Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэр? Высяляйся з кватэры!


Тураўская грамадзкая актывістка Іна Зеніна атрымала ад дырэкцыі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” патрабаваньне вызваліць службовую кватэру.

“Кватэру я атрымала ў 1994 годзе. У 2005-м мне разам з суседзямі — тут некалькі аналягічных кватэраў — прапанавалі яе прыватызаваць. Быў дадзены дазвол Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта на прыватызацыю ўсяго дому. Мы пагадзіліся, пачалі зьбіраць дакумэнты. За свой кошт я, напрыклад, зрабіла тэхпашпарт кватэры, акт на зямлю. Суседкі — яны ўжо прыватызавалі. Мне — цягнулі, цягнулі… Напрыканцы мінулага году зноў тэлефаную ў дырэкцыю парка. Там адказвалі: “Ну пачакайце, вось-вось”. Мне надакучыла, і я пісьмова зьвярнулася з запытаньнем, калі скончаць маю прыватызацыю. На гэта генэральны дырэктар Бамбіза прыслаў адказ: кватэра — службовая, і вы зь яе ўвогуле высяляйцеся”.

Спадарыня Зеніна — прафэсійны біёляг, яна каардынуе некаторыя праекты грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

У цяперашняй трохпакаёўцы ў доме катэджнага тыпу, які афіцыйна належыць Нацыянальнаму парку, Іна Зеніна жыве з сынам і мужам чатырнаццаць гадоў. З таго часу, калі яна як біёляг працавала ў парку навуковым супрацоўнікам.

Кантракт са спадарыняй Зенінай дырэкцыя парку спыніла ў 2002-м — неўзабаве пасьля таго, як жанчына сумесна зь іншымі спэцыялістамі, грамадзкімі й палітычнымі дзеячамі Беларусі падпісала зварот у Раду Эўропы пра масавыя высечкі дрэваў у Белавескай пушчы.

Пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году пазбавілася Зеніна сталай працы і ў сыстэме адукацыі, бо зьбірала подпісы ў падтрымку апазыцыйнага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча.

Старшыня прафкаму Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Рыгор Шостак кажа, што пытаньне з кватэрай Іны Зенінай надзвычай вострае:

“Яна жыве ў службовым жытле. Яна хацела яго прыватызаваць. Але прыватызацыя службовага жытла на аб’ектах Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта забароненая. 565 указ прэзыдэнта: працуеш — калі ласка, жыві, не працуеш — вызвалі. Канечне, гэта бяда. Але ж хіба яна адна такая, у такім становішчы апынулася?!”

Другі тураўскі актывіст руху “За Свабоду”, рэдактар малафарматнай газэты “Вольныя навіны” Міхаіл Козел, хоць і жыве ў прыватнай хаце, але таксама не пазьбегнуў шэрагу праблемаў.

Учора ўвечары да яго дадому завіталі двое ў цывільным. Адзін зь іх называў сябе начальнікам Петрыкаўскага аддзелу УКГБ. Ён патрабаваў адчыніць дзьверы. Актывіст адмовіўся гэта зрабіць, бо ніякай пастановы на надгляд жытла цывільныя асобы ня мелі. І позвы ў КДБ ён не атрымліваў.

Міхаіл палічыў за лепшае выклікаць праз тэлефон міліцыю.

Супрацоўнікі міліцыі й КДБ адвезьлі спадара Козела ў пастарунак:

“Яны адвезьлі мяне ў пастарунак. І там я даў ім тлумачэньне на імя начальніка абласной управы КДБ наконт таго, што мне растлумачаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу — 342 і 369. Першы датычны арганізацыі масавых мерапрыемстваў супраць улады, наколькі я разумею, а другі — супраць збору інфармацыі й перадачы яе розным замежным дзяржавам”.

Напрыканцы траўня Міхаіла Козела затрымалі спэцслужбы ў Менску ля амэрыканскага консульства. У яго забралі 1422 даляры, учынілі шматгадзінны допыт, а пасьля паказалі фрагмэнты яго з адпаведным камэнтаром на беларускім тэлебачаньні.

У хуткім часе спадар Козел зьвярнуўся да незалежных мэдыяў. Ягоны зварот зьмешчаны на сайце Аляксандра Мілінкевіча.

“Што б ні паказвала так званае “беларускае” тэлебачаньне на дзяржаўных каналах, варта ведаць, што сюжэты з маім удзелам ёсьць помстай супрацоўнікаў КДБ РБ за адмову даць пісьмовую згоду на супрацоўніцтва зь імі. Усё тое, што адбылося, ёсьць старанна падрыхтаваная беларускай спэцслужбай правакацыя”, — гаворыцца ў заяве тураўскага актывіста.

Міхаіл Козел сьцьвярджае, што правакацыйныя захады адносна яго з боку міліцыі і КДБ пачаліся пасьля таго, як ён адмовіўся зь імі супрацоўнічаць.

XS
SM
MD
LG