Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Зьмітра Жалезьнічэнкі зьвярнулася да старшыні Вярхоўнага суду


Маці былога гомельскага студэнта-выдатніка, а цяпер салдата тэрміновай службы Зьмітра Жалезьнічэнкі ад імя сына накіравала заяву старшыню Вярхоўнага суду Беларусі.

Ала Жалезьнічэнка просіць праверыць законнасьць судовых пастановаў раённага і абласнога судоў, які прызналі абгрунтаваным другое адлічэньне Зьмітра з трэцяга курсу матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны, як сказана, за парушэньне правілаў унутранага працоўнага распарадку.

У заяве спадарыня Жалезьнічэнка пералічае шэсьць пунктаў заканадаўчых актаў і інструкцыяў Міністэрства адукацыі, якія парушыла адміністрацыя ўнівэрсытэту пры другім адлічэньні выдатніка. У прыватнасьці, загад рэктар Рагачоў падпісаў у той дзень, калі Зьміцер быў на бальнічным лісьце з прычыны падвышанага ціску.

Галоўная прэтэнзія ўнівэрсытэту – Жалезьнічэнка ўчыніў правапарушэньне, якое робіць замах на грамадзкі парадак.

8-суткавы арышт нібыта за хуліганства і штраф за непадпарадкаваньне ахоўнікам Зьмітру вынесьлі ў верасьні мінулага году пасьля першага адлічэньня выдатніка. Жалезьнічэнка тады фактычна ня быў студэнтам.

На падставе гэтых ды іншых фактаў маці былога студэнта-выдатніка й просіць старшыню Вярхоўнага суду прынесьці пратэст у парадку нагляду на ранейшыя судовыя пастановы аб законнасьці другога адлічэньня з унівэрсытэту сына Зьмітра.

Як толькі Жалезьнічэнку адлічылі з унівэрсытэту, яго тэрмінова прызвалі служыць у транспартныя войскі ў Жлобін.

“Жыцьцё тут даволі вясёлае, калі зьвяртаць увагу й глядзець на ўсё цьвярозымі вачыма, – расказвае Жалезьнічэнка. – Першыя дні дык наагул хадзіў і з раніцы да вечара сьмяяўся. Цяпер, натуральна, паспакайнеў, прызвычаіўся шмат да чаго”.

Праз тое, што Зьміцер Жалезьнічэнка не прыняў прысягі, камандзір роты яго пэрыядычна запалохвае:

“Раз на месяц стабільна пагражае крымінальнай справай за розныя дробныя ўчынкі. За парушэньне, напрыклад, формы адзеньня, пляму на ўніформе і г.д. Прыняць прысягу просяць рэдка. Раней часьцей прасілі, крымінальнай справай пагражалі. Я ведаю, што гэта быў блеф. Таму я трымаўся сваёй пазыцыі. Я не прыняў прысягі не таму, што я супраць Беларусі, супраць сваёй краіны, не хачу служыць свайму народу, а з-за таго, што робіцца беззаконьне”.

XS
SM
MD
LG