Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шэдэўраў за апошні час у Беларусі не зьявілася”


Скульптар Алесь Шатэрнік за апошнія 15 гадоў меў толькі адну дзяржаўную замову – на помнік крывічам у Полацку.


Бронзавы бюст Тадэвушу Касьцюшку ягонага аўтарства ўсталяваны на тэрыторыі амбасады ЗША ў Менску і яго ніхто не бачыць.

Значных помнікаў за часы незалежнасьці ў Беларусі не зьявілася. Іх увогуле ўзьведзена мала, але і сярод тых, якія былі пастаўленыя,-- шэдэўраў няма, -- перакананы Алесь Шатэрнік.

“Не ведаю, чаму не нараджаюцца шэдэўры... Для шэдэўраў патрэбныя і фінансавыя сродкі, і заклапочанасьць дзяржавы, а калі ў нас такое стаўленьне да нашай культуры, то адкуль ім зьявіцца?”

Прычым новыя помнікі часта паўстаюць у старым асяродзьдзі. У Полацку, напрыклад, насупраць новаму бронзаваму помніку Сімяону Полацкаму стаіць бэтонны Ленін з адламаным пальцам.

“А тое, што шмат паставілі помнікаў, скажам, бабе зь семкамі ці дзяўчынцы з парасонам, гэткія скульптуры могуць існаваць... Але ў нашай гісторыі, нашай культуры ёсьць столькі дзеячоў, якія проста не адзначаныя, і гэта прыкра. На той жа плошчы Свабоды ў Менску, дзе паставілі чыгунную фурманку з канём, маглі б стаяць помнікі Дуніну-Марцінкевічу, Сыракомлю, Манюшку. Гэтых помнікаў няма”.

Задумак у скульптараў шмат, але ў дзяржавы іншыя прыярытэты, кажа спадар Шатэрнік.

Ён згадвае, што на пачатку незалежнасьці Беларусі ў Менску паставілі помнік Максіму Гарэцкаму, з таго часу помнікаў беларускім пісьменьнікам не ставілі. У лепшым выпадку – мэмарыяльныя шыльды. Але Васілю Быкаву і шыльды не паставілі. Затое заснавалі мэмарыял “Лінія Сталіна” зь вялікім бюстам савецкаму дыктатару.

Леніны і Калініны па-ранейшаму дамінуюць у беларускіх гарадах. Некаторыя зь іх – адзінкі – сапраўды маюць нейкую мастацкую вартасьць, кажа спадар Шатэрнік. Але большасьці з часам наканавана патрапіць на пераплаўку,-- перакананы ён:

“Час робіць сваё. Паціху, пакрысе наноснае сплывае, а добрае застанецца. Як той жа помнік Скарыну ў Менску”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG