Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку папярэдзілі ў сувязі з публікацыяй “Эль Паіс”


Лідэр АГП быў выкліканы сёньня ў Генэральную пракуратуру, дзе яго папярэдзілі пра адказнасьць за “заведама ілжывы данос”, паведаміў БелаПАН.

19 траўня Анатоль Лябедзька накіраваў генэральнаму пракурору Рыгору Васілевічу зварот з просьбай правесьці расьсьледаваньне ў справе магчымых паставак беларускай зброі калюмбійскім паўстанцам. Сёньня яго выклікалі ў Генпракуратуру і папярэдзілі пра адказнасьць за “заведама ілжывы данос”.

“Спачатку ў мяне спыталіся, ці хачу я аформіць свой ліст як заяву альбо як інфармацыю. Калі б гэта была інфармацыя, яны не абавязаныя былі б на яе рэагаваць, а калі заява – тады мяне папярэджваюць пра адказнасьць за заведама ілжывы данос паводле 400 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Я пагадзіўся, каб мой зварот лічылі заявай, і падпісаў паперу аб адказнасьці”, заявіў Анатоль Лябедзька агенцтву БелаПАН.

Нагадаем: інфармацыю пра спробу набыцьця калюмбійскімі паўстанцамі зброі ў Беларусі апублікавала 10 траўня гішпанская газэта “Эль Паіс”. Выданьне працытавала ліст аднаго з кіраўнікоў FARC Івана Маркеса да Рауля Рэеса, у якім была згадка пра арганізацыю “Анёлам” (паводле газэты, Уга Чавэсам) сустрэчы баевікоў зь “беларускім сябрам” (паводле газэты, Віктарам Шэйманам) у Каракасе 17 лютага 2008 г. 15-19 лютага ў Каракасе з афіцыйным візытам знаходзілася беларуская дэлегацыя на чале зь В.Шэйманам.
XS
SM
MD
LG