Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму дапаможа рада “Беларусь – Эўразьвяз”?


У Менску плянуецца адкрыць прадстаўніцтва Рады дзелавога супрацоўніцтва “Беларусь – Эўразьвяз”. Пра гэта 18 чэрвеня заявіў на сэмінары ў сталіцы Беларусі старшыня рады Джэймз Уілсан. Ён таксама дадаў, што цяпер рада займаецца пытаньнем “зьняцьця квотаў для беларускіх вытворцаў, якія экспартуюць тэкстыль”.

Ці можна расцэньваць гэты намер як жаданьне Брусэлю наладжваць гандаль зь Беларусьсю – насуперак палітычнаму становішчу ў краіне? Ці не атрымліваецца так, што фінансавыя выгады некаторых заходніх фірмаў ставяцца вышэй за тыя ўмовы, якія Эўразьвяз вызначыў для сябе ў дачыненьнях зь Беларусьсю? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Глод: Вядома, што Эўразьвяз пазбавіў Беларусь гандлёвых ільготаў. Адбылося гэта праз тое, што беларускія ўлады не пагадзіліся зрабіць тыя крокі, якія захоўвалі б за краінай пэўныя прэфэрэнцыі. І вось раптам Рада дзелавога супрацоўніцтва “Беларусь – Эўразьвяз” быццам схіляецца да зьняцьця квотаў. Чаму так адбываецца?

Раманчук: Рэч у тым, што ў такіх кантактах зацікаўленае тэкстыльнае лобі – тыя кампаніі, якія экспартуюць зь Беларусі тэкстыльныя тавары. Яны завозяць сюды сыравіну, перапрацоўваюць і пасьля вывозяць. І гэта тая сыстэма, якая дазваляе ім дбаць пра свае камэрцыйныя інтарэсы.

Глод: І беларускія ўлады ідуць на кантакт зь імі.

Раманчук: У гэтым праглядаецца стыль паводзінаў беларускага ўраду. Ён хоча супрацоўнічаць выключна з тымі заходнімі структурамі, якія забясьпечваюць яму лабізм палітычных і эканамічных інтарэсаў. І гэта робіцца на ўзроўні Брусэлю і сталіц так званай старой Эўропы – у Бэрліне, Парыжы... І гэтая група працуе дзеля таго, каб вырашыць свае карпаратыўныя інтарэсы.

Глод: Ці могуць, на ваш погляд, рэкамэндацыі Рады дзелавога супрацоўніцтва паўплываць на перамены ў дачыненьнях паміж Эўразьвязам і Беларусьсю?

Раманчук: Безумоўна, калі яны будуць казаць пра свае кантакты, пра недапушчальнасьць ізаляцыі Беларусі, яны маюць шанец на тое, каб нешта зрушыць. Але паколькі прэфэрэнцыі для Беларусі былі зьнятыя з-за ўціску беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў, дык, я думаю, без рашэньня Міжнароднай арганізацыі працы гэты карпарацыйны лабізм ня пройдзе. Таму што палітыка вырашаецца на зусім іншым роўні.

Рада дзелавога супрацоўніцтва “Беларусь—Эўразьвяз” была створаная летась. Яе офіс знаходзіцца ў Брусэлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG