Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Рынкевіч: распрацоўшчыкаў закону аб СМІ трэба ўключаць у сьпіс неўязных


Сёньня ў першым чытаньні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі законапраект “Аб сродках масавай інфармацыі”. Як яго камэнтуюць адмыслоўцы?

Старшыня Беларускага саюзу журналістаў, галоўны рэдактар дзяржаўнай газэты “Рэспубліка” Анатоль Лемяшонак заявіў, што не знайшоў у законапраекце аб СМІ “нічога прынцыпова новага” і “асаблівай трывогі гэты законапраект ня выклікаў”. Свае высновы Саюз журналістаў зробіць пасьля прыняцьця закону ў першым чытаньні.

“Карпаратыўныя інтарэсы мы стараліся абараніць, выказалі сваё меркаваньне. Але будзем бачыць, як там канчаткова вырашаць дэпутаты”.

Адносна прапановы прыраўнаць інтэрнэт да сродку масавай інфармацыі спадар Лемяшонак сказаў:

“Там павінна быць ясная градацыя: калі насамрэч працуе на канкрэтную публіку, канкрэтнага чытача і нават мае з гэтага грошы, то гэта сродак масавай інфармацыі. А калі гэта проста нечы сайт ці блог, то наўрад ці гэта можна далучыць да СМІ”.

Ці ёсьць свабода слова, свабода мэдыяў у Беларусі? На гэтае пытаньне спадар Лемяшонак адказаў:

“Нам усім, хто хоча, хто любіць сваю краіну, хто хоча расказаць праўду, не хавае, гэтай свабоды хапае спаўна”.

Кіраўнік інфармацыйных праграмаў тэлеканалу “БелСат” Аляксей Дзікавіцкі заявіў, што беларускія ўлады даўно ішлі да гэтага законапраекту.

“У Беларусі ўвесь час абмяжоўваюцца правы журналістаў, а таксама магчымасьці разьвіцьця незалежных выданьняў. І тое, што так хутка быў прыняты гэты законапраект, сьведчыць пра тое, што ўлады вырашылі больш інтэнсіўна працаваць над задушэньнем незалежных СМІ. Гэта, хутчэй за ўсё, зьвязана зь перадвыбарчай кампаніяй у Палату прадстаўнікоў, хоць самі гэтыя выбары не такія важныя для ўладаў. Гэта абкатка перад прэзыдэнцкімі выбарамі, каб проста зрабіць зачыстку з дапамогай гэтага закону. Пракруціць падчас парлямэнцкіх выбараў, а потым ужо канчаткова дабіць незалежныя мэдыі перад прэзыдэнцкімі выбарамі”.

Распрацоўшчыкі закону цьвердзяць, што ўлічвалі заканадаўчы досьвед шэрагу краінаў. Спадар Дзікавіцкі сказаў, што цягам шэрагу гадоў працаваў у Польшчы як карэспандэнт замежнага СМІ. Ён падзяліўся польскім досьведам:

“Такая рэч, як акрэдытацыя, займае літаральна два тыдні, прычым яна носіць заяўны характар. Трэба мець пашпарт і ліст ад рэдакцыі. Аўтаматычна атрымоўваецца рэгістрацыя і потым цягам аднаго дня падаўжаецца яшчэ на год і яшчэ на год. У прынцыпе, ніякай перашкоды для дзейнасьці замежных журналістаў тут няма. Зусім інакшай выглядае сытуацыя ў Беларусі, з той жа акрэдытацыяй замежных СМІ. А з гэтым законам яна яшчэ больш ускладніцца”.

Юрыст Ігар Рынкевіч мяркуе, што прымаецца фактычна новы закон аб СМІ.

“Будзе жорсткае рэглямэнтаваньне дзейнасьці. Гэта распаўсюджваецца як на ўмовы рэгістрацыі мэдыяў, так і на акрэдытацыю журналістаў. Пашыраецца адказнасьць за распаўсюд інфармацыі. А галоўны хітрык — гэта ўзяць пад кантроль функцыянаваньне інтэрнэт-рэсурсаў. Неабходна ўключаць у сьпіс неўязных у Эўразьвяз беларускіх дзяржчыноўнікаў, якія спрычыніліся да падрыхтоўкі гэтага адыёзнага дакумэнту”.

XS
SM
MD
LG