Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфліктная сытуацыя на Камароўскім рынку


Прадпрымальнікі, якія гандлююць мясам на Камароўскім рынку, зладзілі стыхійны мітынг каля лябараторыі аналізу якасьці прадуктаў.

Загадчыца лябараторыі Натальля Белая запатрабавала перааформіць дакумэнты на мяса, спаслаўшыся на пастанову № 44 Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Прадпрымальнікі гучна патрабавалі, каб ім далі азнаёміцца з тэкстам пастановы. Яны абвінавацілі адміністрацыю рынку ў пошуках дадатковых пабораў з гандляроў.

Прадпрымальнікі патлумачылі “Свабодзе”, што да сёньняшняга дня яны набывалі мяса ў рэгіёнах. Там, згодна з заканадаўствам, здавалі мяса на праверку і пасьля атрыманьня даведкі прывозілі яго на рынак. У дакумэнтах яны ўказвалі сваё імя і ў графе “куды” пісалі “Камароўскі рынак”.

Ад cёньняшняга дня загадчыца лябараторыі аналізу прадуктаў Натальля Белая запатрабавала, каб у дакумэнтах было напісана прозьвішча прадпрымальніка, якому здаецца мяса на рэалізацыю.

Загадчыца лябараторыі Натальля Белая паведаміла “Свабодзе”:

“Павінна быць празрыстасьць вэтэрынарнага кантролю. Раней яны працавалі як фізычныя асобы і пытаньняў не было. Цяпер яны працуюць як юрыдычныя асобы. Ёсьць парадак як для падатковых органаў, так і для вэтэрынарнай службы. Ёсьць правілы гандлю. Паўсюль зьмяняюцца і дапрацоўваюцца новыя дакумэнты. Такім чынам яны дапрацаваныя і ў нас”.

Каля дзьвярэй лябараторыі сабраўся натоўп прадпрымальнікаў.

Прадпрымальніца: “ІП Сідараў заўтра захварэў... А мяса прападае. Задалі пытаньне: “На якой падставе вы перапісваеце даведкі?”. Ён сказаў, што гэта загад зьверху”.

Спадар: “Фактычна нам прапаноўваюць набываць мяса без праверкі. Такім чынам, ёсьць факт зьдзелкі. Мы павінны разьлічыцца зь фізычнай асобай за гэтае мяса. Ён зьехаў, а мы ставім кляймо. А калі падвышаны фон радыяцыі, ці яшчэ што? Нам ніхто гэтых грошай вяртаць ня будзе”.

Жанчына: “Бярэм на раёне. Там ужо ўзор даведак. Яны пра гэта нічога ня ведаюць. Толькі тут ад нас патрабуюць перапісваць”.

Прадпрымальніца: “Пакажыце нам пастанову. Нам ніхто не паказвае”.

Прадпрымальнікі прасілі кнігу скаргаў.

Прадпрымальніца: “Кнігу скаргаў не дае. Хаця я працую на рынку больш за 20 гадоў”.

Галоўны вэтэрынарны ўрач Савецкага раёну паведаміў “Свабодзе”, што кніга скаргаў знаходзіцца ў лячэбніцы на вуліцы Гало.

Прадпрымальнікі абураліся:

Прадпрымальніца: “Па 4 кіляграмы мяса я павінна была выразаць. Мы ёй даказалі, што дазваляецца па 300-400 грамаў. А яна ж нам выкручвала рукі, што па 4 кг выразаць. Калі мы даказалі, што 300-400 г ... Вы мне паказвалі такія ж паперы, як цяпер падрабляеце! Хопіць з нас зьдзекавацца! Хопіць!!! Усе прадпрымальнікі пацьвердзяць той факт!”

Спадарыня Белая на гэта патлумачыла: “Ёсьць нормы колькі трэба браць мяса на аналіз і зь якіх частак тушы. Вось яны ў нас на стэндзе вісяць надрукаваныя”.

Гандляр баранінай паведаміў “Свабодзе”, што сёньня пазбавіўся некалькіх кліентаў, якія заўсёды набывалі ў яго мяса.

“Сёньня ў мяне кляйменьне мяса адбывалася ад 7-й да паловы на другую. Пакупнікі, а ў мяне ў асноўным мяса бяруць рэстарацыі, усе сышлі. Цяпер я мяса здаю ў лядоўню. Яно губляе якасьць, і яшчэ недзе 18 000 я плачу за лядоўню дадаткова. Выдаткі. Такое адбываецца толькі на Камароўскім рынку. На іншых рынках такога няма. Церпяць спажыўцы. Сёньня былі незадаволеныя “Журавінка”, “Астара”, “Ачаг”. Мяса няма”.

Пастанова № 44 Міністэрства сельскай гаспадаркі выйшла сёлета 18 красавіка. Яна тычыцца новых вэтэрынарна-санітарных правілаў агляду забітай жывёлы. Пастанова не была надрукаваная ў сродках масавай інфармацыі. Яе няма таксама ў рэестры прававых актаў.

Няма таксама адпаведных інструкцый, як прадпрымальнікам трэба афармляць дакумэнты на мяса. Прадпрымальнікі мяркуюць, што загадчыца лябараторыі Камароўскага рынку зрабіла сваю трактоўку новых правілаў. Яна вывесіла яе на дошку аб’яваў.

Прадпрымальнікі, якія церпяць страты, настойваюць, што трэба мець дакумэнт цалкам разам з тлумачэньнем юрыстаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG