Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка запрасіў папу рымскага наведаць Беларусь


Аляксандар Лукашэнка запрасіў папу рымскага наведаць Беларусь у любы зручны для яго час – паведаміла прэсавая служба беларускага кіраўніка.

Дзяржаўны сакратар Сьвятога пасаду Тарчызіё Бэртонэ сёньня сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і перадаў вітаньне ад папы рымскага Бэнэдыкта ХVI.

Афіцыйны Менск выказаў гатовасьць да падпісаньня канкардату з Ватыканам. Аляксандар Лукашэнка, сустракаючы кардынала Бэртонэ, заявіў, што ягоны візыт адпавядае патрэбам беларускага грамадзтва і што ў ім няма палітычнага падтэксту:
Мы даўно супрацоўнічаем з Рыма-каталіцкай царквой, даўно знаходзімся ў кантакце і вялі дыялёг яшчэ з папярэднім папам, які вельмі паважаў і любіў нашую краіну. А.Лукашэнка


“Многія сёньня, асабліва ў частцы нашай апазыцыі, некаторыя сілы ў суседніх дзяржавах дый на Захадзе ўяўляюць ваш візыт як спробы беларускага кіраўніцтва з дапамогай Рыма-каталіцкай царквы наладзіць адносіны з Заходняй Эўропай. Хачу сказаць наступнае: наш дыялёг доўжыцца не апошнія 2—3—5 гадоў. Мы даўно супрацоўнічаем з Рыма-каталіцкай царквой, даўно знаходзімся ў кантакце і вялі дыялёг яшчэ з папярэднім папам, які вельмі паважаў і любіў нашую краіну. Ён не аднойчы мне сыгналізаваў аб гэтым”.

Пры гэтым А.Лукашэнка прызнаўся, што будзе вітаць, калі ў выніку гэтых кантактаў адносіны Беларусі з Эўропай сапраўды палепшацца. Пры гэтым ён заявіў, што Захад павінен разумець, што Беларусь — “абсалютна сувэрэнная дзяржава і нікому не дазволіць умешвацца ў нашыя ўнутраныя справы”.

А.Лукашэнка перадаў праз кардынала Бэртонэ падзяку папу рымскаму за ўвагу да Беларусі і беларускіх каталікоў:

“Я хачу, каб вы ведалі, што цяперашні прэзыдэнт Беларусі адданы раўнапраўю нашых канфесій, спакою, павазе адной канфэсіі ў адносінах да іншай з самых вялікіх канфэсій”.

Дзяржаўны сакратар Сьвятога пасаду Тарчызіё Бэртонэ ў адказ заявіў А.Лукашэнку: ягоны прыезд — знак таго, што “папа вітае і выказвае сваю павагу вам і ўсім грамадзянам Беларусі”.

Паводле словаў кардынала Бэртонэ, “каталіцкая царква прызнае значэньне Беларусі як моста паміж Усходам і Захадам і будзе старацца, каб Беларусь мела сваё значнае месца на міжнароднай арэне”.
Каталіцкая царква прызнае значэньне Беларусі як моста паміж Усходам і Захадам. Т.Бэртонэ


Першы канал Беларускага тэлебачаньня працытаваў выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, што “Беларусь гатовая заключыць пагадненьне аб супрацоўніцтве з каталіцкім касьцёлам”.

Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі бачыць некалькі мэтаў такой заявы:

“Калі будзе падпісаны канкардат, гэта падвышае магчымасьці для ўплыву на касьцёл унутры краіны, на адпаведны электарат. А па-другое, беларускае кіраўніцтва не выключае, што гэта дапаможа перакінуць нейкі масток у Эўропу”.

Візыт кардынала Бэртонэ ў Беларусь мае дзяржаўны і экумэнічны характар, падкрэсьліў кіраўнік каталіцкага касьцёлу ў Беларусі мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч:

“Гэта для нас вельмі важна. Мы хочам бачыць папу таксама, але пакуль што ня можам. Аднак мы ўжо бачым чалавека, які найбліжэй да папы знаходзіцца, найбліжэйшы супрацоўнік папы. У гэтым сэнсе я мяркую, што можа адкрыцца новая старонка паміж Беларусьсю і Ватыканам, паміж Беларусьсю і каталіцкай царквой. Можа, нейкі новы дынамізм таксама ўнутранага жыцьця касьцёла мусіць зьявіцца”.

Аляксандар Класкоўскі гэтак тлумачыць прычыну зацікаўленасьці Менску ў дачыненьнях з Ватыканам:
Стаіць задача заваяваць сымпатыі каталіцкага электарату. А.Класкоўскі


"Я думаю, эта можна патлумачыць шэрагам чыньнікаў. Я б вылучыў і ўнутраны чыньнік – то бок, калі казаць наўпрост, стаіць задача заваяваць сымпатыі каталіцкага электарату, таму што традыцыйная сацыяльная база ўлады пакрысе размываецца – я маю на ўвазе пэнсіянэраў, льготнікаў, якія ўжо не ў захапленьні ад скасаваньня тых самых льготаў, і патрэбна прыцягваць на свой бок новыя сацыяльныя катэгорыі.

І, канечне, вельмі важны замежнапалітычны чыньнік, хоць тут подбіўка палітычная і адмаўляецца. Але разам з тым Ватыкан можа стаць тым мастком, які дапаможа наладзіць стасункі з Эўропай. І ён зручны ў тым сэнсе, што ён не артыкулюе наўпрост палітычныя патрабаваньні. Тое, што нават перад візытам Мядзьведзева ў Берасьце афіцыйны Менск усё-ткі зрабіў гэтае запрашэньне, даказвае лішні раз, што эўрапейскі вэктар сёньня для афіцыйнага Менску вельмі важны, што яны не баяцца ў гэтым сэнсе нават выклікаць пэўнае раздражненьне Масквы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG