Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Савецкіх “чырвоных кароў” заменім на нашых “беларускіх трусоў”!”


Прызнаюся шчыра: у Галавіч-полі, на Шчучыншчыне, мяне найперш цікавіў фэрмэр Іван Сацэвіч. Тры гады таму ён пісаў кандыдацкую дысэртацыю і адначасова выводзіў, калі можна сказаць, аўтарскую пароду “беларускіх трусоў”.


Ужо тады ў 6 месяцаў яны дасягалі ў яго вагі ў 5-6 кг, прыносілі ў год да 25 трусянятаў. Паколькі сустрэча была прызначаная надвячоркам, іду па старых адрасах. Найперш – да сядзібы Іваноўскіх. Дзейнасьць трох братоў у 20 стагодзьдзі яднала Беларусь, Літву і Польшчу. Цяпер тут дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыха-фізічнага разьвіцьця. Сустракаю свайго тагачаснага гіда – цяпер 29-гадовага Андрэя Уляша. Сам тут з 5 гадоў: вырас і застаўся працаваць. Усіх сваіх 8 братоў нават і ня бачыў. Спытваю:

Карэспандэнт: “За тры гады што адбылося?”

Іляш: “Сена косім. Кароў пасьвім. У Беласток, Гаагу езьдзілі. У Менску па футболу 1 мейсца выйгралі. Як мяне тут паважаюць, хочуць аформіць дакумэнты, як на рабочага. Рыхтуюся да бежмаваньня...”

Вярэйка: “Ён у вышыню на два мэтры скокае!”

Гэта далучаюцца яшчэ трое дзятдомаўцаў – Іван Сьлесар, Леанід Пачынчык, Сьвятлана Вярэйка. Дарэчы, ў інтэрнаце да 250 вымушаных пасяленцаў. Паводле правілаў, ад 5 да 18 гадоў. У кагосьці парушана маўленьне, хтосьці інвалід. Усіх – кінулі бацькі. У часе далейшага знаёмства разумею, што гэтыя людзі знайшлі тут сябе і адзін аднаго.





Спадарства: “Я тут з 7 годзікаў. У мяне бацькі паўміралі – згарэлі. Працую 9 год – полем траву, пілуем дровы... Ад мяне маці таксама адмовілася – я зь Любчы, у 5 год урачы прывезьлі. Цяпер я ўбіраю на калідоры, чысьціню падтрымліваем... Адчувальна, што гуманітарная дапамога прыходзіць зь Нямеччыны, Ангельшчыны, Італіі – адзеньне, прадукты нам прывозілі... Я ў гонцы на калясцы ва Угоршчыне заняў 2 мейсца... Я сею насеньне, бульбу саджу, розы вырошчваю. Грошы нам не выдаюць... Я б тут на ўсё жыцьцё, ёсьць небясьпека, што адправяць у дом састарэлых, як начальства загадае...

У гэтую хвіліну падышоў дырэктар – Генадзь Паўлюкевіч. Ён пасьпеў зьвязацца з начальствам, якое параіла не даваць інтэрвію “РС”. Зыходжу ад гэтага прыемнага будынка з высокімі чарапічнымі дахамі, дэкаратыўнымі балькончыкамі ды ўвітай плюшчом тэрасай. Іду да загадчыцы краязнаўчага музэя, настаўніцы гісторыі Ларысы Паўлюкевіч. Асноўная экспазыцыя тут прысьвечаная найбольш вядомаму з трох братоў Іваноўскіх – Вацлаву. Заснавальніку Беларускай рэвалюцыйнай партыі, апрацоўшчыку першага лемантару сучаснай беларускай мовы. Стваральніку выдавецтва “Загляне сонца і ў нашае ваконца”, што фактычна адкрыла Янку Купалу. Але за тры гады ў музэі адбыліся новыя цікавыя падзеі. Апавядае спадарыня Ларыса.





Паўлюкевіч: “Што тычыцца Вацлава Іваноўскага, нам у музэй падаравалі кнігу Юрася Туронка пра яго. У гэтым годзе адзначалі 120-годзьдзе з дня нараджэньня Тадэўша Іваноўскага. Ён арнітоляг, пачатак калекцыі пачаў зьбіраць у Галавіч-поле. Цяпер яго называюць Тадас Іванаўскас – стаў літоўскім навукоўцам. У нас праходзіла навуковая канфэрэнцыя – частка экспазыцыі перададзена ў Каўнускі музэй зь Лябёдкі ці, як цяпер называем – Галавіч-поля...”

Карэспандэнт: “Дарэчы, што вам больш пасуе – Галавіч-поле ці Лябёдка?”

Паўлюкевіч: “Галавіч-поле. Лябёдка была да 39 года. Лябёдак у адным Шчучынскім раёне восем. Калі возьмем карту Гарадзенскай губерніі 18-19 веку – Галавіч-поле ўпершыню ўпамінаецца ў 1228 годзе. Тут адбылася сеча з мангола-татарамі, начале якіх стаяў Шайбак-хан. Паводле лягэнды, галовы людзей, якіх ён катаваў, хавалі вось тут. І вы бачыце – вакол палеткі...”

