Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі працяг прэміі Сахарава


Статуэтка прэміі імя Васіля Быкава. Стваральнік музэю Быкава ў Горадні Мікалай Мельнікаў і актывіст Руху "За свабоду" Павал Мажэйка “За свабоду”.

Статуэтка прэміі імя Васіля Быкава. Стваральнік музэю Быкава ў Горадні Мікалай Мельнікаў і актывіст Руху "За свабоду" Павал Мажэйка “За свабоду”.

Рух “За свабоду” пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча заснаваў прэмію “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Ініцыятары праекту кажуць, што ўзнагарода стане лягічным працягам прэміі Эўрапарлямэнта “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якой летась быў уганараваны экс-кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч. Падрабязьней пра прэмію з каардынатарам гэтага праекту Інай Кулей.


Статуэткі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава, выкананыя скульптарам Віктарам Копачам, сёлета ўпершыню атрымаюць тры найбольш яскравыя прадстаўнікі дэмакратычнай эліты Беларусі. Гэта людзі, якія могуць лічыцца прадаўжальнікамі справы Васіля Быкава і якія найбольш прычыніліся да працэсу фармаваньня незалежнай беларускай супольнасьці і вяртаньня Беларусі ў эўрапейскую сям’ю. Як нарадзілася ідэя такой прэміі, расказвае Іна Кулей:

“Гэтая ідэя ўзьнікла пасьля атрыманьня Аляксандрам Мілінкевічам прэміі Эўрапейскага парлямэнту імя Сахарава. І ён тады ў залі сказаў: гэтая прэмія — не яму асабіста, а тым людзям, якія выхавалі вось гэты дух Бацькаўшчыны, і гэты дух праявіўся ў грамадзянах, моладзі, якія выйшлі на плошчу ў сакавіку 2006 году. Тым рэпрэсаваным, якія пацярпелі за гэта — больш за тысячу чалавек селі ў турмы. Таму ідэя ўзьнікла такая, што прэмія імя Васіля Быкава — таксама “За свабоду думкі” — беларускі працяг прэміі Сахарава. Беларуская ўзнагарода — менавіта для тых, хто выхаваў дух і адстаяў яго. Яна будзе штогадовай. Розныя адміністратыўныя справы не дазволілі гэта зрабіць адразу, у 2007-м. Яна была абвешчаная роўна год таму ў Бычках. А ў гэтым годзе ўжо будуць першыя ўзнагароды, і першы раз гэта будуць тры ляўрэаты”.

Вызначыць самых вартых даручана журы ў складзе 30 чалавек. Сярод іх Ірына Быкава — жонка Васіля Ўладзімеравіча, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Валянцін Тарас, Уладзімір Някляеў, Адам Мальдзіс, Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Сяргей Законьнікаў, Вольга Іпатава, Івонка Сурвіла, Лявон Баршчэўскі, Радзім Гарэцкі, Віктар Дашук, Алег Трусаў, Алена Макоўская, Андрэй Дынько, Павал Севярынец, Міхась Тычына, Уладзімір Халіп, Сяргей Навумчык, Аляксандар Лукашук, Мікалай Мельнікаў, Аляксей Марачкін ды іншыя.

Уганараваць самых вартых плянуецца 26 чэрвеня. Паказальна, што цырымонія ўзнагароджваньня адбудзецца ня ў Менску, а на радзіме Васіля Быкава.

“Плянуем, што гэта будзе ў вёсцы Бычкі, будзе сьвяточная цырымонія, зь вялікай колькасьцю людзей. Невялікі канцэрт і такая сяброўская вячэра”, кажа Іна Кулей.

Карэспандэнт: “А перавага будзе творцам аддавацца, мяркуючы па складзе журы?”

“У журы ўваходзяць ня толькі творцы, а людзі, якія сваім жыцьцём даказалі адданасьць справе Бацькаўшчыны. А прэмія прысуджаецца абсалютна шырокаму колу, ніякага абмежаваньня няма, могуць быць і музыкі, і літаратары, і географы, і матэматыкі, і грамадзкія дзеячы. Яна ня мае ніякіх абмежаваньняў, гэта прэмія для тых людзей, якіх называюць гэткімі волатамі Беларусі, змагарамі за мову, культуру, за яе існаваньне”.

Карэспандэнт: “А калі будуць вядомыя рэальныя прэтэндэнты на прэмію?”

“Гэта ўжо практычна вызначылася, яшчэ толькі некалькі чалавек павінны даць свае галасы. І я думаю, альбо сёньня ўвечары, альбо заўтра з раніцы ўжо будуць названыя ляўрэаты”.

Статуэтка з надпісам “За свабоду думкі” была прэзэнтаваная ўчора ў Горадні. Гэта адбылося ў грамадзкім музэі Васіля Быкава.

XS
SM
MD
LG