Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нічога новага: будзе горш, чым было...”


Праект новага закону “Аб сродках масавай інфармацыі” абмяркоўваюць рэдактары газэтаў, якія выходзяць на Гарадзеншчыне — Віктар Валадашчук, Ігар Банцар і Станіслаў Суднік.

Віктар Валадашчук, рэдактар “Газеты Слонімскай” кажа, што ў наступным нумары прысьвячае некалькі старонак гэтай тэме. Пра новы закон будуць гаварыць юрысты й журналісты. Ягоныя ж клопаты цяпер — знайсьці памяшканьне для сваёй рэдакцыі й выпусьціць наступны нумар.

Тым ня менш пытаюся: як паўплывае новы закон на існаваньне “Газеты Слонімскай”?

Валадашчук: “Калі ўлады хочуць закрыць газэту, то яны робяць гэта, нікога не пытаючыся. Дарэчы, гэта можна зрабіць і зь цяперашнім законам, хапае рычагоў ціску на СМІ. Вядома, новы закон дазволіць яшчэ больш кантраляваць СМІ, але, па-мойму, новага яны нічога не прыдумалі ў ім. Папросту будзе горш, чым было”.

Ігар Банцар, рэдактар “Магазына польскага”, які выдаецца ў Польшчы сябрамі не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў, вельмі пэсымістычна кажа пра тое, што чакае незалежных журналістаў у Беларусі.

Банцар: “Усе журналісты, якія ня здолеюць прайсьці перарэгістрацыю, атрымаць афіцыйную акрэдытацыю, дастануць па лапах, як той казаў. Гэтая малая група незалежных журналістаў, якая яшчэ існуе ў Беларусі, зьменшыцца да мінімальнай колькасьці людзей, на жаль. Вось такі мой прагноз”.

Станіслаў Суднік, рэдактар агульнарэспубліканскай газэты Таварыства беларускай мовы “Наша слова”, якая выходзіць у Лідзе, таксама даволі скептычна ставіцца да будучага закону “Аб сродках масавай інфармацыі”.

Суднік: “Яны могуць прыняць любы закон, але дастаткова было й дзеючага, каб зачыніць непажаданае выданьне. Але ж ужо няма чаго й зачыняць. Як гэты закон на нас адаб’ецца? Хто яго ведае. Пройдзе некаторы час, то пабачым, якія праблемы пачнуць узьнікаць у ягоным практычным прымяненьні. А так я асабліва нічога пакуль ня бачу. З аднаго боку — як палёгка, што ня трэба ўзгадняць зь мясцовымі ўладамі юрыдычны адрас рэдакцыі, а з другога боку — закон як дышла. І як там будзе насамрэч... Я пакуль нічога ня бачу, з-за чаго трэба было б панікаваць. Праўда, ужо й панікаваць асабліва няма каму”.

Нагадаю, што распрацоўка новага закону вядзецца з 2003 году, праца над ім заўсёды вялася ў замкнёным рэжыме, без публічнага абмеркаваньня ў грамадзтве. Паводле папярэдніх зьвестак, Палата прадстаўнікоў мае разглядаць законапраект аб СМІ 17 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG