Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Станкевіч: “Настальгіі па савецкай сымболіцы ў Літве няма”


Госьць “Начной Свабоды” дэпутат Літоўскага сойму, кіраўнік групы па сувязях зь Беларусьсю Вацлаў Станкевіч.

У Літве савецкую сымболіку прыраўнялі да нацысцкай: сойм краіны зрабіў дадаткі ў Закон аб сходах, якія забараняюць як тыя, так і другія сымбалі. Забарона тычыцца нацысцкай свастыкі, савецкай пяціканцовай зоркі, а таксама гімнаў нацысцкай Нямеччыны, СССР і Літоўскай ССР. У адпаведнасьці з новай рэдакцыяй закону, на мітынгах не дазваляецца дэманстраваць нацысцкую свастыку і савецкі серп і молат, партрэты кіраўнікоў нацысцкай Нямеччыны і функцыянэраў СССР, выконваць нацысцкі і савецкі гімны.

У дакумэнце адзначаецца, што сымболіка такога кшталту можа ўспрымацца як «прапаганда нацысцкага ці камуністычнага акупацыйнага рэжымаў». Раней аналягічны законапраект быў прыняты ў першым чытаньні парлямэнтам Эстоніі. Дакумэнт уводзіць адказнасьці за распаўсюд савецкай і нацысцкай сымболікі, праўда, дазваляе выкарыстоўваць іх у мастацкіх і адукацыйных мэтах.

Ганна Соўсь: Спадар Вацлаў, скажыце, калі ласка, хто быў ініцыятарам унесьці дадаткі ў Закон аб сходах? Чым гэтая прапанова аргумэнтавалася?

Вацлаў Станкевіч: Ініцыятарам гэтых прапановаў была фракцыя кансэрватараў, і галоўная мэта ў тым, што Літва, літоўскі народ , нацярпеліся ад аднаго і другога рэжыму ў час усясьветнай вайны, і ў савецкія часы, і Літва, як краіна НАТО, краіна Эўразьвязу мае свой шлях, шлях дэмакратычнага разьвіцьця. Для Літвы на цяперашні дзень і на будучыню вельмі важныя заходнеэўрапейскія каштоўнасьці, таму ў прапанове па гэтым законе было, што мы павінны адмежавацца ад аднаго і другога рэжыму і ісьці сваім шляхам. Бальшыня чальцоў Сойму ўчора галасавала за такі закон.

Соўсь: Ці падтрымала грамадзтва дэпутатаў у рашэньні забараніць савецкую і нацысцкую сымболіку?

Мы гаворым пра два таталітарныя рэжымы, якія ўжо адышлі ў гісторыю
Станкевіч
: Мы рэфэрэндуму не арганізоўвалі па гэтым пытаньні, але як грамадзянін Літвы магу сказаць, што добра адчуваю пульс і настрой нашага грамадзтва, мне здаецца, і я ня бачу, каб была нейкая настальгія па савецкай ці нацысцкай сымболіцы. Я ня бачу асаблівага супраціву гэтаму закону з боку грамадзтва. Па-другое, я таксама ня бачу, каб у грамадзтве ці ў палітычнай эліце былі нейкія адмоўныя настроі ў кірунку іншых краінаў, маючы на ўвазе сымболіку. Я нічога супольнага ў гэтым ня бачу зь сёньняшняй Расеяй ці зь іншай краінай. Мы гаворым пра два таталітарныя рэжымы, якія ўжо адышлі ў гісторыю.

Соўсь: Забарона тычыцца толькі правядзеньня сходаў, ці савецкая і нацысцкая сымболіка забароненыя для ўжываньня ва ўсіх сфэрах?

Станкевіч: Я згодны, можа, гэты закон трошкі і сыры, але гэта зроблены галоўны першы крок, каб адмежавацца ад гэтых нядобрых справаў. Пакуль што размова ідзе пра сходы і дэманстрацыі. Учора таксама была прапанова забараніць сымболіку і ўнутры партый, але гэты закон учора не прайшоў, так што размова ідзе толькі пра дэманстрацыі, мітынгі, публічныя паседжаньні.

мы нічога ня маем супраць Расеі, гэта супраць савецкага рэжыму, ад якога, дарэчы, пакутавала і сама Расея, расейскі народ
Я не прыпомню гучных выпадкаў, каб у Літве ў апошні час карысталіся гэтай сымболікай. Як я і казаў, адчуваецца ў нашым грамадзтве абыякавы настрой да сымболікі аднаго і другога рэжыму. З другога боку, я цешуся, што ёсьць цяпер закон, ёсьць незалежныя суды, так што закон цяпер будзе рэгуляваць такія пытаньні. Але такога, каб па вуліцах насілі такую сымболіку і карыстаўся ёю ў палітычных мэтах – такога ў Літве не было.

