Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш практыкаваць псыхалёгію – атрымай ліцэнзію на псыхіятрыю


Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў закон “Аб рэкляме”. У адпаведнасьці з папраўкамі, у Беларусі будзе забароненая рэкляма экстрасэнсаў, астролягаў, варажбітак, чараўнікоў і прадракальнікаў. Разам зь імі забарону на рэкляму дзейнасьці атрымалі прыватныя псыхолягі.

Намесьніца старшыні парлямэнцкай камісіі па жыльлёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлі і прыватызацыі Ганна Бурава лічыць, што псыхолягі апынуліся ў шэрагу прадказальнікаў і варажбітоў справядліва:

“Псыхалягічная дапамога наагул будзе забароненая. Дазволеная будзе толькі для дзяржаўных арганізацыяў і арганізацыяў, якія гэткую дапамогу аказваюць бясплатна – з той прычыны, што цяпер вельмі часта за псыхалягічнай дапамогай хаваецца зусім іншае. Рэклямуюць псыхалягічную дапамогу, а потым пачынаецца: “Пазваніце Машы, Дашы, размова тэт-а-тэт, хвіліна размовы – даляр...” Дык вось і паспрабуйце вызначыць, што, хто і дзе...”
Псыхалягічная дапамога наагул будзе забароненая...


На сайтах прыватных практыкаў-псыхолягаў пералічаюцца праблемы, зь якім яны дапамагаюць справіцца: занепакоенасьць, навязьлівыя страхі, складанасьці ва ўзаемаадносінах, праблемы непаразуменьняў у сям’і і гэтак далей.

Ганна Бурава лічыць, што шмат якія з гэтага шэрагу праблемы ня ёсьць клопатам псыхолягаў:

“Страхі адносяцца да псыхіятрычнай дапамогі, а не псыхалягічнай. Разумееце? Няхай атрымліваюць ліцэнзію на псыхіятрычную дзейнасьць. Гэта ўсё адносіцца да псыхіятрыі, а не псыхалёгіі”.

Вольга Шэлепава зь Менску практыкуе ў якасьці псыхоляга 5 гадоў. Яна пагаджаецца, што блытаць псыхалёгію і псыхіятрыю ня варта:

“Напрыклад, праблемы ў стасунках. Муж з жонкай пасварыліся. Дзе тут псыхіятрыя? Страхі – можа быць, тут розныя варыянты магчымыя. Але праблема стасункаў у сям’і – муж з жонкай не паладзілі, не выбудоўваюцца адносіны нявесткі і сьвекрыві... Тут я не разумею, якое дачыненьне псыхіятар мае”...

На дадзены момант Вольга Шэлепава працуе ў рамках праекту Глябальнага фонду ААН – дае бясплатную псыхалягічную дапамогу геям і бісэксуалам. Таму ад традыцыйнага практыкаваньня псыхалягічных паслуг крыху адышла, але 5-гадовы досьвед працы пераканаў у выключнай ролі рэклямы ў знаходжаньні “сваіх” пацыентаў”:
Без рэклямы прыватныя псыхолягі працаваць ня змогуць...


“Шчыра кажучы, калі забароняць рэкляму, псыхолягі прыватныя працаваць у большасьці ня змогуць. Таму што трэба працаваць 10, 20, 30 гадоў, каб была ўжо нейкая база і добрая слава пра цябе працавала. Я прыкладам, працую каля 5 год – і гэта, лічы, нічога. Думаю, ад 10 гадоў патрэбны працоўны стаж практыкаваньня, калі можна неяк абысьціся без рэклямы”.

Але, на думку Ганны Буравай, рашэньне аб забароне рэклямы псыхалягічных паслуг узважанае і слушнае:

“Калі мы распрацоўвалі папраўкі, мы запрашалі ў якасьці экспэртаў спэцыялістаў Міністэрства аховы здароўя і яны сказалі: тыя, што сапраўды аказваюць псыхалягічную дапамогу, не пацярпяць ад гэтых паправак”.
XS
SM
MD
LG