Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мірныя акцыі ў Эўропе ніхто не разганяе”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 16 чэрвеня.


Днямі Сойм Партыі БНФ выключыў з партыі намесьніка старшыні Алеся Міхалевіча.

Нагодай для разгляду “справы Міхалевіча” стала ягонае інтэрвію інтэрнэт-выданьню “Салідарнасьць”, у якім палітык рэзка крытыкаваў частку кіраўніцтва партыі.

Спадар: “Паслухаў, што ў нас робіцца ў Народным Фронце ды ў Палаце прадстаўнікоў. Хачу сказаць, гора нашай краіны ад вялікага розуму. У Палаце прадстаўнікоў, падаецца, розуму поўная Палата: што ні закон, то антынародны, усё хочуць абабраць народ. Ці наш Народны Фронт — ніяк ня могуць падзяліць гэтую маленькую ўладу. І ўсё на карысьць нашаму Рыгоравічу. Усё яму на карысьць”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадарыня Ганна, Гарадзеншчына: “Вельмі нас хвалюе тое, што Партыя БНФ і “Свабода” не вядуць ніякай барацьбы і прапаганды супраць алькагалізму. Вы ж паглядзіце: народ сьпіўся, няма каму працаваць. А гарэлка паступае, а самагоншчыкі піруюць. І нічога ўлады супраць гэтага ня робяць. Ніякія законы не прымаюць нашыя Палаты. Гэта страшна і балюча адбіваецца на ўсіх нашых людзях. Колькі ў нас жабракоў, колькі ў нас сіротаў! Гэта так толькі з-за гарэлкі. Вядзіце барацьбу! Людзі, мы вам верым!”

Шаноўная слухачка, у эфіры Радыё Свабода мы рэгулярна распавядаем пра згаданую вамі праблему. Вашае тэлефанаваньне мы папрасілі пракамэнтаваць намесьніка старшыні Партыі БНФ Юрася Губарэвіча:

“Продаж таннай гарэлкі і алькагольных напояў нізкай якасьці — адзін з элемэнтаў кантролю над грамадзтвам. Улада Лукашэнкі зацікаўленая, каб значная частка беларусаў знаходзіла задавальненьне ў спажываньні алькаголю і тым самым не задумвалася ні пра свой будучы лёс, ні пра лёс краіны. Мы лічым гэта адным з самых балючых пытаньняў. Натуральна, дзе ёсьць такая магчымасьць, гэтае пытаньне ўздымаем. Мы лічым, што такой сытуацыі быць не павінна”.

Далей у праграме — развагі нашага слухача:

Спадар: “Вось гляджу я, як ва Ўкраіне і Ангельшчыне паліцыя абыходзіцца з дэманстрантамі: лупяць іх дубінкамі, і гэта называецца дэмакратыя. А ў нас гэта дыктатура. Дык чаму ім можа біць і разганяць, а нам не? Адкажыце, калі ласка”.

Гэтыя меркаваньні камэнтуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які неаднойчы назіраў за вулічнымі акцыямі ў Беларусі ды іншых краінах:

“Ёсьць міжнародныя стандарты ў галіне свабоды мірных сходаў і агульныя падыходы, якіх прытрымліваюцца ў дэмакратычных краінах. Тут дзейнічае прынцып абароны менавіта мірных сходаў як спосабу выказваньня сваіх меркаваньняў, перакананьняў ці пратэсту. Мірныя акцыі ніхто ў Эўропе не разганяе. Акцыі, якія разганяюцца, носяць гвалтоўны характар. Дзеяньні дэманстрантаў наносяць шкоду інтарэсам іншых грамадзянаў, іхнай бясьпецы і бясьпецы маёмасьці. Калі пачынаюцца пагромы, разгромы крамаў, калі пачынаюць кідацца бутэлькамі з запальнай сумесьсю, падпальваць нешта, тады паліцыя мае права ўжыць сілу і спэцсродкі дзеля абароны грамадзкага парадку і інтарэсаў іншых грамадзянаў”.

Сёньня мы таксама атрымалі такое тэлефанаваньне:

Віктар Буто: “Дапамажыце з адрасам для звароту да прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, бо да прэзыдэнта Беларусі і многіх яго прадстаўнікоў мяне проста не дапускаюць”.

На афіцыйным сайце прэзыдэнта Расеі для допісаў пазначаны такі адрас: вуліца Ільінка, дом 23, 103132, Масква, Расея.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон Свабоды ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG