Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніка ДАІ выдалілі з судовай залі


У Менскім раённым судзе працягваліся слуханьні па справе пра “жывы шчыт”.

Супрацоўнікі ДАІ лічаць, што “шчыта” не было, а дзейнічалі іх калегі адпаведна інструкцыі.

Нагадаю, маёра Генадзя Дарагакупца і старшага лейтэнанта Аляксея Ліхтаровіча судзяць паводле абвінавачаньня ў службовым злоўжываньні — нібыта яны стварылі “жывы шчыт” з аўтамабіляў зь людзьмі, каб спыніць нецьвярозага кіроўцу.

Сёньня на працэсе апыталі апошніх двух сьведак. Падпалкоўнік міліцыі Юры Траян, які ў Менскім ДАІ ўзначальвае аддзел арганізацыі руху, падчас сьледзтва назваў дзеяньні сваіх калегаў “непрафэсійнымі”. Аднак у судзе ён зьмяніў крытычныя ацэнкі на больш станоўчыя.

“На мой погляд, месца спыненьня аўтамабіля “Гольф” было абрана найбольш удала, каб пазьбегнуць больш цяжкіх наступстваў”.

Між тым у судзе была працытавана інструкцыя, паводле якой прымусовае спыненьне аўтамабіляў на мастах забаронена (нагадаю, “жывы шчыт” быў арганізаваны на пачатку пад’ёму на мост у канцы Слуцкай шашы).

Адметна, што на частку пытаньняў сьведка Траян ня стаў адказваць. У прыватнасьці, на пытаньне судзьдзі Ірыны Майко, ці дазволена інструкцыяй ствараць на дарозе затор з аўтамабіляў з грамадзкімі асобамі. “Не магу адказаць”, — сказаў падпалкоўнік міліцыі Юры Траян.

На просьбу адваката абвінавачаных у суд сёньня зьявіўся Алег Андрэенка, які назваўся сьведкам. Між тым у дакумэнтах сьледзтва гэтага сьведкі не было. Алег Андрэенка паведаміў, што на месца здарэньня ён нібыта прыйшоў, каб аказваць дапамогу пацярпелым. Галоўным у паказаньнях гэтага сьведкі было тое, што ён нібыта бачыў на міліцэйскіх аўтамабілях уключаныя пробліскавыя маячкі, якія загадваюць усім кіроўцам спыніцца.

Між тым ніводзін з пацярпелых не пазнаў гэтага сьведку як чалавека, які быў на месцы здарэньня. Пацярпелы Юры Пашкевіч кажа:
Андрэенка ўзьнік зь ніадкуль, яго падчас сьледзтва не было. Ён яўна дае паказаньні на карысьць супрацоўнікаў ДАІ.


“Людзей, якія былі на месцы аварыі, я ведаю. Ведаю іх тэлефоны. А гэты чалавек узьнік зь ніадкуль, яго падчас сьледзтва не было. Ён яўна дае паказаньні на карысьць супрацоўнікаў ДАІ”.

Сёньня зноў не абышлося без інцыдэнтаў у судовай залі. Падчас апытаньня сьведак уголас засьмяяўся адзін з супрацоўнікаў ДАІ, якія сядзелі на апошніх лавах. На патрабаваньне адвакаткі Веры Страмкоўскай судзьдзя выдаліла гэтага чалавека з залі.

Між тым калегі абвінавачаных і пасьля судовага сьледзтва мяркуюць, што тыя дзейнічалі правільна, адно што “не хапіла часу”. Вось што сказаў мне чалавек у цывільным, які назваўся “супрацоўнікам ДАІ Мікалаем Васільевічам”:

“Яны зрабілі ўсё, што магчыма, каб абараніць людзей — пешаходаў, якія хадзілі па горадзе. Для іх яны стараліся. Проста ў іх не хапіла часу. Гэта ўсё ў кіно добра атрымліваецца — тыдзень рыхтуюцца, каб у патрэбны час завесьці ЗІЛ і потым зрабіць здымкі. А тут усё ўзьнікла нечакана”.

Карэспандэнт: “Ці бывалі такія апэрацыі, такія “жывыя шчыты” раней?”
Калі б яны пабывалі ў нашай скуры, не было б гэтага сьмеху ў залі.


Міліцыянт. “Памятаеце, у фільме Віцын, Маргуноў і Нікулін за рукі трымаюцца, аж каленкі дрыжаць. Гэта быў першы “шчыт”. (Сьмяецца.) У тым “жывым шчыце”, як вы кажаце, мог ехаць я на працу, мой цесьць, цешча на лецішча. Таму ніхто гэтага не рыхтаваў адмыслова і нікога вінаваціць нельга”.

Пацярпелая Алена Калпакова з такім меркаваньнем нязгодная:

“Калі б яны пабывалі ў нашай скуры, не было б гэтага сьмеху ў залі. Я разумею прафэсійную салідарнасьць, што яны адзін аднаго падтрымліваюць, але быць сумленнымі да канца — гэта абавязак усіх, асабліва мужчын, якія носяць пагоны”.

Сёньня судовае сьледзтва ў справе было завершанае. Паводле пацярпелых і іх адвакаткі Веры Страмкоўскай, яно было праведзена аб’ектыўна. Заўтра на працэсе адбудуцца судовыя спрэчкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG