Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікоў БАЖ на разгляд закону аб СМІ не запрасілі


БАЖ зьвяртаўся з просьбай даць магчымасьць экспэртам асацыяцыі прысутнічаць на паседжаньні працоўнай групы і пастаяннай камісіі.


“На жаль, ні на адно паседжаньне, ні на другое мы не былі запрошаныя. Учора старшыня камісіі Юры Кулакоўскі на маё пытаньне, чаму мы не запрошаныя, адказаў: “Мы працэдурна не пасьпяваем”,-- паведаміла “Свабодзе” старшыня БАЖ Жана Літвіна.

Не запрасілі прадстаўнікоў БАЖ і на сёньняшняе паседжаньне Палаты прадстаўнікоў, на якім закон аб СМІ разглядаюць у першым чытаньні.

Тым не меней на мінулым тыдні БАЖ зрабіў індывідуальныя звароты да ўсіх дэпутатаў. А ўчора на імя старшыні камісіі была накіраваная больш падрабязная і абгрунтаваная экспэртыза законапраекту на 17 старонках.

“Хаця я не гляджу на сытуацыю аптымістычна. Мэта ўладаў зразумелая і дакладная: як мага хутчэй прыняць гэты закон. Таму прысутнасьць іншай думкі непатрэбная. Уладам трэба, каб гэты склад парлямэнта ўхваліў закон. А далей амаль ніхто з гэтых людзей ня будзе несьці за яго адказнасьць. Таму ўсё адбываецца ў такім закрытым рэжыме, пры наяўнасьці вельмі супярэчлівай інфармацыі: то напачатку міністар Русакевіч гаворыць, што рыхтуецца праект Указу аб прававым рэгуляваньні інтэрнэту, то ягоная намесьніца Лілія Ананіч кажа аб тым, што трэба ўнесьці папраўкі ў закон, а ўрэшце атрымалі абсалютна новую рэдакцыю закона аб СМІ”,-- заявіла “Свабодзе” старшыня БАЖ Жана Літвіна.

На ўчарашнім пасяджэньні пастаяннай камісіі, на якое прадстаўнікоў БАЖ не дапусьцілі, выступіла намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, якая заявіла, што новы закон ня ўводзіць ніякіх новых абмежаваньняў, што ён будзе рэглямэнтаваць не інтэрнэт-СМІ, а інтэрнэт-вэрсіі існуючых друкаваных і электронных СМІ, што законапраект ня ўводзіць больш жорсткую адказнасьць за парушэньні, чым ранейшы.

Жана Літвіна мяркуе, што такім чынам спадарыня Пяткевіч рыхтуе грамадзкую думку да прыняцьця закону. БАЖ па-ранейшаму настойвае на тым, каб гэты законапраект быў надрукаваны ў СМІ, каб адбылася агульнанацыянальная дыскусія на гэты конт, і каб праект, як было абяцана, быў накіраваны на экспэртызу ў Раду Эўропы.

“Мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб гэты закон ня стаў рэгрэсным, каб ён не нанёс яшчэ большай шкоды распаўсюду незалежнай інфармацыі. Баронячы сваё права на прафэсію, мы баронім права грамадзян краіны на інфармацыйны выбар”.

XS
SM
MD
LG