Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прызнаюць міліцыянтаў вінаватымі ў “жывым шчыце”?


Сёньня ў судзе Менскага раёну і гораду Заслаўе пачнецца працэс у справе, якая ў мэдыях атрымала назву “жывы шчыт”. Абвінавачаньні ў службовых злоўжываньнях выстаўленыя двум супрацоўнікам ДАІ – ім пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Справу пра “жывы шчыт” даручана разглядаць судзьдзі Ірыне Майко. Ёй належыць разабрацца, ці былі міліцыянты Дарагакупец і Ліхтаровіч вінаватыя ў злоўжываньні службовым становішчам, калі 2-га сакавіка на Слуцкай шашы пад Менскам спынілі тры прыватныя аўтамабілі і выставілі іх заслонай, каб затрымаць нецьвярозага аўтарызыканта. У выніку аварыі потым пацярпелі кіроўцы і пасажыры гэтых аўтамабіляў.

Ад кантактаў з журналістамі міліцыянты пакуль што адмаўляюцца. Вось што вядома пра іх пазыцыю адвакату пацярпелых Веры Страмкоўскай:

“На сёньня, пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы, высьветлілася, што міліцыянты, якім выставілі абвінавачаньне, сваёй віны не прызнаюць. Але я лічу, што іх віна будзе даказаная”.

Пацярпелы Аляксандар Берасьнеў, які знаёміўся з дакумэнтамі справы, згадаў, што адразу пасьля пачатку праверкі міліцыянты таксама перакладалі адказнасьць на кіроўцаў. Потым часткова сваю віну прызналі, а цяпер ізноў усё адмаўляюць:

“Нібыта гэта мы недакладна зразумелі іх сыгналы. Але потым жа яны прызналі”.

Пэўныя акалічнасьці здарэньня мог бы паведаміць суду асноўны вінаваты ў інцыдэнце Раман Мянцюк, які ў той дзень кіраваў аўтамабілем ў нецьвярозым стане. Гэта яго нібыта ажно ад Слуцку перасьледавалі супрацоўнікі ДАІ, але з-за вялікай хуткасьці не змаглі дагнаць і вымушаныя былі ствараць заслону на ўезьдзе ў Менск. Ці сапраўды за Менцюком гналіся, ці перасьледаваньня насамрэч не было? Якія яшчэ захады рабіла міліцыя? На гэтыя пытаньні хутчэй за ўсё на судзе Мянцюк не адкажа, паколькі яго дагэтуль не знайшлі. Нагадаю, неўзабаве па тым, як завялі справу пра “жывы шчыт”, Раман Мянцюк, якога на той момант міліцыя не арыштавала, зьехаў зь Беларусі.

Чаму гэтак адбылося? Міністар ўнутраных спраў Уладзімер Навумаў нядаўна усклаў адказнасьць на журналістаў, якія нібыта заўчасна паведамілі пра інцыдэнт:

“Мэдыі абвінавацілі супрацоўнікаў ДАІ да таго, як пачалося сьледзтва. А мы так ня можам дзейнічаць, што Мянцюк нібыта зрабіў злачынства і яшчэ да праверкі мы яго мусім затрымаць. Вось і атрымалася, што, пакуль мы правялі разбор, Мянцюк зьехаў”.

Між тым некаторыя з пацярпелых мяркуюць, што вінаватаму ў інцыдэнце кіроўцу далі магчымасьць схавацца, каб вывесьці з-пад абвінавачаньня больш высокапастаўленых супрацоўнікаў ДАІ.
XS
SM
MD
LG