Соўсь: Як Вы мяркуеце, ці будуць праблемы у практычным выкарыстаньні закону – і як яны будуць вырашацца? Якое пакараньне прадугледжанае за выкарыстаньне савецкай і нацысцкай сымболікі?

Станкевіч: Я ня праўнік, пад рукою ў мяне цяпер няма гэтага закону, але пакараньне там ёсьць – гэта закон, а не пустыя словы.

Соўсь
: У фашызму быў Нюрнбэрг, а камунізм усё яшчэ не трапіў пад сапраўдны міжнародны трыбунал, хаця менавіта ў Літве гадоў восем таму правялі грамадзкі трыбунал над камунізмам. У свой час Вітаўтас Ландсбэргіс патрабаваў ад Расеі кампэнсацыі за акупацыю, праўда не надта пасьпяхова. Як Вы мяркуеце, рашэньне забараніць савецкую сымболіку, гімны СССР і Літоўскай ССР, партрэты функцыянэраў СССР – як гэта адаб’ецца на адносінах з Расеяй, дзе і кіраўніцтва, і вялікая частка насельніцтва дастаткова ляяльна ставяцца прынамсі да савецкай сымболікі?

Станкевіч: Я спадзяюся, што дачыненьні з Расеяй будуць добрыя. Сапраўды, я шчыра веру ў гэта, таму што я ўчора галасаваў за гэты закон, і я спадзяюся, што нашы расейскія калегі зразумеюць, што гэта нічога ня мае супольнага з Расеяй. Я ўжо чытаў сёньня меркаваньні некаторых расейскіх палітыкаў, якія вельмі незадаволеныя гэтым нашым законам, але я не разумею чаму яны гэтак хвалююцца – мы нічога ня маем супраць Расеі, гэта супраць савецкага рэжыму, ад якога, дарэчы, пакутавала і сама Расея, расейскі народ... Таму я спадзяюся, што з часам мы паразумеемся, – трэба тлумачыць і суседзям, і нашаму грамадзтву галоўныя нюансы гэтага закону. Ён ня мае нічога супольнага зь нявырашанымі пытаньнямі паміж Літвой і Расеяй. Гэта асобнае пытаньне, якое датычыцца толькі савецкага рэжыму.

Соўсь: Адрозна ад Эстоніі, у Літве ў свой час напачатку 1990-х гадоў хутка і амаль без праблемаў разабраліся з савецкімі помнікамі і прадпрымальнік Вілюмас Малінаўскас стварыў зь іх знакаміты цяпер у сьвеце Парк скульптураў савецкага пэрыяду, дзе поўна і Сталіных, і Савецкіх салдатаў, і Снечкусаў. Скажыце, калі ласка, а чаму менавіта цяпер узьнікла пытаньне пра забарону савецкіх і нацысцкіх сымбаляў?

Станкевіч: Як я казаў, для Літвы гэта на сёньняшні дзень ня вельмі актуальнае пытаньне – проста падышоў час, калегі-кансэрватары выказалі такую ініцыятыву, вось і ўсё. Магло быць і раней, і пазьней – сапраўды, гэта ня так актуальна. Але мы прававая краіна, таму хацелі б, каб рэглямэнтацыя была ў рамках закона, таму і зьявілася такая ініцыятыва.

Соўсь: У мяне да Вас асабістае пытаньне. Скажыце, калі ласка, хто-небудзь з Вашых родных пацярпеў ад камуністычнага рэжыму, і якая Ваша асабістая пазыцыя ў гэтым пытаньні?

Станкевіч: Зразумела. І Янка Станкевіч, і Адам Станкевіч... Цяпер мы разумеем, што гэта быў злачынны рэжым, ён прынёс шмат пакутаў і беларускаму, і літоўскаму народу. Так што я цешуся, што Літва ідзе сваім, дэмакратычным шляхам.

Соўсь: Мяне ў свой час вельмі ўразіў Музэй КДБ у былым будынку КДБ у цэнтры Вільні. Спадар Вацлаў, як Вы мяркуеце, можа аналягічны музэй калі-небудзь зьявіцца ў будынку беларускага КДБ?

Станкевіч: Спадзяюся што так.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG