Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў кнігарнях Польшчы зьявілася кніга “Служба бясьпекі і Лех Валэнса. Дадатковыя зьвесткі да біяграфіі”, аўтары якой – гісторыкі дзяржаўнага Інстытуту нацыянальнай памяці – цьвердзяць, што легендарны лідэр “Салідарнасьці” ў першай палове 70-х гадоў быў агентам спэцслужбаў ПНР. Валэнса адкідае абвінавачаньні.

Гэтымі днямі ў грамадзка-палітычным жыцьці Польшчы дамінуе пытаньне: быў легендарны лідэр “Салідарнасьці” Лех Валэнса агентам па мянушцы “Болек” ці не?
“Гэта была адна з буйнейшых апэрацыяў службы бясьпекі ПНР – фальсіфікацыя тэчкі з матар’яламі супраць Леха Валэнсы. Гэта рабілася ва ўмовах надзвычайнай сакрэтнасьці, пры ўдзеле высокакваліфікаваных, найлепшых адмыслоўцаў у падробках. Захаваўся дакумэнт, у адным экзэмпляры, дзе паведамляецца, што спэцслужбы прыцягнулі да гэтай справы найлепшага спэцыяліста ў фальшаваньні почырку”, – кажа аўтарытэтны польскі гісторык, прафэсар Анджэй Фрышке.
Між тым ягоны калега з Інстытуту нацыянальнай памяці Пётр Гантарчык– суаўтар кнігі “Служба бясьпекі і Лех Валэнса. Дадатковыя зьвесткі да біяграфіі”, заяўляе, што высновы аб супрацоўніцтве былога прэзідэнта са спэцслужбамі зробленыя на падставе дакладных дасьледаваньняў архіўных матар’ялаў:
“Служба бясьпекі ў 80-х гадах мінулага стагодзьдзя рабіла ўсё магчымае, каб дыскрэдытаваць Валэнсу, сярод іншага, спрабуючы давесьці, што ён супрацоўнічаў з рэжымам і пасьля 1974 году. А паводле дакумэнтаў, менавіта тады Лех Валэнса адмовіўся ад супрацоўніцтва”.
Сваіх калегаў абараняе таксама кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Януш Куртыка:
“Інстытут нацыянальнай памяці ня выдаў бы гэтую працу, калі б мы не лічылі, што яна мае каштоўнасьць і падрыхтавана сумленна, пры выкарыстаньні ўсіх правілаў навуковага падыходу”.
Паводле спадара Куртыкі, у свабоднай краіне ніхто ня можа абмежаваць права гісторыкаў да выкананьня сваёй прафэсійнай дзейнасьці.
З кнігі вынікае, што ў першай палове 70-х, Лех Валэнса, які працаваў на суднаверфі электрыкам, даносіў на сваіх калегаў і атрымліваў за гэта грошы ад Службы бясьпекі. А потым, калі быў прэзыдэнтам, зьнішчаў адпаведныя дакумэнты з уласнай тэчкі.
Сам Лех Валэнса катэгарычна адкідае меркаваньні аб ягоным супрацоўніцтве з камуністычным рэжымам, заяўляючы, што ў дакумэнтах у гэтай справе няма ніводнага ягонага подпісу:
“У мяне не было і няма ніякай прычыны, каб зьнішчаць дакумэнты. Калі б быў подпіс недзе: “Валэнса” ці яшчэ што, тады зразумела. А так – які ў гэтым сэнс для мяне?”
Ляўрэат Нобэлеўскай узнагароды міру заявіў, што будзе судзіцца з усімі, хто абвінавачвае яго ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі, у тым ліку і з аўтарамі кнігі Інстытуту нацыянальнай памяці.
За Леха Валэнсу заступіўся прэм’ер-міністар Польчшы Дональд Туск. “Кожны, хто ведаў тады Валэнсу, памятае ягоны пакой у шматпавярховым доме – невялікі пакой, дзе жыў ён з жонкай і шасьцёра дзяцей. І кожнага, каму б прышло тады ў галаву сказаць, што Валэнса – агент, які за грошы прадае Польшчу, палічылі б за гнюса ці вар’ята”, – кажа прэм’ер.
Цікава, што паводле зробленых напярэдадні выхаду кнігі дасьледаваньняў, 60% палякаў кажуць, што нават калі будзе даведзена, што Лех Валэнса супрацоўнічаў са спэцслужбамі ў 1970-74 гадах, гэта не паўплывае на іхнае стаўленьне да былога прэзідэнта, як чалавека, які адыграў ключавую ролю ў разбурэньні камуністычнай сыстэмы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG