Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладу правераць праз стрыманасьць і сьціпласьць


На сайце Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі зьявіўся поўны сьпіс кандыдатаў ад АДС у сябры акруговых выбарчых камісіяў. У ім 110 прозьвішчаў – роўна столькі, колькі будзе акругаў і дэпутатаў у новым складзе Палаты прадстаўнікоў. Любы ахвотны можа пабачыць узрост кандыдатаў, адукацыю, досьвед жыцьцёвай і грамадзкай працы.

Наколькі складана было падрыхтаваць такі сьпіс? Што аб’ядноўвае самых розных людзей, якія хочуць працаваць у акруговых камісіях? Якія ў іх пэрспэктывы трапіць туды? На гэтыя пытаньні адказвае каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка.

Глод: Звычайна, калі адбіраюць групу людзей для нейкай мэты, перадусім складаюць пэўныя крытэры. А потым глядзяць, хто з прэтэндэнтаў найбольш ім адпавядае. А чым кіраваліся вы?

Карняенка: Мы працавалі над тым, каб гэты сьпіс быў якасны. Каб усе людзі, якія ўвайшлі ў наш сьпіс, мелі вялікі досьвед выбарчай працы. І таму быў конкурс. І ў гэтым – уся цяжкасьць.

А насамрэч ахвотных нямала. Трэба было паразмаўляць зь вядомымі ў Беларусі людзьмі, прыкладам, з былымі кіраўнікамі дзяржавы Шушкевічам і Грыбам, каб яны зразумелі, для чаго гэта трэба.

Глод: У сьпісе вельмі розныя людзі: мужчыны і жанчыны, старэйшыя і маладзейшыя, былыя міністры і навукоўцы, генэралы і выкладчыкі... А ці ёсьць у іх ува ўсіх, акрамя досьведу ў выбарчых кампаніях, яшчэ нешта агульнае?

Карняенка: Безумоўна, гэта людзі, якія хацелі б прагрэсіўных пераменаў у краіне. І вось гэта іх аб'ядноўвае.

Бальшыня зь іх мела дачыненьні да ўлады, мела досьвед працы ў выбарчых камісіях. Гэтыя людзі ведаюць, як працаваць. І тое, што сёньня адбываецца ў краіне, тое, якім чынам арганізаваныя выбары, безумоўна, іх не задавальняе. Гэта агульная рыса для ўсіх нашых кандыдатаў.

Глод: Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына нядаўна казала: “Я ня ведаю, што гэта такое – Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы”. Тады якім чынам вы будзеце вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі?

Карняенка: Тут спадарыні Ярмошынай няма пра што клапаціцца. Мы ведаем законы. І мы будзем вылучаць нашых кандыдатаў спосабамі, якія прадугледжаныя ў заканадаўстве. А канкрэтна – ад палітычных партыяў, ад няўрадавых арганізацыяў і праз збор подпісаў. Гэтае вылучэньне будзе адбывацца праз абласныя ўлады. І Цэнтральная выбарчая камісія вельмі ўскоснае мае да гэтага дачыненьне. Таму клопат спадарыні Ярмошынай не зусім мне зразумелы.

А што да АДС... Яна лічыць – іх няма. Мы лічым, што мы ёсьць. АДС ня ёсьць нейкая кантора, арганізацыя. Гэта ёсьць форма супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў.

Глод: Закон дазваляе ўключаць у кожную акруговую камісію ад 9 да 13 чалавек. А дэмсілы прапануюць толькі па адным чалавеку. Чаму так мала?

Карняенка: Нашыя патрабаваньні – мінімальныя. Стрыманасьць і сьціпласьць у дадзеным выпадку ёсьць інструмэнт доказу, наколькі ў нашай краіне выбарчы працэс дэмакратычны.

Вельмі цяжка, з майго пункту гледжаньня, знайсьці аргумэнты, каб не ўключыць нашых кандыдатаў. І ў гэтым таксама была наша ідэя, што тут хаваць. Калі не ўключаць такіх дасьведчаных і моцных людзей, дык тады мэты ўлады робяцца зразумелымі.
XS
SM
MD
LG