Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Позьні Быкаў – злая сатыра, гратэск, самаіронія”


Паэт Андрэй Хадановіч чытае фрагмэнт з аповеду “Бутэльчына, альбо Прэзыдэнт на дрэве”.

Не сакрэт, што наша любая Беларусь мае як мінімум двух пісьменьнікаў Васілёў Быкавых. Адзін – манумэнтальная глыба, народны пісьменьнік, якога не адменіць ніводзін рэжым, вядомы сваімі фундамэнтальнымі, трагічнымі, глыбокімі, раманамі пра вайну, пра нялёгкае беларускае жыцьцё, пісьменьнік 60-х, 70-х, 80-х гадоў. Быкаў, якога мы – я ў тым ліку – вывучалі ў школе. У школе нас вучылі хутчэй паважаць, чым любіць і з трымценьнем ставіцца да чагосьці.

І ёсьць Быкаў паўдазволены, паўзабаронены, Быкаў 90-х, пісьменьнік, які крытычна ставіцца не абстрактна да сьвету – гэта “паложана” пісьменьніку – але канкрэтна да сытуацыі ў краіне, рэжыму, аўтар кароткіх прыпавесьцяў і апавяданьняў. Гэты Быкаў для мяне ўжо пазаклясны і пасьляшкольны, таму яго можна ня толькі халодна паважаць, але і ставіцца як да чагосьці вельмі асабістага, як да свайго, ставіцца зь любоўю.

Гэта той самы Быкаў. Ён паказвае трагічныя рэчы, ён вельмі сур'ёзны. Але ў позьняга Быкава зьявілася тое, чаго, здавалася, не было – зьявіўся сьмех. Ён не заўсёды добры, часам гэта злая сатыра, гратэск, іронія і самаіронія што да беларусаў.

Сярод таго, што мне хацелася б выбраць, адно з найпазьнейшых апавяданьняў Быкава – “Прэзыдэнт або бутэльчына на дрэве” – сьведчаньне такога гумару, такой сатыры, такога гратэску. Калгасны качагар Яхім Памазок, вэтэран Вялікай айчыннай вайны, разам зь сябрамі бярэ бутэльчыну неправеранага алькаголю, і яму сьняцца кашмары.

Пры канцы ён прачынаецца. Часам мне здаецца, што гэта такая парабала, такая мэтафара – Беларусь 90-х – гэта страшны алькагольны сон, ад якога хочацца прачнуцца. Няхай пасьля будзе балець галава, але гэта будзе шчасьлівае прачынаньне ад кашмарнага сну.




Чытаем Быкава. Увесь чэрвень, кожны дзень, на хвалях Свабоды будуць гучаць быкаўскія радкі. Іх будуць чытаць розныя людзі – і блізкія сябры пісьменьніка.
XS
SM
MD
LG