Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч — далёка ня першы...


Пра гісторыю расколаў і выключэньняў у партыйных шэрагах.


Выключэньне з Партыі БНФ намесьніка партыйнага старшыні Алеся Міхалевіча — гэта ня першы падобны выпадак у Беларусі.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць: адлік падобных выпадкаў можна весьці з таго часу, як Народны фронт падзяліўся на прыхільнікаў Зянона Пазьняка і ягоных апанэнтаў. За гэты час амаль паўсюдна ўзьнікалі канфлікты:

“Тут чэмпіёнамі зьяўляюцца сацыял-дэмакраты, якія заўжды дзяліліся і засноўвалі кааліцыі — адна супраць адной. Згадваю і Аб’яднаную грамадзянскую партыю 90-х гадоў, калі выключалі з партыі Валерыя Леванеўскага. Не падабаўся ён кіраўніцтву партыі сваёй радыкальнасьцю, і Лябедзька з Дабравольскім езьдзілі ў Горадню разьбірацца. І яго выключылі — спачатку з пасады кіраўніка абласной філіі, а пасьля — і з партыі. У БНФ падобная гісторыя была са спадаром Астроўскім — таксама гарадзенцам”.

Палітоляг Юрась Чавусаў згадвае выключэньне з Партыі БНФ Вячаслава Сіўчыка. І распавядае пра іншыя знакавыя падзеі:

“Ніхто, дарэчы, Пазьняка з партыі не выключаў, заўважце. Яны сышлі самі. Як, дарэчы, і Севярынец з “Маладым фронтам” сышоў сам. Была сытуацыя, калі пэўная групоўка ўжо ня бачыла сваёй будучыні ў гэтай партыі. Альбо было адхіленьне ранейшага старшыні, але не выключэньне.

Можна згадаць лібэрал-дэмакратаў зь іхнай справай Гайдукевіча, спробай “зваліць” яго, калі ў рэшце рэшт усё вырашала міністэрства юстыцыі. Дый у сацыял-дэмакратаў апошняе слова заставалася за Мін’юстам”.

Абодва палітолягі кажуць: выключэньню з партыі Алеся Міхалевіча ня варта надаваць значнай вагі. Але тлумачаць яны сваю пазыцыю па-рознаму. Уладзімер Мацкевіч спасылаецца на нізкі рэйтынг палітычных партыяў:

“Пры той неўплывовасьці, пры той нязначнай ролі, якую адыгрываюць сёньня партыі, наагул ня стаў бы вылучаць нешта адметнае ў гэтай падзеі. Іншая справа, што тут асабістыя характарыстыкі вельмі значную ролю адыгрываюць. Таму што Міхалевіч — вельмі цікавая фігура на тле іншых пэрсанажаў з Народнага Фронту. Ён — адзіны чалавек, прынамсі з тых, каго я ведаю, які сапраўды хоча і прагне ўлады. Усе астатнія могуць паспрачацца за першынство — стаць першымі ў пэўным асяродку, у пэўнай арганізацыі, у пэўнай структурцы”.

А Юрась Чавусаў лічыць, што размова ідзе пра звычайную барацьбу за ўладу ў межах адной партыі:

“Усім вядома, што электарат, у тым ліку і партыйны, любіць пакрыўджаных. І ў гэтай сытуацыі спадар Міхалевіч выглядае ахвярай з боку так званай партыйнай намэнклятуры. Гэта зьвязана зь ягоным намерам балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі ад Партыі БНФ. І, я думаю, гэта надае пэўныя плюсы ягонаму іміджу.

Міхалевіч не паліваў брудам у сваёй прамове на Сойме тых, хто яго выключаў з партыі. Наадварот, ён казаў, што ня бачыць сваёй палітычнай пэрспэктывы нідзе, акрамя як у Партыі БНФ. Таму, я думаю, мы яшчэ вернемся да пытаньня вяртаньня ў партыю спадара Міхалевіча. Мы маем месца з барацьбой унутры партыі, якая ўключае ў сябе і вось такія жорсткія дысцыплінарныя захады”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG