Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэнісныя корты ў Батанічным садзе: у нагу з ідэалёгіяй


У інтэрнэце кіпяць жарсьці вакол плянаў пабудаваць на тэрыторыі Батанічнага саду ў Менску тэнісныя корты. Ці сапраўды гэткія пляны ёсьць і з чыёй ініцыятывы яны зьявіліся, высьвятляла нашая карэспандэнтка.

У прымальні Батанічнага саду інфармацыю пра будаўніцтва тэнісных кортаў катэгарычна зьняпраўдзілі:

“Няма яшчэ нічога. Ні пляны не зацьверджаныя, ні грошай няма. Нічога ніхто не будуе”.

Карэспадэнтка: “Дык што, усё, што пішуць у інтэрнэце пра тэнісныя корты ў садзе, няпраўда?”

“Я думаю, што гэта нехта з нашых напісаў...”

Будзеш тэнісам займацца – лягчэй стане “людзьмі звацца”

Але менавіта пра “нашых” нібыта дбае кіраўніцтва Батанічнага саду, сьцьвярджае намесьнік дырэктара па навуковай і інавацыйнай працы Ўладзімер Агеец. Тэнісны корт маюць пабудаваць для супрацоўнікаў саду, кажа ён:

“Натуральна, толькі для сваіх! Думаю, што калі будзе ў нас спартыўная пляцоўка для супрацоўнікаў, то гэта ў пэўнай ступені падвысіць наш статус як арганізацыі. Ня толькі ж на карачках нашым супрацоўнікам працаваць, гароды палоць з калекцыямі – гэта ж цяжкая праца. Гэта дасьць нагоду нас болей паважаць, як кажуць, людзьмі звацца”.

Ідэалёгія спорту

На думку эколяга Іны Зенінай, для каго б ні прызначаны быў спартовы комплекс на тэрыторыі Батанічнага саду, гэта ўсё адно супярэчыць лёгіцы:

“Гэта не стасуецца з Батанічным садам аніяк. Гэта сад і гэта навуковая ўстанова. Прычым тут спартовыя збудаваньні?”

Па словах сп. Агейца, сёньня спартовыя збудаваньні дарэчы паўсюль – яны апраўданыя ідэалягічна:

“У нейкай ступені гэтую ідэалёгію ініцыявала наша кіраўніцтва Акадэміі нацыянальнай у асобе спадара Мясьніковіча. Таму што людзей трэба заахвочваць да спорту. Гэта натуральна, гэта частка ідэалёгіі нашага прэзыдэнта. Таму мы павінны недзе “ісьці ў нагу”.

Па словах Уладзімера Агейца, тэнісныя корты цяпер існуюць толькі як ідэя. Для ўзгадненьня плянаў патрабуецца згода Міністэрства прыроды. У інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс” начальнік аддзелу аховы навакольнага асяродзьдзя і запаведных зонаў Мінпрыроды Віталь Каранчук паведаміў, што Мінпрыроды адмовіла ў будаўніцтве. Батанічны сад мае статус асабліва ахоўнай ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны, што забараняе будаўніцтва на яго тэрыторыі. Але нават калі б статус зьмянілі, адзначыў сп. Каранчук, для вялікага тэнісу “ў Менску і пад Менскам больш чым дастаткова іншых тэрыторыяў”.

Менскі батанічны сад быў закладзены у 1932 годзе. Ён належыць да ліку найбольшых батанічных садоў Эўропы як па плошчы (153 гектары), гэтак і па складзе калекцыяў (больш за 9 тысяч найменьняў, у тым ліку 2,3 тысячы на закрытым грунце).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG