Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сайты будуць сыходзіць за мяжу


Генэральны дырэктар УП “Надзейныя сыстэмы” (уладальнік гандлёвай маркі TUT.BY) пракамэнтаваў новы законапраект аб СМІ ў Беларусі.


Новы закон аб СМІ прывядзе да далейшай сваволі чыноўнікаў і рэзкага зьніжэньня якасьці беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў, заявіў Юры Зісер у інтэрвію для сайту marketing.by.

“Закон выкліча неабходнасьць дзяржаўнай рэгістрацыі соцень, а можа, і тысяч інтэрнэт-сайтаў, бо пад “формы пэрыядычнага распаўсюду масавай інфармацыі падыходзяць любыя сыстэматычна абнаўляемыя сайты вытворчых прадпрыемстваў, клюбныя сайты, электронныя паштовыя рассылкі, сэрвісы тыпу “Аднаклясьнікаў” і нават электронныя крамы.

Любы сайт можна будзе абвінаваціць у распаўсюдзе непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці ўрон дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам, бо пад гэтую ўсеабдымную фармулёўку трапляе ўсё, нават рэкляма тавару, які часова адсутнічае ў продажы”.

На думку спадара Зісера, беларускія бюракраты цяпер хочуць адрапартаваць аб “дзяржаўным кантролі над інтэрнэтам”.

“Але з-за экстэрытарыяльнасьці інтэрнэту гэтая задача абсалютна невыканальная. Інтэрнэт – гэта адзіная сетка, якая працуе па адзіных правілах. Сайты, якія лічацца “апазыцыйнымі”, прадстаўляюць ілжывую інфармацыю альбо парушаюць аўтарскія ды іншыя правы, і так знаходзяцца за мяжой, таму ім гэты закон “да лямпачкі”: людзі ўсё роўна будуць туды хадзіць.

А вось законапаслухмяныя беларускія сайты, якія выжываюць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, каб пазьбегчы ліцэнзаваньня, пачнуць пачкамі пераходзіць пад замежную юрысдыкцыю альбо закрывацца. Прычым аўра лёгкай апалы толькі дадасьць ім папулярнасьці. А потым нашыя бюракраты будуць зьдзіўляцца і ўва ўсім абвінавачваць Захад. Ім і да галавы ня прыйдзе, што сыход беларускага кантэнту за мяжу — іх рук справа”.
XS
SM
MD
LG