Спытваю пра шматдзетную маці, тады прыбіральшчыцу ў школе, Ганну Конюх. Яна ўжо загадчыца клюбу. Заходжу дахаты да спадарыні Ганны. За тры гады ёй давялося быць мэдсястрой, прадавачкай – “выцягваць” тры дачкі, сына. Зараз лічыць, што “справядлівасьць адноўлена” – працуе па прафэсіі. Раней і мейсца было занятае, дый заробак культработніка ўсім вядомы.

Конюх: “Такі час – праз церні да зорак. Тры сьвінаматкі трымала, карову, гусі, куры – я выжыла. Выйду раніцай у гарод, кветачкамі палюбуюся. У мяне энэргія, не ўяўляеце. У мяне на адной розе 90 бутонаў, на другой 100 – мой рэкорд. Дачка іх малюе – вучыцца ва ўнівэрсытэце на сацыёляга. Пэнсія ўратоўвае. А так усё дорага – ацяпленьне, сьвятло. Дзяржава нічога не дапамагала. Мы самі працавалі – сьвіней прадавалі, малако здавалі, авечак...”

У часе першай прэзыдэнцкай кампаніі спадарыня Конюх зьбірала подпісы за Аляксандра Лукашэнку.

Конюх: “У мяне ёсьць ад прэзыдэнта ліст падзякі зь яго подпісам. Атрымала прэмію – 50 тысяч. Я трэцяга дзіця нарадзіла ў выбары першыя, назвала ў яго гонар Аляксандрам. Ён маленькі казаў – мама, я Лукашэнкам стану...” (сьмяецца )

Карэспандэнт: “Вы дагэтуль яго прыхільніца?”

Конюх: “Ну так. Але з гэтымі ільготамі... Пэнсіянэрам кожны дзень чаму б не бясплатна праехаць? А мая дачка – 20 тысяч дарога. Кажа, я б столькі прадуктаў купіла! А трэба кожнай шматдзетнай сям’і дапамога – даць адукацыю, апрануць...”





У 20-гадовай дачкі Алены спытаў:

Карэспандэнт: “Настрой ёсьць у Галавіч-поле застацца?”

Алена: “Я б не хацела. Тут аграгарадок робяць, але, на мой погляд, ня доўга праіснуе. Моладзь хоча ў горадзе жыць – можна знайсьці працу. І весялей – у нас моладзі мала, прыяжджаюць толькі на вакацыі...”

У вёсцы чуткі пра прыезд новага чалавека разьлятаюцца хутка. Гэты 60-гадовы мужчына, што за рулём 42 гады, папрасіў ананімнасьці – апошні год да пэнсіі.

Спадар: “Будучыня – аджывае вёска. Хоць дамы будуюць. Фэрму на 1000 цёлак. А сярэдні заробак у параўнаньні зь мінулымі гадамі напалову меней – да 350 тысяч. Другі дырэктар стаў... Не высыхае цэлы год падвал – падыходзяць воды грунтовыя. Быў насос – адкачвалі. Стаў – абяцалі, дадзім. А ўсё карасёў ловім, хоць яшчэ не запускалі...”

У савецкія часы памянёны кіроўца вазіў у Маскву славутых на ўвесь СССР “чырвоных кароў” клясы “эліт-рэкорд”. Яны вырошчваліся ў Галавіч-полі на вопытнай станцыі-племзаводзе. Вось яго жартаўлівы ўспамін.

Спадар: “Прывёз іх. Кажуць, адкуль? З-пад Гродна. Вы, кажуць, хітрыя бульбашы – карову з зубрам схрысьцілі...” (сьмех )

На Усесаюзнай выставе 1975-га рагуля па мянушцы Міскоза стала чэмпіёнкай, даўшы 28 літраў малака ў дзень. Яе апякунша – даярка Яніна Васора атрымала ордэн Леніна. За дзень рукамі яна даіла па 11 кароваў. Тры гады таму застаў яе ў роспачы – скралі ордэн Леніна ды іншыя ўзнагароды. Заходжу ў яе хату з падсеўшым фундамэнтам, нізкімі столямі. Асьлеп муж. 72-гадовая Яніна Антонаўна расказвае адначасова і пра мінулае, і пра сёньняшняе:

Васора: “Ордэн, што пакралі, не знайшлі – пацаны залезьлі. Цяжка хадзіць – выпрацаваная ўся. Мама з 2 годзікаў на жыта брала, а я побач блёнтала. А потым на даярку пайшла. 40 кіль у самой было, а па 86 бідоны цягала – дзе тое здароўе будзе?! А стаяла каля кароў, як дурная! Бывала, даяркі пойдуць, а я застаюся, бяру посьцілку, нашу сечку. Нас пад знос – будуць даваць кватэры. Каб раней... А цяпер невядома, ці дажыву. Малая пэнсія – усе дзівяцца. Захварэла, а як вярнулася, мая група ў кароўніку была разабраная. Не магла падменнай рабіць! 16 год запар была перадавая. Такая ўжо заядлая! Пайшла ў садзік і пэнсія па апошняму году – 257. Удвох – 500. А як цяперака, на лекі мала...”

І ўсё-ткі, як і раней, апошняя радасьць – яе рагуля, якая адказвае ёй узаемнасьцю.






Васора: “У бальніцу сястра званіць – Яня, палядзі, кароўка не падпускае нікога. Усіх забівала! Потым сястра путала яе і так даіла. Пакарміць – не адстала б ад тых кароў. (сьмяецца ) Цяпер 20 літраў у дзень дае...”

Днём раней я быў у вёсцы Касьцянёва. Вандроўка туды – у адной з будучых праграм. Наведаў знакамітую сядзібу паноў Кастравіцкіх – калісьці помнік архітэктуры. Чатыры гады таму тут была зачыненая школа. Тое, што ўбачыў, шакавала. Узламаная падлога, абваленыя сьцены, столі. Пустыя аканіцы. Пасьля гутарыў з маім сябрам – краязнаўцам, гісторыкам Валерыям Сьліўкіным. У яго, дарэчы, знайшлася інфармацыя пра былых гаспадароў.

Сьліўкін: “Сядзібай з паркам і домам валодалі Кастравіцкія. Люцыян вучыўся ў вайсковай акадэміі ў Парыжы. Бацька пакінуў яму 15000 га зямлі – 2 савецкіх калгаса.У акадэмію прыехаў Мікалай другі. Прафэсара яму – паглядзіце, які ў нас разумны хлопец. Не спадабаўся яму Люцыян. Ён яго выпер і той пехам дабіраўся да самага Касьцянёва. Перад паўстаньнем 1863 памагаў паўстанцам. Яму ўлады – прадай землі. Прадаў, грошы адправіў у Аўстрыю. Куды і зьехаў з сям’ёй...”

Карэспандэнт: “А вы, натуральна, не ведаеце, што сядзіба ўжо не належыць касьцянёўцам, а выкуплена фэрмэрам з Галавіч-поля Іванам Сацэвічам? Ён хоча аднавіць яе першапачатковае гістарычнае аблічча...”

Сьліўкін: “Калі так, буду маліцца за яго!”

Усе ў навакольлі запэўнівалі мяне, што зрабіць замах на аднаўленьне такіх развалаў мог толькі ён – няўрымсьлівы Іван Сацэвіч. 15 год называюць яго і начальства, і вяскоўцы “гаспадаром нумар адзін”. Ён сябра Беларускага Саюзу фэрмэраў. Прайшоў Аўган. Любімы выраз – “усё толькі пачынаецца”. Вось і працуе па 25 гадзін на суткі, таму і разьмінуліся ў той дзень мы зь ім паміж Гроднам ды Галавіч-полем. Па тэлефоне пагадзіўся пагутарыць толькі ўзяўшы абяцаньне на будучую грунтоўную сустрэчу – пад рыбалку з юшкай. Пакуль жа пра надзённае праз тры гады – з Іванам Сацэвічам.

Карэспандэнт: “Што хочаш рабіць у сядзібе Кастравіцкіх – туды трэба ж столькі ўкласьці!”

Сацэвіч: “ Я хачу аднавіць яе у першапачатковым выглядзе і зрабіць агратурысцкі комплекс. А для чаго мы жывем? Вёска чым жыве? Каранямі! І калі мы гэта не адновім, аграгарадкі гэтыя – чумка сабачая. Каго хочам выхаваць – сялян ці калгасьнікаў? Каб за зямлю ахвяраваць ды змагацца? Калі так – адно, калі другое – п’янства ды дармаедзтва. Хіба можна жыць у хаце, што яму далі? Дайце яму грошы і ён пабудуе тую, пра якую ўсё жыцьцё марыў! Чалавек, які ад вёскі пайшоў і хлябануў гарадзкіх піражкоў... Дык ёсьць беларуская прымаўка – што закладзена хрэнам, ня выб’еш і аглобляй...” (сьмех )

Карэспандэнт: “Тры гады таму ты пісаў заяву, каб зямлі ўзяць 200 га. У цябе было 2000 галоваў трусоў...”

Сацэвіч: “160 га узяў. Наконт трусоў – і цяпер так. Бо, каб болей узяць, трэба будавацца. Ужо амаль вырашчаная свая беларуская парода трусоў...”

Карэспандэнт: “А ў чым іх беларускасьць?”

Сацэвіч: “Парода генэтычна прыстасаваная да нашых прыродных умоў утрыманьня, нашай ежы. Бульбу павялічваю, зерне па 40 цэнтнэраў з га. Капаюць 5-10 чалавек – ёсьць бульбаробны камбайн...”

Карэспандэн: “Ты, як і раней, поўны плянаў і надзей?”

Сацэвіч: “Адназначна!”

XS
SM
MD
LG