўны прыярытэт”, — сказала адвакатка.

“Да гэтага здарэньня я думаў, што мяне абараняе дзяржава, а зараз засумняваўся. Прашу суд вынесьці такі прысуд, які адновіць маю веру ў дзяржаву”, — сказаў у спрэчках пацярпелы Канстанцін Белагубцаў.

Адвакат абвінавачаных Васіль Тулякоў заявіў, што ягоных падабаронных трэба апраўдаць, бо яны не зрабілі злачынства. “Максымум, у чым яны вінаватыя, — гэта ў службовым парушэньні”, — мяркуе Васіль Тулякоў. Паводле абаронцы, міліцыянтам не хапіла часу, каб спыніць рух на шашы і затрымаць парушальніка без аварыі. “У горад нёсься снарад на хуткасьці 160 кілямэтраў, які мог нарабіць куды больш бедаў”, — сказаў адвакат пра кіроўцу Рамана Менцюка, якога спрабавала спыніць ДАІ. Паводле Васіля Тулякова, той, хто ўчыніў аварыю, вінаваты і ў яе наступствах.

Абвінавачаныя Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч у апошнім слове вінаватымі сябе не прызналі і прабачэньня ў пацярпелых не папрасілі, хаця і выказалі шкадаваньне з прычыны інцыдэнту.

Адвакатка Вера Страмкоўская гэтак пракамэнтавала судовыя спрэчкі:

“Мне падаецца, нашы аргумэнты былі больш важкія. Да таго ж яны супалі зь меркаваньнем пракурора. Мы падтрымалі адзін аднаго і ў доказах, і ў тым, чаго мы чакаем ад суду”.

Адвакат абвінавачаных ад камэнтару адмовіўся.

2 сакавіка 2008 года супрацоўнікі ДАІ ўдзельнічалі ў затрыманьні п’янага кіроўцы Рамана Менцюка на трасе Менск-Мікашэвічы. Каб спыніць кіроўцу, супрацоўнікі ДАІ выставілі “жывы шчыт” зь некалькіх машын, у якіх знаходзіліся пяцёра дарослых грамадзянаў і дзіця. Маёр міліцыі Генадзь Дарагакупец і ягоны падначалены, старшы лейтэнант Аляксей Ліхтаровіч абвінавачваюцца ва злоўжываньні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі. Адпаведны артыкул крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG