Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выбаршчыкам няма чаго рабіць на ўчастках”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 18 чэрвеня, сераду.

Восеньню ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Наконт восеньскіх выбараў. Ці кароткая памяць у апазыцыі? Няўжо ня памятаюць, як лукашэнкавы “арлы ў камуфляжы” ўвесну 1995-га выкідалі дэпутатаў зь Вярхоўнага Савету? А восеньню 2005-га галоўны таварыш зь вялікай ласкі дазволіў правесьці аб’яднаны зьезд апазыцыі ў Менску, пабаяўшыся, што тая паедзе ў саюзны Смаленск. У сёлетнім пасланьні ён ясна сказаў, што дэпутаты — ягоны кадравы рэзэрв. Дык што? Нехта пралезе без дазволу ўлады ў дэпутаты? Наіўныя мары”.

У наступным тэлефанаваньні слухач задае пытаньне:

Спадар: “У Віцебску хутка зноў пачнецца “Славянскі Базар”. Пытаньне: за які кошт ён існуе? Самаакупны ён ці існуе за наш кошт, падаткаплатнікаў?”

Адказвае намесьнік дырэктара дырэкцыі фэстывалю “Славянскі базар” у Віцебску Вольга Сальнікава:

“Даваць інтэрвію нават на вельмі важныя пытаньні абсалютна не хапае часу. Ідзе падрыхтоўка да фэстывалю. У нас дастаткова вялікі сайт, вялікая інфармацыя пра фэстываль, і там ёсьць усё. Таму радыёслухачы могуць лёгка знайсьці адказы на свае пытаньні на нашым сайце.

Далей яшчэ адно пытаньне слухача:

Спадар: “Шаноўная “Свабода,” па вашым радыё пачуў, што Менск займае адно з апошніх месцаў па ўзроўні разьвіцьця сярод гарадоў Эўропы. Цікава было б даведацца, якія гарады займаюць першае, другое і трэцяе месцы? А таксама хацелася б даведацца, якія месцы займаюць такія гарады, як Лёндан, Бэрлін, Рыга і Даўгаўпілс?”

Паводле міжнароднай кампаніі Мэрсэр, першае месца другі год запар займае Цюрых, другое падзяляюць Вена і Жэнэва, трэцяе мае Ванкувэр. Вядома таксама, што сярод усходнеэўрапейскіх гарадоў наперадзе — Прага (71-е месца), Вільня — займае 78-е месца, Варшава — 85-е, Рыга — 89-е. Менск -- на 183-м радку — самым нізкім з усіх гарадоў Эўропы. Камэнтар старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча:

“У нас адзіны горад у Эўропе, дзе няма пешаходных зонаў. У нас гістарычнага цэнтру ўсяго толькі 0,3% ад агульнай плошчы гораду. Менск — гэта чаргаваньне прамысловых зон і спальных раёнаў — усё”.

Працягваем праграму выказваньнямі на адрас дзяржаўных і незалежных мэдыяў:

Ільля Копыл: “Па БТ была паказана перадача, і там такога наварочана! Такога абсурду і маразму я даўно ня чуў. Аўтар перадачы перасягнуў нават Яўгена Новікава. Івана Жахлівага ён зрабіў найлепшым князем, абаронцам беларусаў. Аўтар карыстаецца словам “Расея”, калі пры Іване Жахлівым Расеі ўвогуле не было. Гэта было Маскоўскае княства”.

Спадарыня: “Нядаўна грамадзкім рэдактарам тыдня была Сьвятлана Алексіевіч. Я не зусім пагаджаюся з тым, што яна казала, але хачу сказаць пар іншае. Няўжо за столькі гадоў Сьвятлана Алексіевіч ня здолела вывучыць беларускую мову?!”

Спадарыня: “Сёньня па БелСату трансьляваўся музычны фільм “Рэквіем незалежнасьці”. Вялізны дзякуй аўтарам гэтага фільму, аўтарам песень і іх выканаўцам. Я атрымала вялізнае задавальненьне, хоць ад некаторых кадраў было страшна і балюча. Насамрэч, БелСат стала крыху прыямней глядзець”.

Спадар дзядзька Рыгор: “Добры дзень, Радыё Свабода! Цяпер на вашым радыё гучаць урыўкі з цудоўных твораў Васіля Ўладзімеравіча Быкава ў выкананьні знакамітых і паважаных людзей. Можа б вы, шаноўная “Свабода”, запрасілі Аляксандра Лукашэнку пачытаць вядомыя яму вершы Быкава на расейскай альбо ангельскай мовах? Бо нельга ж выказваць нічога разумнага па-беларуску. І ў гэтым быў перакананы на пачатку свайго прэзыдэнцтва спадар Лукашэнка”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG