Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў чакае адкрыцьця адноўленай ратушы <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


3 ліпеня ў Магілёве чакаецца адкрыцьцё адбудаванай ратушы. Яе пачалі аднаўляць летась, у пяцідзясятую гадавіну зьнішчэньня.

Пакуль дакладна не вядома, якія ўстановы разьмесьцяцца ў памяшканьнях новай ратушы. Напярэдадні ўрачыстасьці ў гарвыканкаме абмяркоўваюць і варыянты перайменаваньня плошчы, над якой ад 1681 году ўзвышаўся ратушны гмах. Цяпер гэтая плошча завецца Савецкай. Прапануецца зьмяніць гэтую назву альбо на плошчу Славы, альбо на Ратушную.

Магілёўскі журналіст ды краязнаўца Мікалай Ножнікаў сьцьвярджае, што ратушу адбудавалі паводле старых рысункаў:

“Паколькі ратуша прастаяла няпоўныя тры стагодзьдзі, то былі перабудовы, аднак арыгінал такі вось — раньняе беларускае барока. Там крыху ёсьць клясыцызму й элемэнты барока. На самыя старыя праекты арыентаваліся, бо практычна ўсё захавалася ў Піцеры”.

Да 1917 году ў гэтым будынку засядаў гарадзкі магістрат. Ад трэцяга жніўня 1926 году ратуша як помнік архітэктуры знаходзілася пад абаронай дзяржавы. Пасьля другой усясьветнай вайны пашкоджаную ратушу зьбіраліся аднавіць. Улетку 1957 году, аднак, яе ўзарвалі.

Пакуль дакладна не вядома, якія ўстановы разьмесьцяць у ратушы. Калі будаўніцтва пачалося, заяўлялася, што некалькі ратушных памяшканьняў аддадуць музэю гісторыі Магілёва. Дырэктар музэю Алег Эшмецьеў кажа, што адмысловых пастановаў пра гэта пакуль няма:

“Пакуль выдзяленьне гэтых памяшканьняў для музэя гісторыі Магілёва плянуецца. Хутчэй за ўсё, тры памяшканьні будуць выдзеленыя, і там будзе разьмешчаная наша пашыраная сталая экспазыцыя “Магілёў часоў магдэбурскага права — 16—17 стагодзьдзяў”.

8 жніўня 2007 году гарвыканкам пастанавіў адкрыць адмысловы рахунак для ахвяраваньняў грамадзян і арганізацыяў на ратушу. Паводле Алега Эшмецьева, за няпоўны год удалося сабраць каля дваццаці трох мільёнаў рублёў. Грошы гэтыя знаходзяцца на рахунку, і іх лёс пакуль ня вызначаны.

Усяго ж на будаўніцтва ратушы ў цэнах 2007 году было выдаткавана пяць з паловай мільярдаў рублёў.

Напярэдадні ўрачыстасьці ў тапанімічнай камісіі гарвыканкаму абмяркоўваюць варыянты перайменаваньня плошчы, над якой ад 1681 году ўзвышаўся будынак ратушы. Цяпер гэтая плошча завецца Савецкай. На ёй у 1982 годзе ўзьвялі мэмарыяльны комплекс “Барацьбітам за Савецкую ўладу”. Разглядаюцца дзьве магчымасьці — альбо зьмяніць назву на плошчу Славы, альбо на Ратушную плошчу. Гістарычная назва плошчы — Гандлёвая — як варыянт не разглядаецца.

Будаўнікі тым часам завяршаюць аздабленьне ратушы й цьвердзяць, што трэцяга ліпеня ратуша расчыніць свае дзьверы перад наведнікамі.

Аднавіць магілёўскую ратушу зьбіраліся яшчэ напачатку 1990-х гадоў. Тады гарвыканкамам кіраваў першы дэмакратычна абраны старшыня Сяргей Габрусеў. 23 траўня 1992 году адбылася сымбалічная закладка першага каменя ў падмурак ратушы. Чаму ж ратушу не аднавілі яшчэ тады? Згадвае тагачасны кіраўнік справаў гарвыканкаму Віталь Васількоў:

“Калі б мы ў дзевяностых гадах здолелі арганізаваць грамадзкасьць на пабудову ратушы, то мы б мелі цяпер іншую сытуацыю. У мяне такое адчуваньне. Не хапіла, напэўна, імпэту, магчымасьцяў. Я ўвесь час лічыў, што як толькі пачне адраджацца ратуша, то пачнуць адбывацца ў краіне зьмены на лепшае. То бок тое, што мы называем рэформамі, дэмакратызацыяй і гэтак далей”.

Навошта цяперашняй магілёўскай уладзе ратуша — сымбаль гарадзкога самакіраваньня?

“Грамадзкая думка падштурхнула ўсё ж такі гарадзкое кіраўніцтва да гэтай будоўлі. Другое — сапраўды жаданьне пакінуць пасьля сябе ня толькі занядбанае грамадзтва, але й нешта фундамэнтальнае, як ратуша. У кожнага чалавека павінна быць права на пакаяньне. Я лічу, што менавіта такія дзеяньні ўлады ёсьць своеасаблівым пакаяньнем перад людзьмі”, — мяркуе Віталь Васількоў.

Летась група грамадзкіх і партыйных актывістаў сабрала 1000 подпісаў за аднаўленьне ратушы. Подпісы былі перададзеныя асабіста ў рукі старшыні гарвыканкаму Віктару Шорыкаву.

Так выглядае магілёўская ратуша цяпер

Насупраць ратушы — мэмарыял “Барацьбітам за савецкую ўладу”



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG