Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі фільм пра беларускіх габрэяў


У габрэйскім доме ў Менску адбылася прэзэнтацыя фільму “Шэсьць стагодзьдзяў на беларускай зямлі”.

Фільм дае кароткія зьвесткі пра габрэяў, якія жылі і жывуць на тэрыторыі Беларусі. Сябры суполкі адзначылі, што гэта першая спроба зрабіць фільм пра саміх габрэяў, а не пра трагедыю Галакосту.

На прэзэнтацыі ў актавай залі габрэйскага дома прысутнічалі стваральнікі фільму. Яны патлумачылі прысутным, што працягласьць фільма вельмі кароткая і таму не змаглі шмат пра што распавесьці ў ім.

Гаворыць аўтар сцэнару Антон Астаповіч:

“Нарадзілася ідэя зьняць фільм пра этнічныя меншасьці. У 2006 годзе заявіліся ў АБСЭ па грант. АБСЭ вылучыла, але ж у нас вылучаюць праз рэгістрацыю дзяржструктур. Нашы дзяржструктуры грант “зарубілі” і мы рабілі фільм за свае грошы. Вось гэта першы фільм з цыклю пра нацыянальныя меншасьці. Менавіта пра габрэяў мы яго зрабілі”.

Рэжысэр фільму Міхал Мілашэўскі дадаў:

“Рэагавалі яны добра, хаця фільм можна і крытыкаваць, бо ўсё ўпіраецца ў сродкі і ў кожнага сваё бачаньне гэтай тэматыкі. Але мне здаецца, што ім спадабалася, бо гэта быў першы крок і таму што нават сп.Левін казаў, што цяпер яны не баяцца казаць, што яны габрэі. Вось гэта галоўнае. Каб яны не палохаліся, каб яны маглі жыць на гэтай зямлі, каб гэта суполка не зьнікла. Безь яе мы будзем бяднейшыя”.

У фільме на тле крамаў, будынкаў, руінаў сынагог, могілак голас за кадрам чытае тэкст як з энцыкляпэдыі – калі ўпершыню летапісы пачалі згадваць габрэяў, дзе яны жылі і г.д.

Старшыня аб’яднаньня габрэйскіх суполак Леанід Левін выказаў сваё меркаваньне:

“Але вось ёсьць нейкая недагаворанасьць... Мы гэта разумеем, але ці зразумеюць тыя, хто будзе глядзець. Таму што ёсьць вялікая задумка ў аўтараў. Ёсьць добрыя кадры, якія адлюстроўваюць тое, што зьнішчана... На самой справе глыба габрэйскай культуры... Назва “Шэсьць стагоддзяў на беларускай зямлі”... Але, калі ўзяўся за такую справу, то трэба яе давесьці да ладу. Гэта цяжка, але гэта трэба было зрабіць. Але дзякуй ім вялікі”.

Гаворыць кіраўнік культурна-асьветніцкіх праграм “Хэсэд Рахамім” Міхаіл Гальперын:

“Калісьці быў такі выраз абразьлівы “не карэнная нацыянальнасьць”. Так атрымлівалася, што тыя, якія прыяжджалі з Сібіры, ці з Волгі, ці з Сырдар’і, былі карэннымі, а мы чужынцамі. Але гэта іронія. Насамрэч гэта з пункту гледжаньня тых, хто сам быў тут чужынцам.

Вось мы – габрэі, якія нарадзіліся тут і ў гэтай зямлі магілы нашых продкаў. Зразумела, калі людзі будуць ведаць адзін аднаго, а таксама культуру іншых народаў, то гэта будзе перашкаджаць усялякім плёткам і забабонам”.

Прадстаўнікі Аб'яднаньня габрэйскіх суполак, якія глядзелі фільм, выказалі спадзяваньне, што зь цягам часу будзе зроблены фільм пра гісторыю і сучаснае жыцьцё габрэяў Беларусі.

Стваральнікі “Шэсьць стагоддзяў на беларускай зямлі” кажуць, што гэта стужка – першая ў цыклі фільмаў пра нацыянальныя меншасьці ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG