Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Калінкіна: Міністэрства інфармацыі набывае больш улады, чым суд


Госьцяй “Начной Свабоды” у аўторак 17 чэрвеня была шэф-рэдактарка газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна.


Ганна Соўсь: “Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытаньні “Закон аб сродках масавай інфармацыі”. Яго неабходнасьць аргумэнтавалі прабеламі у рэгуляваньні дзейнасьці замежных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі. Пасьля таго як законапраект набудзе сілу закону, усе дзейныя ў Беларусі сродкі масавай інфармацыі цягам аднаго году павінны будуць прайсьці абавязковую дзяржаўную перарэгістрацыю. Сьвятлана, я ведаю, што сёньня Вы падрыхтавалі чарговы нумар “Народнай волі”. Што ў ім будзе пра новы закону аб СМІ? І як закране новы “Закон аб сродках масавай інфармацыі” найперш вашае выданьне – “Народную Волю?”

Сьвятлана Калінкіна: "Па-першае, мы расказваем пра сытуацыю, у якой апынулася "Народная воля", калі нам наогул адмовілі ў праве зьвяртацца ў суды. Як мне здаецца, гэта самая лепшая ілюстрацыя таго, што адбываецца ў нашай краіне і таго, што нават дрэнныя законы ў нашай краіне дзейнічаюць так, як гэта патрэбна ўладзе. З прыняцьцем новага закону "Народную волю" чакае тое самае, што і ўсе астатнія СМІ, бо ў ім усё аддаецца на разгляд чыноўнікам, і Міністэрства інфармацыі набывае паўнамоцтвы, якіх сёньня ня маюць нават беларускія суды.

Я ўважліва прачытала праект закону (ён разьмешчаны на сайце БАЖ) і літаральна зь першых радкоў ён мяне ўвёў у ступар
Фактычна, журналістаў пазбаўляюць права на прафэсію
, бо без акрэдытацыі асьвятляць дзейнасьць дзяржаўных органаў і нейкія мерапрыемствы, што адбываюцца ў нашай краіне, згодна з гэтым законапраектам немагчыма. На мой погляд, у Палаце прадстаўнікоў прымаўся нейкі абсурд, і калі хто-небудзь з дэпутатаў прачытаў гэты закон, то зьдзіўленьне, гэта ня тое слова, каб азначыць тое, што павінна зьявіцца ў галаве пасьля азнаямленьня з тэкстам”.

Соўсь: “Экспэрты БАЖ назвалі найбольш рэпрэсіўныя палажэньні законапраекту. Гэта патрабаваньне перарэгістрацыі СМІ нават пры зьмене юрыдычнага адрасу. Закрыцьцё СМІ магчымае нават пасьля аднаго парушэньня паводле патрабаваньня Міністэрства інфармацыі ці пракуратуры. Пры гэтым пералік парушэньняў, якія цягнуць за сабой закрыцьцё газэты, неабмежаваны. У новым законе абмяжоўваецца магчымасьць вызваленьня рэдакцыі ад адказнасьці за перадрук ці разьмяшчэньне інфармацыі агенцтваў. А таксама спроба рэгуляваньня інтэрнэту. Пры гэтым такое права ў законе перадаецца ўраду, падзаконным актам. Сьвятлана, скажыце, калі ласка, якія выданьні найперш могуць пацярпець, калі Закон набудзе моц?”

Калінкіна: "Тут вельмі цяжка вызначыць, бо палажэньняў рэпрэсіўных, на падставе якіх у той ці іншай рэдакцыі могуць узьнікнуць праблемы, вельмі шмат. Ну вось найпрасьцейшае – мова, якая можа выкарыстоўвацца ў сродках масавай інфармацыі. Згодна з праектам закону, недапушчальна скажэньне нейкіх агульнапрынятых нормаў. Але ў беларускай мове няма агульнапрынятых нормаў. І нават наша кіраўніцтва размаўляе не на падставе агульнапрынятых нормаў расейскай мовы. Атрымліваецца, што нават даслоўныя цытаты з Лукашэнкі ці таго ж Сідорскага даваць нельга, хаця, як мне здаецца, і пра гэта шмат хто з экспэртаў казаў, тая норма накіраваная супраць газэты "Наша Ніва” і часопісу "Дзеяслоў", якія выкарыстоўваюць тарашкевіцу.

Іншыя нормы датычацца замежных сродкаў масавай інфармацыі, якія маюць беларускія выпускі або беларускія старонкі, зьмест якіх адрозьнівацца ад асноўных выданьняў. Яны таксама павінны будуць ісьці на рэгістрацыю, і ў апошні час нават расейскія мэдыі ня могуць атрымаць у Міністэрстве інфармацыі такое пасьведчаньне”.

Соўсь: “У гісторыі незалежных мэдыяў ужо былі выпадкі, калі журналістаў каралі зьняволеньнем за публікацыі ў інтэрнэце. Наколькі на ваш погляд, ускладніцца праца інтэрнэт-рэсурсаў пасьля прыняцьця новага закону аб СМІ”.

Калінкіна: “У новым праекце інтэрнэт проста прыраўноўваецца да сродкаў масавай інфармацыі. Ніякія дэталі там не пазначаныя, і тэарэтычна, калі так літаральна разумець, то нават за нейкія асабістыя замалёўкі ў сваім
Нават за нейкія асабістыя замалёўкі ў сваім блогу таго ці іншага чалавека можна прыцягнуць да адказнасьці
блогу, таго ці іншага чалавека можна прыцягнуць да адказнасьці. Але як я разумею, беларускія ўлады ня ведаюць, што рабіць з інтэрнэтам, і ў праекце закону ўсё гэта аддадзена на водкуп беларускаму ўраду. Ёсьць разуменьне, што неяк кантраляваць інтэрнэт трэба, але ня ўсе беларускія журналісты падпісваюцца сваім прозьвішчам пад публікацыямі ў інтэрнэце. І такіх ананімных аўтараў, я думаю, будзе толькі болей, калі ў Беларусі пачнуцца рэпрэсіўныя меры, і публікацыі, адпаведна, будуць больш вострыя. Бо зачыніць наогул інтэрнэт прастору, якая ня ў зоне by – гэта значыць ня ў зоне беларускага кантролю... ўлады на гэта ня пойдуць, бо тады сэнс інтэрнэту губляецца. Магчыма, будуць нейкія паказальныя працэсы, нейкія акты запалохваньня людзей, але я думаю, што ўсё ж пакуль рашэньня, якое спыніць дзейнасьць журналістаў і простых людзей ў інтэрнэце, ня знойдзена. Я вельмі асьцярожна ў сэнсе інтэрнэту чакала такога закону, але пакуль прамой пагрозы я там ня ўбачыла”.

Сьвятлана Калінкіна скончыла факультэт журналістыкі БДУ. З 1992 года працавала карэспандэнтам, палітычным аглядальнікам БелТА, з 1995 году – намесьніца галоўнага рэдактара тыднёвіка “Имя”. Была першым намесьнікам, а потым і галоўным рэдактарам “Белорусской деловой газеты” і штомесячніка “БДГ. Для служебного пользования”. Цяпер – шэф-рэдактар “Народнай Волі”, адна з пастаянных аўтараў сайту “Беларускі партызан”. Сустаршыня (зь беларускага боку) беларуска-расейскай праваабарончай камісіі пры Грамадзкім савеце пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі па правах чалавека.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG