Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Левін: “Запалак з Хатыньню ў калекцыі мець не хацеў бы”


Прадпрыемства “Пінскдрэў” адзначылася беспрэцэдэнтным “палётам фантазіі”. На пачачках з запалкамі пінскай вытворчасьці зьявілася выява бронзавай скульптуры “Няскоранага чалавека” – цэнтральнага зьвяна мэмарыяльнага комплексу “Хатынь”. Той факт, што для афармленьня пачка запалак выкарыстана ілюстрацыя мэмарыялу, створанага ў памяць аб спаленай вёсцы, уздымае пытаньні маральнага кшталту.

Хатынь даўно стала сымбалем жалобы беларускага народу. Цэнтральная фігура мэмарыяльнага комплексу – “няскораны стары” з хлопчыкам на руках. Прататыпам яго стаў хатынскі каваль Ёсіф Камінскі, які ў ліку некалькіх вяскоўцаў уратаваўся ад калектыўнай сьмерці. Нядаўна “няскораны” зьявіўся на пачачках з запалкамі, з дапамогай якіх карнікі вёску і спалілі.

І хоць “Пінскдрэў” да хатынскай трагедыі ніякага дачыненьня ня мае, на прадпрыемстве, падобна, самі ў разгубленасьці ад двухсэнсоўнасьці, якая атрымалася. У аддзеле грамадзкіх сувязяў патлумачылі, што мэту мелі высакародную – нагадаць беларусам пра трагедыю, ад моманту якой сёлета ў сакавіку мінула 65 гадоў:
Запалкамі падпалілі – гэта не бясспрэчна ...


“Гэта складанае пытаньне. Хутчэй за ўсё, гэта зроблена да дня жалобы, скажам так, памяці. Але, ведаеце, тут дваяка можна казаць. З аднаго боку, можна прэзэнтаваць гэта як гістарычныя адметнасьці Беларусі. З другога, калі хтосьці мэтанакіравана робіць высновы, што запалкамі падпалілі – дык гэта таксама не бясспрэчна. А можа быць, не запалкамі? Можа, агнямётам? Калі паказваюць відэазапісы, дык усё падпальвалася агнямётамі. Хоць тут можна з розных бакоў глядзець – якім чынам і як. Бо ёсьць меркаваньні зь іншых інфармацыйных крыніц, што гэта не нямецкія захопнікі Хатынь спалілі, а якраз чырвоныя атрады, пераапранутыя ў фашысцкую форму”.

Адзін з аўтараў мэмарыяльнага комплексу “Хатынь”, заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, ляўрэат Ленінскай прэміі Леанід Левін прызнаецца, што колісь быў заўзятым калекцыянэрам этыкетак з запалак. Аднак такой налепкі ў калекцыі мець не хацеў бы:
Робяць бяз розуму, бязь зьвілінаў...


“Калісьці ў маладосьці я зьбіраў гэтыя этыкеткі. Праз гэтыя этыкеткі праходзілі цэлыя сэрыі – у тым ліку і помнікі. Былі нават паўнавартасныя мастацкія наборы. Але, безумоўна, калі я бяру скрыначку і бачу там скульптуру Камінскага, “Няскоранага”, то ўзьнікаюць пытаньні. Перадусім маральнага кшталту. Я разумею, каб выпусьцілі на гэтую тэму блёкі – як паштоўкі, напрыклад, як маркі, то калі ласка. Але калі ў продажы зьявіліся запалкі са старым з Хатыні, то нешта тут ня тое. Робяць, прабачце мне, бяз розуму, безь зьвілінаў. Нехта сказаў, нехта падхапіў, а тыя зрабілі. Абсалютная недапрацоўка”.

Днямі ў Менску быў прэзэнтаваны дакумэнтальны фільм “Праўда Хатыні”. Паўгадзінная стужка расказвае пра трагедыю вёскі на Лагойшчыне, спаленай разам з жыхарамі 22 сакавіка 1943 году. У фільме зьняпраўджваецца афіцыйная вэрсія, што Хатынь спалілі фашысты. Грунтуючыся на архіўных зьвестках, аўтары сьцьвярджаюць: вёску зьнішчыў украінскі карны батальён, укамплектаваны “братамі-славянамі”. Кансультант фільму гісторык Ігар Кузьняцоў імпэт “Пінскдрэву” паспрыяць гістарычнаму працэсу пракамэнтаваў так:

“Як мне падаецца, лішне штосьці камэнтаваць. Бо зрабіць гэта можна было толькі ад недалёкага розуму. Інакш ня скажаш. Ня думаю, што ў іх была такая глыбокая задума прапагандаваць тэматыку Хатыні праз запалкі. Бо хто набывае запалкі ці імі карыстаецца – то гэта нейкі намёк атрымліваецца ці зьдзек. Гэта хутчэй ад непісьменнасьці, па прынцыпе “абы прыклеіць, і няхай сабе будзе”. Ня веру, што там хтосьці глыбокі сэнс заклаў, калі прымаў такое рашэньне. Простая неадукаванасьць і непісьменнасьць. Але я з такім унікальным выпадкам яшчэ ніколі не сутыкаўся і не паверыў бы, каб хтосьці ў размове сказаў”.

Дарэчы, зьявілася інфармацыя, што вытворцаў запалак могуць абавязаць друкаваць партрэты зьніклых у Беларусі – цяпер у вышуку значацца больш за дзьве тысячы дарослых і дзяцей. На думку кіраўніцтва МУС, выявы з апісаньнем зьніклага забіралі б увагу, а распаўсюджваньне запалак сярод самых розных пластоў дазваляе ахапіць максымум насельніцтва. Апроч таго, сотні людзей захапляюцца філюмэніяй – калекцыянаваньнем запалкавых этыкетак. І калі тэхнічна надрукаваць партрэты няцяжка, то дамагчыся юрыдычнага і прававога дазволу з вышэйшых інстанцыяў прадпрыемствам больш складана.

Куды прасьцей зьмясьціць на этыкетцы Камінскага ці апошні гіт – вярблюда.
XS
SM
MD
LG