Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе ў Беларусі праблема падробных лекаў?


У паведамленьні Эўракамісіі пра канфіскацыю падробных мэдыкамэнтаў фігуруюць постсавецкія краіны – Расея, Украіна, Беларусь. А найбольш верагодным спосабам набыцьця фальшаваных мэдыкамэнтаў лічыцца інтэрнэт.

Ці ёсьць верагоднасьць у Беларусі набыць падробку, ці былі ў краіне гучныя скандалы па выкрыцьці фармацэўтычных падробак?

Першы намесьнік міністра аховы здароўя Робэрт Часнойць увесну на міжнародным сымпозіюме «Эканоміка ў ахове здароўя» заявіў, што за апошнія тры гады ў краіне не зафіксавана ніводнага выпадку абароту фальшаваных лекавых сродкаў. Начальнік Упраўленьня фармацэўтычнай інспэкцыі і арганізацыі лекавага забесьпячэньня Міністэрства аховы здароўя Людміла Рэўцкая тлумачыць:

«У нас прамыя кантракты альбо ад вытворцы, альбо ад яго ўпаўнаважанага дыстрыбутара. Такое правіла ў нас дзейнічае ўжо шмат гадоў. Любы іншы ўвоз проста не ўзгадняецца, ніякіх іншых схем няма. Калі вязецца нешта ад вытворцы, ён жа не зацікаўлены, каб нейкія падробкі былі ад яго. Гэта адзін з асноўных элемэнтаў, чаму ў Беларусі няма падробных лекаў».

Продаж лекавых сродкаў праз інтэрнэт забаронены

У Беларусі няма ніводнай інтэрнэт-аптэкі, забаронены продаж лекаў праз прыватныя абвесткі ў газэтах, запэўніла Людміла Рэўцкая:

«Ёсьць норма закона: рэалізацыя лекавых сродкаў ажыцьцяўляецца толькі ў аптэках. Аптэка – гэта комплекс памяшканьняў і абсталяваньня. То бок па-за памяшканьнямі аптэк рэалізоўваць лекі нельга».

У Беларусі захавалася дзяржаўная аптэчная сетка, аптовы продаж ажыцьцяўляецца 14 буйнымі дзяржаўнымі і 133 недзяржаўнымі аптэчнымі складамі. Намесьніца дырэктара адной з буйных сталічных аптэк спадарыня Юлія перакананая:

“У Расеі ёсьць падробкі. У Беларусі гэта выключана. Таму што бюракратыя ў нас вельмі добра разьвітая. Там столькі папер сабраць трэба, так пільна ўсё правяраецца, што падробак няма. Неадпаведнасьць якасьці – так, бывае, адразу ж гэта сэрыя адклікаецца на аптэчны склад. Сьпісваем гэты тавар і адпраўляем”.

Купіць падробку ў аптэцы немагчыма

Прадстаўніца адной з буйных брытанскіх фармакалягічных кампаній спадарыня Ганна кажа:

“Увесьці кантрабанду фактычна немажліва. Што тычыцца нашай фірмы, у нас ёсьць тры дылеры, якія пастаўляюць лекі, і іншыя проста не могуць увесьці. Гэтыя шляхі правераныя, непасрэдна ад вытворцаў лекі едуць сюды. Другі момант – ва ўнітарнага прадпрыемства “Фармацыя” ёсьць кантрольна-аналітычныя лябараторыі. І любая партыя лекаў, куды б яна не паступала – у дзяржаўныя аптэкі, у камэрцыйную сетку, – яна праходзіць кантрольна-аналітычную лябараторыю. Абыйсьці яе нельга. Купіць падробку немагчыма. Можа, дзе-небудзь штосьці і затрымлівалі, але гэта да пакупнікоў не даходзіць”.

За 2007 год 21 фірма пазбавілася ліцэнзій: хто назаўсёды, хто часова

Калі падробку знайшла лябараторыя, яна абавязаная паведаміць праваахоўным органам, і на “фальшыватаблетчыкаў” заводзіцца крымінальная справа. Кантроль над фірмамі, якія займаюцца пастаўкамі лекаў, даволі жорсткі – да пазбаўленьня ліцэнзій, сьцьвярджае начальнік Упраўленьня Міністэрства Людміла Рэўцкая:

«Пастаянна мы праводзім праверкі, і, канечне, такія выпадкі ёсьць. Такіх выпадкаў нямала – летась больш за 10 выпадкаў пазбаўленьня ліцэнзій. За парушэньне ліцэнзійных патрабаваньняў у нас вельмі жорсткае заканадаўства. Калі грубае парушэньне – адразу ж калегія прымае рашэньне аб ануляваньні ліцэнзіі».

У 2007 годзе 12 арганізацый пазбаўлены ліцэнзій, 5 пазбаўлены магчымасьці працаваць з лекамі, што ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы, дзеяньне чатырох ліцэнзій часова прыпыненае.

Гучныя справы, зьвязаныя зь лекамі

Што да гучных спраў, зьвязаных зь лекамі – у 2002 годзе ў Беларусі быў скандал з мірамістынам, дэзынфікацыйным растворам, які выпускала прадпрыемства «Белмэдпрэпараты». У Віцебску знайшліся народныя ўмельцы, якія арганізавалі ў ваннай «хатнюю вытворчасьць» фальшаванага мірамістыну, падрабілі сэртыфікаты. Піратаў выкрылі. Пасьля таго, як суд вынес прысуд – кіраўніку 14 гадоў пазбаўленьня волі, кампаньёнам па 12 гадоў, – гучных выпадкаў не было.

А ў 2004 годзе ў Латвіі быў гучны скандал, калі 24 чалавекі пацярпелі пасьля прыняцьця прэпарату “Аскафэн”, вырабленага на прадпрыемстве “Белмэдпрэпараты”. Тады Міністэрства аховы здароўя Латвіі адклікала з продажу ў аптэках усе таблеткі беларускай вытворчасьці.

Беларусь – краіна-вытворца “джэнэрыкаў”?

Ці адпавядаюць лекі беларускай вытворчасьці міжнародным стандартам? Чаму вельмі мала беларускіх лекаў ідзе на экспарт? Тлумачэньне Людмілы Рэўцкай:

«У іх няма GMP – сыстэмы забесьпячэньня якасьці. Толькі першыя этапы ўкараненьня гэтай сыстэмы. Яны маюць іншыя сэртыфікаты якасьці, але яны не даюць права выйсьці нашым прадпрыемствам на міжнародныя рынкі. Але гэта бяда ўсіх краінаў СНД, уся постсавецкая прастора так уладкаваная. Проста быў крыху іншы стандарт, іншы падыход да фармацэўтычнай прамысловасьці”.

Пакуль сэртыфікавана 4 вытворчых участкі трох фармацэўтычных прадпрыемстваў Беларусі. Сэртыфікацыю GMP плянуецца завяршыць да 2010 году. Наступны этап – прызнаньне беларускага сэртыфікату GMP міжнародным. Пакуль жа Беларусь ў фармацэўтычным сьвеце больш вядомая як краіна-вытворца “джэнэрыкаў” – больш танных аналягаў арыгінальных лекаў.

Пэрыядычна выпадкі выкрываньня фальшаваных лекаў здараюцца ў Расеі. Так, летась у Расеі канфіскавалі з аптэк 41 найменьне падробных лекаў. Большая частка зь іх – мясцовай вытворчасьці, астатнія ідуць з Польшчы, Індыі, Кітая. Часьцей за ўсё ў Расеі сустракаліся падробныя антыбіётыкі – бісэптол, леваміцытын, цэразалін, кляфаран; падраблялі таксама спазмальгетык но-шпу; сардэчна-сасудзісты прэпарат амэз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG