Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень візыту ў Беларусь дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Тарчызіё Бэртонэ пачаў сустрэчай з праваслаўным мітрапалітам Філарэтам.

Паводле кардынала, яна была плённай і канструктыўнай. Таксама кардынал правёў перамовы зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Паводле кардынала, ягоная сустрэча з праваслаўным мітрапалітам Філарэтам была вельмі пазытыўнай у пляне ўзаемнага абмену. Яна “дэманструе атмасфэру супрацоўніцтва, якая існуе ў Беларусі паміж дзьвюма канфэсіямі і цэрквамі”.

Прадстаўнік праваслаўнай царквы сьвятар Аляксей Шынкевіч сказаў:

“Мы лічым, што гэта ўжо добры крок для рыма-каталіцкага касьцёлу. Гэта знак нашай павагі.Знак таго, каб рыма-каталіцкая царква такім жа чынам ставілася да інтарэсаў праваслаўнай царквы, у тым ліку і на Беларусі”.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка, прымаючы дзяржаўнага сакратара Сьвятога пасаду, сказаў, што яго апарат кантралюе выкананьне закону аб свабодзе сумленьня, а ня дзейнасьць рэлігійных арганізацый. У адказ кардынал перадаў удзячнасьць “за свабоду рэлігій, якая ёсьць у Беларусі”.

Пачынаючы перамовы з кардыналам Бэртонэ, міністар замежных справаў Беларусі выказаў спадзяваньне, што візыт будзе плённым. Заўтра, як паведаміў кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі, дзяржаўнага сакратара Сьвятога пасаду прыме кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Каталіцкія вернікі чакаюць, што ў выніку прыезду Дзяржаўнага сакратара Сьвятога пасаду стане магчымым візыт папы рымскага ў Беларусь. Актывіст менскай каталіцкай грамады Мікола Гракаў сказаў:

“Ужо шмат гадоў вернікі каталіцкай царквы моляцца за тое, каб сьвяты айцец прыехаў у Беларусь, каб папа рымскі маліўся тут разам з намі ў нашай краіне. І гэта было, калі яшчэ жыў Ян Павал II. Гэта працягваецца, калі сьвятым айцом абраны Бэнэдыкт XVI. Мы спадзяемся, што калісьці сьвяты айцец прыедзе ў Беларусь. Наколькі хутка гэта будзе — гэта аднаму Богу вядома. Ня ўсё залежыць ад людзей і нават ад самых высокіх уладаў. Усё залежыць ад яшчэ вышэйшай волі”.

Паводле прадстаўніка праваслаўнай царквы Аляксея Шынкевіча, пакуль што ніякай магчымасьці візыту папы ў Беларусь няма і ня будзе.

“Гэта агульная пазыцыя Расейскай праваслаўнай царквы. І гэта пытаньне не мітрапаліта. Гэта пытаньне Сьвяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія і сыноду Расейскай праваслаўнай царквы. Менавіта так гэта пытаньне і будзе вырашацца — не іначай”.

Сёньня кардынал Тарчызіё Бэртонэ мае яшчэ прачытаць лекцыю перад студэнтамі Белдзяржунівэрсытэту і сустрэцца з грэка-каталікамі Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG