Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная сымболіка не прайшла брытанскі конкурс <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У Доме дружбы ганаравалі пераможцаў конкурсу малюнкаў да Дня народзінаў брытанскай каралевы.

Карціна, дзе намаляваныя беларуская дзяўчына, ангельскі джэнтэльмэн, Мэры Попінс і Эўфрасіньня Полацкая, атрымала Гран-пры конкурсу.

Конкурс ладзіла амбасада Вялікай Брытаніі. Сёньня ў менскім Доме дружбы амбасадар Вялікай Брытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс адкрыў выставу дзіцячых малюнкаў і ганараваў пераможцаў.


Праца ўладальніцы гран-пры Міраславы Кузьмар





Гран-пры атрымала 16-гадовая Міраслава Кузьмар за працу “Мы такія розныя і гэтым мы падобныя”. На карціне намаляваная беларуская дзяўчына, ангельскі джэнтэльмэн, Мэры Попінс, якая ляціць з парасонам і Эўфрасіньня Полацкая. Міраслава вучыцца ў польскай школе ў Ваўкавыску.

“Зь дзяцінства люблю маляваць. Мой бацька мастак. Я хачу зьвязаць сваё далейшае жыцьцё з мастацтвам.

Я доўга думала аб тым, што намаляваць. І вырашыла паказаць пакрышку нашай культуры – і брытанскай, і беларускай. Тут намалявана беларуская дзяўчына, джэнтэльмэн, Мэры Попінс ляціць з парасонам і Эўфрасіньня Полацкая. Я намалявала гэта ў сваім стылі. Я люблю маляваць катоў і на адным сядзяць каты з двума галовамі. Я хацела паказаць, што мы розныя, але можа гэта нас і зьвязвае. Нашы культуры адрозьніваюцца адна ад адной. І можа трэба вучыцца нашым культурам адна ў адной зьвязацца гэтым”.

Ангеліна Максімава паказвае свае працы
7-гадовая Ангеліна Максімава з Магілёву таксама сярод пераможцаў конкурсу. Яна перайшла ў другую клясу дзіцячай школы мастацтваў №1. Дзяўчынка намалявала Стоўнхэндж і каралеву Элізабэт. Якая ж яна – каралева?

“Прыгожая. Добрая. Шчасьлівая”.

У журы конкурсу ўваходзіў мастак і лідэр групы “Крама” Ігар Варашкевіч. Што яго найбольш зьдзівіла ў малюнках дзяцей, дасланых на конкурс?

“Мяне зьдзівіла колькасьць дзяржаўнай сымболікі, якая была выкарыстана на працах. Прычым я выбіраў зусім па іншых крытэрах працы. Зашмат, на жаль, палітыкі. Там можна было маляваць людзей, жывёл, прыроду. А тут сьцяжок, там сьцяжок, я адразу сказаў, што зашмат чырвона-зялёнага. Пра ідэалёгію, машыну ідэалягічную гэта гаворыць. Калі маленькія дзеці малююць толькі сьцяжкі, ня могуць адвязацца. Я вельмі быў зьдзіўлены колькасьцю такіх аднолькавых прац, дзе там ангельскі сьцяжок і беларускі сьцяжок”.

Праца Андрэя Гулейчыка з Міханавічаў “Мірскі замак-Big Ben”



На конкурс было даслана больш за 70 малюнкаў з усёй Беларусі. Дзесяць пераможцаў атрымалі прызы ад амбасадара Вялікай Брытаніі Найджэла Гулд-Дэвіса. Спадар амбасадар кажа: не сумняюся, што беларусы – гэта нацыя мастакоў. І пераможцы паказалі нестандартныя падыходы да вырашэньня тэмы Беларусь – Вялікая Брытанія. Асноўная мэта конкурсу, паводле спадара амбасадара, дапамагчы ўзаемаразуменьню, дасягнутая. Ён мяркуе, што конкурс паўторыцца ў наступным годзе.

“Былі больш незвычайныя, абстрактныя падыходы, якія сьведчаць пра сапраўдную душу мастацтва. Галоўны пераможца нашага конкурсу выдатна выканала гэтую тэму. Ня толькі апісала многа цікавага, але й тое, што яна абарала стыль Шагала”.

Паводле традыцыі, афіцыйны Дзень нараджэньня каралевы Вялікай Брытаніі адзначаецца ў другую суботу чэрвеня, хаця насамрэч каралева Елізавета ІІ нарадзілася 21 красавіка. У гэтым годзе яе вялікасьці спаўняецца 82 гады. Дзень нараджэньня каралевы 14 чэрвеня ў Лёндане адзначылі маляўнічым парадам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG