Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа пра “жывы шчыт”: сьведчаньні зноў супярэчлівыя


Працэс у справе “жывога шчыта” сёньня працягваўся ў Менскім раённым судзе. Як і ў першы дзень працэсу, прагучалі паказаньні, якія істотна адрозьніваюцца ад матэрыялаў справы. ТЭМА ДНЯ.

У Менскім раённым судзе працягваецца працэс у справе “жывога шчыта”. Сёньня працягваў даваць паказаньні другі з абвінавачаных — старшы лейтэнант Аляксей Ліхтаровіч. Нагадаю, яго разам з маёрам Генадзем Дарагакупцам судзяць паводле абвінавачаньня ў службовым злоўжываньні. Паводле сьледзтва, міліцыянты, парушыўшы інструкцыю, выставілі ўпоперак дарогі прыватныя аўтамабілі, каб спыніць нецьвярозага кіроўцу, з-за чаго пацярпелі людзі. Генадзь Дарагакупец сваю віну адмовіў, і ўсьлед за ім гэта ж паўтарыў Аляксей Ліхтаровіч. Калі яму зачыталі дадзеныя падчас сьледзтва паказаньні, у якіх міліцыянт часткова прызнае сябе вінаватым, Аляксей Ліхтаровіч заявіў, што нібыта “на яго рабіў ціск сьледчы”.

Якія паказаньні далі сьведкі? Адзіная сьведка з боку пацярпелых — Ларыса Колас, якая прыехала на месца здарэньня, каб забраць трохгадовую дачку пацярпелых Пашкевічаў — Леру. Сьведка заявіла, што ня бачыла, як на аўтамабілях ДАІ працуюць чырвона-блакітныя пробліскавыя маячкі. Увогуле яе зьдзівіла стаўленьне міліцыянтаў да падзеі:

“Міжсобку яны абмяркоўвалі, як будуць рамантаваць свае аўтамабілі. Мяне зьдзівіла, што абмяркоўваюць ня тую рызыку для жыцьця пасажыраў, якая была ў выніку іх дзеяньняў, а свае аўтамабілі”.



Жывы шчыт. Сьведчаньні пацярпелых (НТВ)

Усе астатнія сьведкі былі супрацоўнікамі ДАІ. Інспэктар Уладзімер Малочка паведаміў, што прыехаў на Слуцкую шашу якраз у той момант, калі здарылася аварыя:

“Стаяў экіпаж, працавалі мігалкі. Мы пад'ехалі і ўбачылі, як з гэтай машыны выйшаў Ліхтаровіч. Наперадзе былі два аўтамабілі, але рухаліся яны ці не, ня ведаю. Я толькі бачыў, што была вібрацыя ліхтароў. А потым сьвятло ад ліхтароў зьмянілася і пачуўся моцны ўдар. Нават БМВ, у якую ўдарыліся, даехала да першага міліцэйскага аўтамабіля, а тыя ўдарыліся ў нас. Мы выскачылі, і потым мой напарнік Коранеў адключыў маячкі”.

Падобныя паказаньні далі яшчэ інспэктар Аляксей Коранеў і супрацоўнікі Слуцкага ДАІ Аляксандар Кандраценя і Зьміцер Суцько. Аднак высьветлілася, што два гэтыя сьведкі на сьледзтве казалі іншае: што ўлучаных чырвона-блакітных пробліскавых маячкоў на аўтамабілях ДАІ ня бачылі, бо іх увага “была занятая перасьледам аўтамабіля”.



Жывы шчыт. Здымка на мабільны тэлефон (НТВ)

Пасьля апытаньня сьведак суд пачаў аналізаваць аўдыёзапісы размоў супрацоўнікаў ДАІ зь дзяжурнымі, якія кіравалі затрыманьнем парушальніка. На адным запісе ясна прагучала: “працуюць, перагароджваюць”. Вось гэты запіс, пачуты ў судзе. Другі голас належыць сьведку Аляксандру Бужынскаму.

Міліцыянт: “Добры вечар, гэта з абласнога ДАІ. Хлопцы, тут нам са Слуцку прыйшлі зьвесткі, што на шашы нецьвярозы кіроўца...”

Бужынскі: “Ужо накіравалі туды машыну, яны працуюць, перагароджваюць. Нумар пяць тры” .

Міліцыянт: “Добра. Пазыўны слуцкі 2613. Яны яго гоняць”.

У судзе сьведка Бужынскі пацьвердзіў, што гэта ён казаў у тэлефон “працуюць, перагароджваюць” пра сваіх калегаў.

Яшчэ коратка пра інцыдэнт. Увечары высьветлілася, што сьведка Ўладзімер Малочка ўчора прысутнічаў на паседжаньні, што забаронена законам. Міліцыянт сказаў, што нічога ня ведаў пра такую забарону.

Таксама з істотных момантаў — судзьдзя Ірына Майко адмовілася выслухоўваць на працэсе ў якасьці сьведкі начальніка Менскага ДАІ Зьмітра Карзюка. Пацярпелыя мяркуюць, што гэта ён прыяжджаў на месца здарэньня адразу пасьля аварыі.

Што да пасажыраў аўтамабіля “Фольксваген Гольф”, які ўчыніў аварыю, іх у якасьці сьведак у суд ня выклікалі. Гэтак вырашыла сьледзтва. Нагадаю, сам Раман Мянцюк, які кіраваў тым аўтамабілем, уцёк і абвешчаны ў вышук.



Падсудныя ў міліцэйскіх пагонах

Ці часта скаргі на дзеяньні міліцыянтаў, якія злоўжываюць службовым становішчам, даходзяць да суду? Ці могуць людзі абараніць сябе ад праяваў агрэсіі і зьнявагі з боку супрацоўнікаў міліцыі? Якая доля спраў заводзіцца супраць прадстаўнікоў улады?

Акцыя супраць свавольля супрацоўнікаў калёніі

Супрацоўнікі міліцыі выдалілі з Кастрычніцкай плошчы Алеся Касача. Мужчына стаў там з плякатам, каб зьвярнуць увагу ўладаў на сваволю супрацоўнікаў шклоўскай папраўчай калёніі.


“Міліцыянты служаць не народу, а ўладзе”

Грамадзкі актывіст Міхаіл Калінкевіч з пасёлку Рудзенск на Меншчыне — сябра аргкамітэту, які выступае супраць будаўніцтва ў Пухавіцкім раёне заводу ядахімікатаў расейскай кампаніі “Август”. За гэты пратэст, як пераконвае суразмоўца, яго перасьледуе раённая міліцыя.


“Суд будзе рабіць тое, што яму сказалі зьверху”

Генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб заявіў, што стварэньне “жывога шчыта” не ўкладаецца ні ў якія законныя нормы і падыходы.


А. Воўчак: ёсьць міліцэйская кругавая парука

Праваабаронца Алег Воўчак лічыць, што да справы трэба было далучаць вышэйшае начальства, адказнае за прыняцьце гэтага рашэньня — перакрыць машынамі дарогу.


Р.Мянцюк ня будзе адказваць за “жывы шчыт”


Суд адхіліў хадайніцтва адвакакта Васіля Тулякова аб далучэньні ў якасьці суадказчыка кіроўцы аўтамабіля Рамана Мянцюка, які лічыцца вінаватым у дарожна-транспартным здарэньні 2 сакавіка ля Менску.


Суд у справе “жывога шчыта”


Пачаўся працэс з інцыдэнту — у залю не змаглі зайсьці ўсе ахвотныя журналісты, паколькі большасьць месцаў была занятая яшчэ да таго, як пачалі пускаць прэсу. Адвакатка пацярпелых Вера Страмкоўская заявіла пратэст і хадайнічала, каб працэс здымалі на відэа. Судзьдзя хадайніцтва адхіліла.


2 сакавіка 2008 года супрацоўнікі ДАІ ўдзельнічалі ў затрыманьні п’янага кіроўцы Рамана Менцюка на трасе Менск-Мікашэвічы. Каб спыніць кіроўцу, супрацоўнікі ДАІ выставілі “жывы шчыт” зь некалькіх машын, у якіх знаходзіліся пяцёра дарослых грамадзянаў і дзіця. Маёр міліцыі Генадзь Дарагакупец і ягоны падначалены, старшы лейтэнант Аляксей Ліхтаровіч абвінавачваюцца ва злоўжываньні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі. Адпаведны артыкул крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі.
XS
SM
MD
LG