Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія каталікі моляцца за прыезд Папы Рымскага


З нагоды візыту ў Беларусь Дзяржаўнага сакратара Сьвятога прастолу Тарчызіё Бэртонэ кіраўнік Беларускага каталіцкага касьцёлу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з адмысловым зваротам.

У пазамінулую нядзелю гэты зварот быў агучаны ва ўсіх касьцёлах Беларусі.

Візыт кардынала Бэртонэ Тадэвуш Кандрусевіч назваў гістарычнай падзеяй і асабліва адзначыў, што ён прыедзе з бласлаўленьнем Папы Рымскага.

Каталікі рыхтуюцца да гэтага візыту, але спадзяюцца і на прыезд у Беларусі самога Папы.

“Беларускія католікі вельмі даўно моляцца, каб да нас на нашую зямлю прыехаў і Сьвяты Айцец. Гэта распачалося яшчэ ў час пантыфікату Яна Паўла Другога. У многіх касьцёлах былі адмысловыя малітвы, а ў Гродзенскай катэдры дагэтуль пасьля кожнай галоўнай імшы ў нядзелю застаецца сьвятар і разам зь вернікамі яны прамаўляюць гэтую малітву аб візыце Сьвятога Айца да нас у Беларусь”, кажа актывіст менскай каталіцкай грамады Мікола Гракаў.

Паводле Міколы Гракава, вернікам вельмі важна пабачыць кіраўніка свайго свайго касьцёлу. Але гэта важна і для дзяржавы, мяркуе ён:

“Асабліва ў цяперашнім зьнешнепалітычным становішчы для нас такі візыт быў бы нейкім подыхам сьвежага паветра. Як для вернікаў, так і для дзяржавы гэта была б радасная цудоўная падзея”.

XS
SM
MD
LG