Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адзін са стваральнікаў і лідэраў БНФ Юры Хадыка адзначае 70-годзьдзе. Ён доктар фізыка-матэматычных навук, прафэсар. Таксама Юры Хадыка абараніў кандыдацкую дысэртацыю па мастацтвазнаўстве. У 1988 годзе прыйшоў у дэмакратычны рух, праз год быў абраны намесьнікам старшыні БНФ “Адраджэньне”. З 1996 па 2000 гады Ю. Хадыка ўваходзіў у назіральную раду Беларускага Хэльсынскага камітэту. За актыўную грамадзкую дзейнасьць некалькі разоў быў за кратамі, амаль месяц трымаў бестэрміновую палітычную галадоўку.

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня замовіў журналістам “Свабоды” падрыхтаваць перадачу на тэму “Кампраміс як сродак выйсьця з палітычнага крызісу ў дэмакратычным лягеры”. Яна прагучыць у пятніцу, 27 чэрвеня. А цягам тыдня ў ранішнім эфіры Юры Хадыка будзе разважаць пра ролю кампрамісаў у жыцьці сучаснай Беларусі. Сёньня ён распавядае пра вытокі беларускай парадыгмы кампрамісу.

Хадыка: “Чаму гісторыя Беларусі і беларускага народу была такой пакутлівай і супярэчлівай? Я прыйшоў да высновы, што прычына ў наступным: знойдзеная яшчэ ў XIII стагодзьдзі вялікім князем Войшалкам парадыгма была страчана.

Нагадаю: Войшалк, старэйшы сын вялікага князя Міндоўга, заснавальніка і творцы дзяржавы нашай, пасьля сьмерці бацькі ўзначаліў хрысьціянскую партыю, якая змагалася з партыяй паганскай. Больш ваенізаванай, больш здольнай да ўзброенай барацьбы.

Атрымаўшы ў цяжкім змаганьні перамогу, Войшалк тым ня менш склаў свае княскія абавязкі і сышоў у манастыр, які пабудаваў пад Наваградкам. Там зараз вёска Лаўрышава.

Гэтым самым ён захаваў адзінства дзяржавы, у якой былі дзьве магутныя партыі. Аддаўшы вайсковую і вышэйшую ўладу паганцам, ён захаваў цывілізацыйную форму гэтай краіны. Бо ўвесь адукаваны народ на той час быў ахрышчаны.

Гэтая вось парадыгма пошуку кампрамісу была зламаная ў канцы XVIII стагодзьдзя падчас падзелу Рэчы Паспалітай і навязваньня зусім іншага стэрэатыпу, мэнталітэту. Заснаванага на змаганьні да перамогі. “Мы за ценой не постоим”, як нас навучылі.

І гэта вяло да таго, што то адну партыю, то іншую ў нас вынішчалі да канца, але так і не маглі знайсьці выйсьця да цывілізаванага разьвіцьця, да эканамічнага росквіту, да свабоды ў краіне.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што імкненьне да кампрамісу — адлюстраваньне глыбокай філязофскай нормы. Дыялектычнай нормы. Бо, як вядома, усё ў сьвеце разьвіваецца ў барацьбе супярэчнасьцяў. Але гэтыя супярэчнасьці павінны знайсьці кампраміс — сынтэз, які аб’ядноўвае самыя галоўныя ідэі абодвух бакоў.

Толькі ў гэтым выпадку адбываецца паступовае і прагрэсіўнае разьвіцьцё грамадзтва”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG