Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы поўзаюць па былых панскіх маёнтках


Паводле разьлікаў адмыслоўцаў, сёлета беларусы заробяць на экспарце экзатычнага вінаграднага смаўжа каля 2 мільёнаў эўра. Даход эўрапейскіх партнэраў, якія перапрададуць дэлікатэс, будзе ў 7-8 разоў большы. Беларускія грамадзяне, сэзонна зарабляючы на зборы смаўжа, атрымаюць значна меней. І наўрад ці ацэняць смакавыя вартасьці ласунку для гурманаў.

Паводле легенды, вінаграднага смаўжа ў Беларусь завезьлі ў ХV-XIV стагодзьдзі. Арыстакраты аздаблялі ім сады і паркі. Крыху пазьней сьлімакоў пачалі карыстаць у якасьці далікатэсных пачастункаў падчас баляў і ўрачыстых прыёмаў. І ў той самы час смаўжоў пачалі экспартаваць. Справа прыносіла вялікія грошы, але са зьнікненьнем клясы арыстакратыі пра яе забыліся на стагодзьдзі. У 1993 годзе адрадзілі. І некалькі фірмаў у Беларусі пачалі скупку прыдатных для ежы малюскаў сям’і эліпс і продаж іх у Эўропу. Распавядае кіраўнік адной з гэткіх фірмаў:

“Калісьці гэтай працай займалася 5 фірм у Беларусі, у тым ліку і мая. Цяпер засталася манапалісткай фірма “Мока” гарадзенская. Трэба на гэта мець дазвол, а апроч таго квоту на адлоў вінаграднага смаўжа з прыроды”.

Намесьнік дырэктара згаданай гарадзенскай фірмы “Мока” асабіста ўлітак ніколі не гатавала:

“Вельмі складана ў прыгатаваньні. Ёсьць у нас, прыкладам: у кафэ “Мока”. Вельмі шмат у рэстарацыях Менску. У буйных унівэрсамах менскіх таксама яны ёсьць”.

У “Цэнтральным” унівэрсаме Менску маё пытаньне пра вінаграднага смаўжа не зразумелі, але ўпэўнена сказалі, што ў наяўнасьці яго няма. У “Юбілейным” пайшлі правяраць, ці ёсьць, але са скрухай паведамілі, што таксама няма. Абяцалі бліжэйшым часам замовіць. Пакупніца Натальля адзначыла, што даўно ўжо не заўважае на паліцах улюбёнага далікатэсу:

“Раней мы часта куплялі. Мужу ня вельмі было даспадобы, а мне вельмі смачна. Да таго ж, мы зьбіралі-захоўвалі ўласна ракавіны, каб потым скарыстаць іх у дызайне хаты. Але апошнім часам вельмі рэдка іх бачу”.
Калісьці гэтай працай займалася 5 фірм у Беларусі, цяпер застаўся адзін манапаліст

Сярод іншых наведнікаў крамы аматараў заморскага некалі далікатэсу знайсьці не ўдалося:

Карэспандэнтка: “Вы калі-небудзь набывалі вінаградных смаўжоў”?

Дзяўчына: “Не, ніколі ня чула”.

“А Вы”?

Кабета: “І я ніколі”.

Дзяўчына: “Так, бачыла ў продажы, было б вельмі цікава яго калі-небудзь набыць, але кошт – 12-14 даляраў – мяне, мякка кажучы, спыняў”.

У рэстарацыі “Брыганціна” на плошчы Перамогі лічбы назвалі больш сьціплыя:

Адміністратар: “Ёсьць. 20 тысяч – порцыя”.
Народ яшчэ нязвыклы ў нас да такіх далікатэсаў...

Карэспандэнтка: “А колькі штук порцыя”?

Адміністратар: “Шэсьць”.

Я абзваніла каля дзесятка рэстарацый сталіцы, сярод якіх былі тыя, што пазыцыянуюць сябе як экзатычныя, кітайскія, японскія, францускія. “Брыганціна” аказалася адзінай, дзе у мэню вінаградны смоўж быў.

А ў рэстарацыі “Врата Дракона” патлумачылі, што мусілі адмовіцца ад гэтага пункту мэню:

“Таму што нам гэта не патрэбна. Не асабліва яны ў нас ішлі. Бо народ яшчэ нязвыклы ў нас да такіх далікатэсаў”.

Нязвыкласьць беларускіх пакупнікоў да далікатэснага вінаграднага смаўжа не памяншае выгоду іх продажу за мяжу. Распавядае кіраўнік фірмы, якая раней займалася скупкай вінаградных смаўжоў:

“На сёньняшні дзень смоўж лякальна водзіцца на тэрыторыях былых панскіх маёнткаў. Выкарыстоўваецца ў двух накірунках. Першы накірунак – як дэлікатэс. То бок, вылоўліваецца, перапрацоўваецца на мяса, потым зноў гатуецца паводле рэцэпту і вяртаецца ў ракавіну. І гэтыя ракушкі, прыгатаваныя паводле адмысловага рэцэпту, у мікрахвалёўку, і порцыя – 150 эўра ў добрай эўрапейскай рэстарацыі. Вось вам сакрэт прыбытку. А тут яны каштуюць 500 рублёў”

Другі кірунак продажу смаўжоў ня меней выгодны, але доўгатэрміновы:

“А яшчэ можна – людзі так ужо рабілі – набіраюць людзі смоўжыкаў, разводзяць свае фэрмы, потым прадаюць маладняк. Для таго, каб атрымаць “прадавабельны” прадукт, трэба, каб яны расьлі гады 2 – да 3 сантымэтраў”.

Але ж прыбытак ад збору вінаградных смаўжоў для беларускіх грамадзян – вельмі часовы:

“2 месяцы доўжыцца сэзон збору. Зазвычай травень–чэрвень і ўсё. Далей яны хаваюцца, ідуць на нераст, у зямлю хаваюцца, у норы... Ня знойдзеш потым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG