Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новы закон аб СМІ супярэчыць Канстытуцыі”


Заўтра дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу плянуюць разгледзець закон “Аб сродках масавай інфармацыі”.

Законапраект быў унесены ў парадак дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў 10 чэрвеня ў экстраным парадку. Ці ведаюць пра новы закон “Аб СМІ” рэдактары недзяржаўных выданьняў Магілёўшчыны і як ён, на іхную думку, паўплывае на сытуацыю са СМІ?

Рэдактар недзяржаўнай крычаўскай газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны лічыць, што новы закон “Аб СМІ” прымаюць, каб ускладніць працу журналістаў напярэдадні й падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў:

“Дзяржава сьпяшаецца прыняць гэты закон, каб пасьпець да выбараў у Палату прадстаўнікоў. Я дакладна не магу сказаць, наколькі сур’ёзна паўплывае закон, але ня думаю, што ў лепшы бок. Сродкі масавай інфармацыі ў чарговы раз уціскаюцца. Думаю, што дзяржава гэта робіць, каб больш уціскаць журналістаў”.

Рэдактар недзяржаўнага выданьня “Бобруйский курьер” Анатоль Санаценка таксама ўпэўнены, што новы закон “Аб СМІ” ўвязаны з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Спадар Санаценка прагназуе, што ў Беларусі па прыняцьці новага закону могуць зьнікнуць усе недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі:

“Узяць хаця б тую ж перарэгістрацыю сродкаў масавай інфармацыі. Трэба будзе перарэгістроўваць онлайн-вэрсіі газэт. Усё гэта прывядзе да праблемаў і ўрэшце да закрыцьця онлайн-вэрсіяў газэт. Паколькі мы ўсе цудоўна ведаем, як беларускае чынавенства ўмее адмаўляць у рэгістрацыі”.

Рэдактар горацкай недзяржаўнай газэты “Ўзгорак” Эдуард Брокараў лічыць, што пасьля прыняцьця новага закону “Аб сродках масавай інфармацыі” недзяржаўная інфармацыйная прастора ў Беларусі звузіцца да мінімуму.

“Гэта адзін зь вялікіх і шырокіх крокаў да фактычнага зьнішчэньня свабодных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. Гэта супярэчыць Канстытуцыі, і гэта незаконна. У сытуацыі, калі закон супярэчыць Канстытуцыі, дзейнічае Канстытуцыя. Я як журналіст буду трымацца Канстытуцыі”.

Рэдактарка недзяржаўнай газэты “Вечерний Бобруйск” Натальля Сысой пакуль не гатовая камэнтаваць новы закон аб СМІ:

“Напэўна, трэба спачатку яго вывучыць больш падрабязна, бо тое, што мы чулі, гэта ўсё павярхоўна, так сказаць. Пажадана бачыць усё ў арыгінале, параўнаць нешта зь нечым. Пакуль гэтага няма, і я нічога сказаць не магу”.
XS
SM
MD
LG