Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімскага актывіста аштрафавалі на 700 тысяч рублёў


Алеся Масюка прызналі вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства, якое ён нібыта зарганізаваў падчас прыезду ў Слонім Аляксандра Мілінкевіча.

Месяц таму ў Слонім прыяжджаў Аляксандар Мілінкевіч. Разам з Алесем Масюком яны хадзілі па рынку, прыпыняліся каля гандлёвых месцаў і размаўлялі зь людзьмі.

Празь некалькі дзён Алеся Масюка выклікалі ў міліцыю й сказалі, што атрымана ананімка ад “групы законапаслухмяных грамадзянаў РБ” (так падпісаная паперчына). Ананімы паведамлялі, быццам спадар Масюк праводзіў на слонімскім рынку забаронены мітынг разам з былым кандыдатам у прэзыдэнты А. Мілінкевічам.

Яшчэ пазьней на Масюка міліцыянты склалі пратакол на падставе размоваў з прадпрымальнікамі, да якіх на рынку падыходзілі Алесь Масюк і А.Мілінкевіч. Маўляў, адзін зь міліцыянтаў бачыў, як адбывалася несанкцыянаванае мерапрыемства, і ў той самы дзень склаў рапарт.

Сёньня ў судзе Алесь Масюк хадайнічаў аб тым, каб зь міліцыі ў суд даставілі дзяжурны журнал са Слонімскага РАУС, каб спраўдзіць, ці сапраўды рапарт быў складзены адразу і занесены ў журнал, як гэта патрабуюць міліцэйскія інструкцыі — бо на той паперчыне, якую міліцыянты падалі суду, не было ніякіх выходных зьвестак. Кажа Алесь Масюк:

“На судзе й пацьвердзілася, што рапарт ня быў нідзе зарэгістраваны. Прынесьлі журнал зь міліцыі, але там нічога не было запісана. Міліцыянты ня здолелі прадставіць такі журнал, дзе было зафіксавана маё правапарушэньне”.

Алесь Масюк лічыць, што міліцыянты такім чынам сфальсыфікавалі дакумэнт.

Сёньня ў судзе сьведчыў яшчэ адзін міліцыянт. Ён казаў, што таксама бачыў, як адбывалася несанкцыянаванае мерапрыемства.

Актывіст хадайнічаў, каб адхіліць ад справы судзьдзю Аляксандра Шыліна, які, на яго думку, зь нейкіх прычынаў не прымаў ягоных довадаў. Хадайніцтва засталося незадаволеным. Вось што сказаў Алесь Масюк нашаму радыё пасьля вынясеньня прысуду:

“Ганебны прысуд. Пры ўсёй несправядлівасьці я чакаў, што, магчыма, папярэдзяць. Судзьдзя відавочна кіраваўся не законам, а загадам зьверху. Я думаю, што рашэньне ў яго даўно было падрыхтавана, так, для выгляду зацягнулі. І ніякія доказы з майго боку на суд не падзейнічалі. Ён аштрафаваў мяне на 700 тысяч — велізарны штраф, і гэта ў той час, калі ў мяне на ўтрыманьні двое непаўналетніх дзяцей”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG