Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Салдаценку аштрафавалі на 525 000 рублёў


Сёньня суд Пухавіцкага раёну аштрафаваў жыхара пасёлку Дружны Сяргея Салдаценку на 15 базавых велічыняў (525 тысячаў рублёў).

Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу пратэсту супраць будаўніцтва заводу ядахімікатаў расейскай кампаніі “Аўгуст-Бел”.

Суд пачаўся яшчэ ў панядзелак, але Сяргей Салдаценка тады ня быў нават азнаёмлены з сутнасьцю абвінавачаньня, таму паседжаньне было перанесенае на пятніцу. Пасьля вынясеньня рашэньня Сяргей Салдаценка сказаў:

“Я з рашэньнем суду ня згодны. Абскарджваць наўрад ці буду. Мы зараз будзем ініцыяваць адкліканьне нашых мясцовых дэпутатаў пасялковага, раённага, абласнога Саветаў. Ну і працягваць акцыі супраць будаўніцтва хімзавода”.

Актывісты ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу ядахімікатаў падалі заяву на правядзеньне сходу грамадзкасьці аб адкліканьні дэпутатаў пасялковага савету Аляксандра Кацэні і Віталя Чумачэнкі.

Нядаўна былі аштрафаваныя дзьве настаўніцы з Дружнага – Наста Папова і Тацяна Дылькова, двойчы аштрафавалі жыхара Сьвіслачы Сяргея Абразоўскага. Актывістка ініцыятыўнай групы Алена Буткоўская распавядае:

“Яны паціху ўсіх актывістаў пужаюць, ламаюць. На шчасьце, мы пакуль трымаемся з такой моцнай верай, што ўсё адно мы пераможам. Гэта адзінае, што нам застаецца. Ну і тое, што людзі паціху зьбіраюць па капейцы, і вось нейкія грошы назьбіраем, сплацім адзін штраф, рыхтуемся да другога”.

Жыхары Дружнага, Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры зьвярталіся зь лістамі пратэсту і ў Канстытуцыйны суд, і ў Генэральную пракуратуру, і ў Саўмін, і да Аляксандра Лукашэнкі. Месяц таму Генэральная пракуратура вынесла папярэджаньне кіраўніцтву расейскай прыватнай кампаніі “Аўгуст-Бел” ад недапушчальнасьці парушэньня Орхускай канвэнцыі (аб праве грамадзянаў на інфармацыю).

“Яны вынесьлі папярэджаньне, але яны не прымусілі выправіць памылкі. Даволі мяккае папярэджаньне. З улікам гэтага мы накіравалі новую скаргу ў Генпракуратуру, калектыўную скаргу. Падпісаліся больш за 30 чалавек, напісалі, што мы настойліва просім перагледзець справу і прымусіць іх выправіць парушэньні іншых законаў. Будзем чакаць адказу і на гэта”.

За ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах ў пасёлках Сьвіслач і Дружны адзін з актывістаў ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва хімзаводу Сяргей Абразоўскі быў двойчы пакаранымі буйнымі штрафамі. Папярэджаньне пракуратуры атрымала яшчэ адна ўдзельніца, Тацяна Рысевец.

Будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслач, Рудзенск, Дукора і іншых паселішчаў.

Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстутыцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і да Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер людзі зьбіраюць подпісы пад зваротам у ААН і АБСЭ.
XS
SM
MD
LG