Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падсудныя ў міліцэйскіх пагонах


Ці часта скаргі на дзеяньні міліцыянтаў, якія злоўжываюць службовым становішчам, даходзяць да суду? Ці могуць людзі абараніць сябе ад праяваў агрэсіі і зьнявагі з боку супрацоўнікаў міліцыі? Якая доля спраў заводзіцца супраць прадстаўнікоў улады?

На скаргі апазыцыянэраў, якіх зьбілі падчас затрыманьня міліцыянты, як правіла, даецца тыповы адказ: “па вашай заяве праведзена праверка. Дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі прызнаныя правамернымі”.

У тых выпадках, калі людзі маюць цялесныя пашкоджаньні, якія зафіксаваныя мэдыкамі, звычайна бываюць два варыянты адказу — альбо са спасылкай на тое, што немагчыма высьветліць асобы тых міліцыянтаў, якія нанесьлі пашкоджаньні, альбо — што міліцыянты дзейнічалі ў рамках дазволенага згодна з апэратыўнымі абставінамі.

Сьвятлана Завадзкая, якую ўдарыў спэцназавец падчас разгону “жывога ланцуга” ў памяць пра яе мужа, так і не дамаглася, каб міліцыянта прыцягнулі да адказнасьці.

“Я не спадзяюся, што ў нашых сёньняшніх абставінах, якія пануюць у Беларусі, магчыма нейкім чынам пакараць гэтых людзей. Мяркуючы па тым, што й пракуратурай, і судамі кіруе адзін чалавек, то, натуральна, праўды нідзе не дабіцца. Але змагацца трэба”, — сказала маці Зьмітра, Вольга Завадзкая.

Некалькі гадоў спатрэбілася пацярпелым ды іхным сваякам, каб на лаве падсудных апынуліся міліцыянты Першамайскага раёну Менску на чале з маёрам міліцыі Крамсаевым. Яны катавалі затрыманых на допытах. Некалькі чалавек засталіся інвалідамі.

Калі міліцыянты зьбілі да сьмерці начальніка зьмены гадзіньнікавага завода Аляксандра Кулакова, да адказнасьці іх прыцягнулі толькі пасьля таго, як сын нябожчыка, вядомы хакеіст, зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай узнавіць расьсьледаваньне.

Часам людзі, якія зьвяртаюцца ў вышэйшыя інстанцыі са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, сутыкаюцца з пагрозамі і забіраюць свае заявы.

Фэрмэр Алесь Касач прыехаў сёньня на Кастрычніцкую плошчу, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да сваёй справы. Ён апавёў “Свабодзе”, што паскардзіўся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў на дзеяньні супрацоўнікаў шклоўскай папраўчай калёніі, дзе адбывае пакараньне ягоны сын.

Сп.Касач апавёў, што міліцыянты прымушаюць сваякоў пакараных пералічваць грошы на рахункі калёніі, а таксама прывозіць розныя рэчы ў абмен на абяцаньне даць спатканьне. Пасьля таго як мужчына наведаў дэпартамэнт, ён сутыкнуўся з пагрозамі з боку міліцыянтаў.

“Калі ты хочаш сустрэцца з сынам, прывязі фарбу, прывязі сьвяцільнікі, пералічы грошы на рахунак, які назавуць. Калі я зьвярнуўся ў дэпартамэнт, каб яны разабраліся інкогніта, то яны патэлефанавалі ў калёнію і сказалі, што мой сын скардзіцца.

Тады яму там сказалі, што жыць яму засталося няшмат... Ведаеце, гэта вельмі цяжка давесьці такую справу да суду. Але я паспрабую. Сутыкаўся з рознымі людзьмі, і яны кажуць, што амаль немагчыма давесьці такую справу да лягічнага завяршэньня”.

Алесь Касач стаяў сёньня на Кастрычніцкай плошчы з плякатам, каб зьвярнуць увагу ўладаў на сваволю супрацоўнікаў шклоўскай калёніі, пакуль яго адтуль ня выдалілі міліцыянты.

Больш за дзесяць чалавек, зьбітых падчас жорсткага разгону групы моладзі на праспэкце Незалежнасьці сёлета 25 сакавіка, зьвярталіся па мэдычную дапамогу. Мэдыкі выклікалі ў шпіталі міліцыю. Днямі некалькі пацярпелых атрымалі адказы, што пакуль праводзіцца праверка.

На практыцы пракуратура часьцей даводзіць да суду крымінальныя справы супраць міліцыянтаў, абвінавачаных у хабарніцтве, распаўсюджваньні наркотыкаў, забойствах ці згвалтаваньнях. Справы тых, каго абвінавачваюць у зьбіцьці затрыманых, трапляюць у суды даволі рэдка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG