Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы Астроўчыцы Сьветлагорскага раёну пад пагрозай закрыцьця апынуўся хрысьціянскі цэнтар рэабілітацыі былых наркаманаў.

Цэнтар быў створаны напрыканцы мінулага стагодзьдзя грамадзянамі Нямеччыны, мужам і жонкай Эгбэртам і Анітэ Шоанэ.

З паведамленьняў мэдыяў вядома, што Эгбэрт і Анітэ купілі ў Астроўчыцах будынак старой вясковай школы, дзе й стварылі цэнтар рэабілітацыі для тых сьветлагорцаў, хто пажадаў пазбавіцца ад наркатычнай залежнасьці.

Наколькі важная гэтая дапамога, распавядае адзін з былых наркаманаў Сьветлагорску:

“Многім цяжка адаптавацца да чыстага жыцьця. Калі яны адмаўляюцца ад наркотыкаў, яны бачаць, што адарваныя ўжо ад сацыяльнага жыцьця. Не знаходзяць, бывае, паразуменьня на працы, дома. Усё ўзьнікаюць нейкія псыхалягічныя праблемы, якія мала каму ўдаецца адолець. Найлягчэйшы варыянт — узяць шпрыц і зноў ісьці калоцца. Я сам раней ужываў наркотыкі, ведаю, што гэта такое, не па чутках. Дапамога заўсёды своечасовая”.

Муж і жонка Шоанэ дапамагалі ўсім, хто да іх зьвяртаўся. І бальшыні ўдалося пазбавіцца ад згубнай наркатычнай залежнасьці.

Аднак сёлетняй вясной улады абвінавацілі немцаў у парушэньні заканадаўства — палічылі “несанкцыянаванымі рэлігійнымі служэньнямі” хрысьціянскія мерапрыемствы цэнтру.

Заснавальнікам цэнтру рэабілітацыі адмоўлена ў запрашэньні, і яны ня могуць вярнуцца ў Беларусь. Установа засталася без фінансаваньня.
У краіне звыш 60 тысяч нарказалежных. А рэабілітацыйных цэнтраў толькі сем

Маці былых наркаманаў зьвярталіся ў Сьветлагорскі райвыканкам і Гомельскі аблвыканкам з калектыўнай просьбай вярнуць нямецкіх дабрачынцаў. Аднак гэта пакуль ня мела вынікаў.

Сьветлагорскі прыхільнік цэнтру рэабілітацыі, які мае зь ім стасункі, распавёў нашаму радыё:

“Ніхто ніколі не хаваў, што ў гэтым цэнтры вядзецца рэабілітацыя з дапамогай звароту да Бога, праз вывучэньне Бібліі. І колькі ўжо гадоў прайшло, не было ніякіх прэтэнзіяў, ніякіх заўваг. Але сёлета адна дзяўчына, якая праходзіла там рэабілітацыю, зьвярнулася, як я зразумеў, з заяваю, што яе ў гэтым цэнтры зацягнулі ў незарэгістраваную рэлігійную арганізацыю. Цэнтар гэты, мяркую, ніхто зачыняць ня будзе. Проста трымаюць пэўную паўзу. Парушэньне ў ім зафіксавала Міністэрства юстыцыі — што там была незарэгістраваная рэлігійная дзейнасьць. Яны праводзілі нейкія сходы рэлігійныя, службы, а рэгістрацыі не было”.

У Сьветлагорску на вуліцы Сацыялістычнай працуе рэабілітацыйны цэнтар “Дом надзеі”. Яго галоўны ўрач Юры Бутырын з жалем выказваецца пра цяперашнія праблемы калегаў у Астроўчыцах. Паводле яго, мясцовая ўлада робіць памылку:

“У рэабілітацыйных цэнтрах ёсьць вельмі вялікая патрэба. У краіне ў цэлым сытуацыя ня вельмі вясёлая — звыш 60 тысяч нарказалежных. А рэабілітацыйных цэнтраў толькі сем”.
XS
SM
MD
LG