Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што можна ўзнагародзіць дзяржаўную службу Беларусі?


23 чэрвеня Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый абвешчана Днём дзяржаўнай службы. 20 сьнежня 2002 года Асамблея ААН прыняла адпаведную рэзалюцыю. ААН заклікала ўсе дзяржавы, якія зьяўляюцца яе чальцамі, ладзіць у гэты дзень мерапрыемствы, што асьвятляюць унёсак дзяржаўнай службы ў працэс разьвіцьця краінаў.

Гэта сьвята ўсіх дзяржаўных службоўцаў, ва ўсіх іхных іпастасях, сумленных і адданых, якія шчыруюць і працуюць на карысьць свайго народу, тлумачыць дарадца прадстаўніка ААН у Беларусі Ўладзімер Шчэрбаў:
“Сэнс гэтага сьвята ў тым, што празь яго Арганізацыя Аб’яднаных Нацый падкрэсьлівае, што дзейнае, эфэктыўнае, адказнае і галоснае дзяржаўнае кіраваньне як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні адыгрывае вельмі важную, ключавую ролю ў ажыцьцяўленьні чалавечага разьвіцьця, у паляпшэньні дабрабыту грамадзян ва ўсім сьвеце”.
Колькі ў Беларусі дзяржаўных служачых, статыстыка замоўчвае. Міністэрства статыстыкі і аналізу падае толькі колькасьць проста служачых у краіне: 1 мільён 676,4 тысячы чалавек, альбо (крыху больш за 40% працаўнікоў). У Беларусі ў 1993 годзе быў прыняты Закон “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”. Галоўны пастулат закону – дзяржаўны службовец служыць найперш свайму народу. Праз 10 гадоў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прызналі, што той закон “ня быў прыведзены ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй і ўступіў у супярэчнасьць з многімі пазьней прынятымі заканадаўчымі актамі”. У 2003 годзе быў прыняты новы “Закон аб дзяржаўнай службе”.
Былы старшыня Вярхоўнага Савета 12 скліканьня Мечыслаў Грыб, пры старшынстве якога парлямэнт прымаў самы першы закон, выказаў такое меркаваньне пра беларускіх дзяржаўных службоўцаў:
“Што тычыцца дзяржаўных служачых у Беларусі, то яны ніколі і нічога не аддавалі і не аддаюць народу, таму што яны ўсе прызначаюцца. Яны ад народу ніяк не залежаць. Пачынаючы ад міністраў і ніжэй калі пайсьці, то яны ўсе прызначаюцца, і ў асноўным прэзыдэнтам. І яны яму і служаць. Пры чым тут народ? Хто мяне прызначыў, таму я і служу.
У ААН вось ужо чацьверты год запар адзначаюцца лепшыя службоўцы, якія сумленна і адказна выконваюць свае абавязкі на карысьць народу. Сёньня ў Нью-Ёрку будуць ўзнагароджваць пераможцаў, а тыя дзяліцца досьведам. Распавядае дарадца прадстаўніка ААН у Беларусі Ўладзімер Шчэрбаў:
“Сёлета будуць узнагароджаныя дзяржаўныя службы дванаццаці краінаў. Сярод іх ёсьць вельмі цікавыя прыклады добрай працы. Напрыклад, Сынгапур узнагароджваецца за ажыцьцяўленьне праграмы даступнага жытла для насельніцтва, якую гэта краіна рэалізоўвала з 1960-х гадоў. На сёньняшні дзень там вельмі добрае становішча з забесьпячэньнем насельніцтва жытлом. Вось праз такія прыклады ААН прасоўвае эфэктыўнае дзяржаўнае кіраваньне на карысьць грамадзянаў ва ўсім сьвеце праз гэтае сьвята”.
Пра тое, як у Беларусі на вышэйшым узроўні ставяцца да Закону аб дзяржаўнай службе гаворыць хаця б тое, што памочнікам Аляксандра Лукашэнкі быў прызначаны ягоны сын Віктар, хаця гэта супярэчыць палажэньню аб дзяржаўнай службе, якое забараняе блізкім сваякам знаходзіцца ў падначаленьні.
XS
SM
MD
LG