Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць могільнік адкідаў АЭС разьмясьціць пад Менскам?


У Соснах пад Менскам цягам бліжэйшага часу мадэрнізуюць сховішча радыеактыўных адкідаў — у прыватнасьці, пры рэканструкцыі мяркуецца павялічыць яго ёмістасьць. Ці ёсьць верагоднасьць, што пасьля пабудовы першай беларускай атамнай электрастанцыі яе адкіды таксама будуць хаваць у ваколіцах сталіцы?

Раней міністар надзвычайных сытуацыяў Энвэр Барыеў сказаў, што ўвядзеньне ў эксплёатацыю АЭС запатрабуе вырашэньня пытаньня аб новым пункце захаваньня радыеактыўных адкідаў.
Пакуль галоўныя напаўняльнікі радыеактыўных могільнікаў — Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў, а таксама вытворцы мэдычных прэпаратаў і асобныя прамысловыя прадпрыемствы. У Беларусі штогод абясшкоджваецца блізу 10 тонаў радыеактыўных адкідаў, практычна ўсе яны захоўваюцца ў Соснах. Навукоўцы ўжо ня першы год папярэджваюць, што неабходна будаваць новае сховішча — два з існуючых ня толькі запоўненыя “пад завязку”, але й пагражаюць экалягічнай бясьпецы сталіцы.
Новага могільніка хопіць на 10 гадоў
Некалькі гадоў таму Савет міністраў распрацаваў канцэпцыю будаўніцтва новага сховішча радыеактыўных адкідаў, паводле якой могільнік плянавалася ўвесьці да 2010 году. Аднак з-за недахопу грошай праца спынілася яшчэ на ўзроўні дасьледаваньняў для выбару месца пад пляцоўку. Між тым, як кажуць спэцыялісты, цяпер на захаваньне трапляе каля 5% ад таго, што будзе неабходна захоўваць пасьля пачатку працы беларускай АЭС.
Загадчык лябараторыі Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў Уладзімер Скурат тлумачыць: цяпер у Соснах два сховішчы радыеактыўных адкідаў – больш чым на 800 кубамэтраў кожнае. Адно зь іх запоўненае цалкам, другое — на 80%. Паводле спэцыяліста, вядзецца рэканструкцыя аднаго са сховішчаў, і калі яно вызваліцца, пры цяперашніх тэмпах загрузкі яго хопіць яшчэ на некалькі гадоў:
Для атамнай станцыі патрабуюцца вельмі вялікія тэрыторыі пад захаваньне. І яны вельмі небясьпечныя.
“Тут зараз адно засталося сховішча, на 80% ужо запоўненае. Ну, і калі ўжо будзе завершаная рэканструкцыя, то зьявіцца яшчэ адно сховішча. З пэрспэктывай, калі і надалей будуць перапрацоўвацца адкіды, то пры цяперашніх тэмпах іх паступленьня гадоў на 10 павінна хапіць. Калі не памыляюся, ёмістасьць сховішча будзе такой, каб штогод утылізаваць 10 тонаў адкідаў”.
Летась у адным з калодзежаў сховішча адбылася разгермэтызацыя ёмістасьці з радыем, пасьля чаго давялося небясьпечны ўчастак цалкам закансэрваваць.
Уладзімер Скурат дадае: у сытуацыі, калі ўжо вырашанае пытаньне з будаўніцтвам атамнай станцыі, ад якой адкідаў непараўнальна больш, чым ёсьць цяпер, новае сховішча надзвычай патрэбнае. Але лягічна, калі яго збудуюць ня ў тых жа Соснах, а бліжэй да станцыі. Нагадаю, пляцоўка пад АЭС выбіраецца з трох варыянтаў: адзін ў Астравецкім раёне на Гарадзеншчыне і два — у Магілёўскай вобласьці.
Радыеактыўныя адкіды павінна забраць Расея
Натуральна, што небясьпечнае суседзтва мэгаполісу з радыеактыўным могільнікам непакоіць грамадзкасьць, перадусім эколягаў. Кіраўнік Cацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка перакананы, што амаральна весьці гаворку ня толькі пра нейкія новыя радыеактыўныя могільнікі, але ўвогуле пра ідэю будаўніцтва ў Беларусі АЭС:
“Гэта робіцца для тых адкідаў, якія там былі раней зробленыя? Бо там жа быў і рэактар невялікі ў інстытуце. Бо не хачу нават думаць пра магчымасьць захаваньня там адкідаў з атамнай станцыі. Сховішча такіх памераў у Беларусі непатрэбнае! Гэта яны ўжо з канца пачынаюць, бо калі пачынаць будаваць станцыю, то, канечне, падобнае прадугледжваць трэба. Толькі ці патрэбная нам гэтая станцыя? І як працяг — вялізнае сховішча. І тым больш пад Менскам. Я абсалютна не прымаю гэтую ідэю”.
Доктар тэхнічных навук, прафэсар Георгій Лепін шмат намаганьняў прысьвяціў змаганьню з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС —навуковымі дасьледаваньнямі непасрэдна на аб'екце займаўся 6 гадоў. Цікаўлюся — дык ці могуць радыеактыўны могільнік з адкідамі плянаванай АЭС таксама разьмясьціць недалёка ад беларускай сталіцы?
“У Соснах? Могуць, канечне. Але дзеля гэтага трэба будаваць сховішча адкідаў. Для атамнай станцыі патрабуюцца вельмі вялікія тэрыторыі пад захаваньне. І яны вельмі небясьпечныя. Гэта праблема ня меншая, чым пабудаваць саму станцыю. Таму лепей не будаваць АЭС, тады ня трэба будзе і адкіды нідзе ўладкоўваць. Хоць вось гэтыя адкіды, якія ў Соснах, іх даўно павінны былі аддаць Расеі. На замову Масквы рабіўся рэактар, і яны мусяць усе адкіды забраць, перапрацоўка павінна адбывацца ў Расеі. Але іх не аддаюць, я ведаю, зь якой прычыны. Калі іх аддаць, то Сосны зробяцца чыстымі, небясьпечных матэрыялаў не застанецца. Натуральна, што адразу зьнізіцца фінансаваньне, заробкі. Прадпрыемства пяройдзе ў шэраг звычайных. Таму тут хітруюць”.
У Беларусі існуюць таксама сховішчы радыеактыўных чарнобыльскіх адкідаў. Іх 90 зь лішкам, і яны разьмешчаныя ў зоне адсяленьня. Гэта прадукты дэзактывацыі тэрыторыі: платы, стрэхі, якія былі замененыя на новыя, забруджаная зямля. Усё гэта звозілася ў адмысловыя сховішчы, разьмешчаныя перадусім у зоне адсяленьня, дзе не жывуць людзі. Усе прамысловыя, мэдычныя адкіды захоўваюцца ў Соснах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG