Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Косава: гімн бяз словаў


Учора ўступіла ў дзеяньне Канстытуцыя незалежнага Косава. Быў прыняты таксама гімн новай дзяржавы, праўда, бяз словаў.

Тое, што новы косаўскі гімн ня мае словаў – трапны сымбаль усёй сытуацыі зь незалежнасьцю новай краіны. Косаўскія ўлады зрабілі высновы з падзеяў, што адбыліся пасьля лютаўскага абвяшчэньня незалежнасьці. Далёка ня ўсе дзяржавы сьвету падтрымалі незалежнасьць былой сэрбскай правінцыі. Сама Сэрбія катэгарычна адмаўляецца прызнаць сувэрэнітэт Косава. Прышціна, не кантралюе паўночныя раёны Косава, населеныя пераважна сэрбамі.

Дарэчы, у адказ на ўступленьне ў дзеяньне Канстытуцыі Сэрбія заявіла аб стварэньні ў раёнах Косава, населеных сэрбамі, парлямэнту, сфармаванага па выніках апошніх муніцыпальных выбараў у Сэрбіі.
У гэтай сытуацыі ўлады Косава ня хочуць падліваць алею ў агонь канфлікту: і самыя сьвяткаваньні прыняцьця Канстытуцыі – менш маштабныя, чым гэта было пры абвяшчэньні незалежнасьці, і гімн бяз словаў, каб не ствараць ў косаўскіх сэрбаў адчуваньня, што косаўская дзяржава, населеная пераважна альбанцамі – чужая для іх.

На цырымоніі ўступленьня Канстытуцыі ў дзеяньне вельмі ўзьнёслую прамову сказаў прэм'ер-міністар Косава, былы лідэр паўстанскай арміі Хашым Тачы:

“Гэта дзень Канстытуцыі, і гэта Канстытуцыя стаіць на крыві і ахвярах нашай нацыі. Гэта Канстытуцыя нашага бачаньня будучыні. Гэта – першая Канстытуцыя ў палітычнай гісторыі Косава, заснаваная на свабоднай волі яго грамадзянаў”.

Прэзыдэнт Фатмір Сэджыу ў сваёй прамове падкрэсьліў, што зьмест Канстытуцыі – сьведчаньне імкненьня новай краіны да ўсясьветных стандартаў дэмакратыі:

“Я мяркую, што гэта гістарычны момант для Косава. Гэта – завяршэньне пабудовы дзяржавы ў Косаве. Гэта важнае паведамленьне для міжнароднай супольнасьці і Эўразьвязу, што Косава – дэмакратычная краіна, якая прыняла самыя высокія міжнародныя каштоўнасьці і будзе працягваць рабіць гэта”.

Аднак дагэтуль застаецца шмат пытаньняў у міжнародна-прававым статусе Косава. З 1999 году ўладу ў Косаве ажыцьцяўляла місія ААН, якая мела адпаведны мандат Рады бясьпекі. Цяпер тыя краіны, якія прызналі незалежнасьць Косава, а таксама генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун мяркуюць, што збольшага функцыі гэтай місіі скончаныя, што яе паўнамоцтвы павінны быць перададзеныя як косаўскім уладам, гэтак і місіі Эўразьвязу. Яны лічаць, што прыняцьцё Канстытуцыі ёсьць сьведчаньнем гатовасьці косаўскіх лідэраў узяць на сябе поўную палітычную адказнасьць за сытуацыю ў краіне і працяг дзейнасьці місіі ААН, выглядае, на іх думку, недарэчным. Супраць гэтага катэгарычна выступае Расея, якая не прызнае як незалежнасьці Косава, гэтак і паўнамоцтваў Эўразьвязу ў кіраваньні Косавам. Расея, якая зьяўляецца сталым сябрам Рады бясьпекі ААН, пагражае накласьці вэта на любое рашэньне аб скасаваньні місіі ААН у Косаве. Да таго ж абсалютна незразумела, як будуць разьвівацца падзеі ў раёнах Косава, населеных сэрбамі – і самыя косаўскія сэрбы, і Бялград бяруць курс на стварэньне ў гэтых раёнах ўлады, аўтонамнай ад цэнтральнай косаўскай ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG