Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія журналісты — пра новы Закон аб СМІ


Яшчэ нядаўна ў Горадні выходзілі вядомыя грамадзка-палітычныя газэты: “Пагоня”, “Біржа інфармацыі”, “День”. Усе яны пад ціскам уладаў спынілі існаваньне.

Журналісты, якія ў іх працавалі, мусілі шукаць сабе іншую працу. Што яны думаюць сёньня наконт магчымых новых абмежаваньняў для мэдыяў і інтэрнэту?

Гарадзенец Андрэй Пачобут працуе ў Беларусі карэспандэнтам вядомай польскай газэты.

Пачобут: “Я працую у “Газэце Выборчай”. І я так лічу, што калі там ідзе размова пра акрэдытацыю, гэта скіравана на тое, каб абмежаваць выхад інфармацыі зь Беларусі. Тое ж самае тычыцца інтэрнэту, які, безумоўна, зьяўляецца адной з найважнейшых крыніцаў незалежнай інфармацыі. Гэта адзіная магчымасьць данесьці інфармацыю да грамадзтва, і таму ўлады імкнуцца абмежаваць гэтую магчымасьць. Яны будуць змагацца не з усімі, хто старонкі ў інтэрнэце робіць, а з тымі, хто робіць папулярныя палітычныя ўплывовыя старонкі. Для мяне гэта адназначна: спадзявацца ад уладаў таго, што нешта будзе на карысьць журналістам, асабліва незалежнай журналістыцы, нельга, толькі яшчэ больш гайкі будуць заціснуты”.

Раней Андрэй Пачобут працаваў у беларускіх газэтах “Местное время”, “День”, у газэце “Глос з-над Немна”, пакуль яе не забралі ў Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Сёньня журналіст мае абмежаваньне адносна выезду за мяжу.

Пачобут: “Дазвол на акрэдытацыю — ён заўжды выкарыстоўваўся дзеля таго, каб мець уплыў на замежных журналістаў. На сёньняшні дзень у мяне абмежаваньне на выезд, накладзенае КГБ, таму мне сёньня зьвяртацца па акрэдытацыю, калі мяне па-за межы краіны не выпускаюць, гэта сьмешна. Вацлаў Радзівановіч, папярэдні карэспандэнт у Беларусі, які прыяжджаў шмат сюды, ён пэрсона нон грата, яму не выдаюць візу, не ўпускаюць на тэрыторыю Беларусі”.

Сябра БАЖа гарадзенец Уладзімер Хільмановіч кажа, што не знаёмы са зьменамі, якія рыхтуюцца ў Закон аб сродках масавай інфармацыі, аднак зазначае:

“Ня трэба быць вялікім аракулам, каб прадказаць, што гэты закон будзе яшчэ больш драконаўскі. Гэтыя папраўкі — яны папросту будуць замінаць далейшай працы журналістаў і парушаць правы. Шанцы на шыраньне вольнай прасторы, у тым ліку інтэрнэцкай, будуць зьмяншацца. Відавочна, што ўлады Беларусі імкнуцца ўзяць пад кантроль інтэрнэт-рэсурсы, пра гэта неаднаразова заяўлялася, у прыватнасьці, пра вывучэньне кітайскага досьведу, які яны зьбіраюцца скарыстаць. Таму палёгкі чакаць журналістам не даводзіцца. Наадварот, ня трэба асаблівай мудрасьці, каб прадказаць, што будзе далейшае пагаршэньне ўмоваў працы, у першую чаргу менавіта незалежных журналістаў”.

Уладзімер Хільмановіч сёньня рэгулярна друкуецца ў беластоцкай газэце “Ніва”. Раней выпускаў штомесячны бюлетэнь “Свой лад”. Бюлетэнь спыніў сваё існаваньне ў 2004 годзе пасьля таго, як КДБ сканфіскаваў кампутарную тэхніку і матэрыялы.
XS
SM
MD
LG